Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Няхай бы Аляксандра Рыгоравіча запрасілі ў Брусэль без усялякіх прыніжальных умоў....”


Валянцін Жданко, Менск Эфір 1 сьнежня 2007 году

На мінулым тыдні прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва Эўразьвязу ў тым, што яно нібыта не жадае нармалізацыі дачыненьняў зь Беларусьсю. Умовы, якія вылучае Менску Брусэль, беларускі кіраўнік назваў непрымальнымі.

Пра тое, чаму Беларусь апынулася па-за працэсам эўрапейскай інтэграцыі, разважаюць у сваіх лістах на Свабоду многія нашы слухачы. Аўтар аднаго з допісаў на гэту тэму – Алег Лышкевіч з Капыльскага раёну. Ён піша:

“Чаму Эўразьвяз ня хоча сесьці за стол перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам без усялякіх папярэдніх умоў? Няўжо так цяжка выканаць гэту просьбу прэзыдэнта незалежнай дзяржавы? Няхай бы забылі брусэльскія чыноўнікі пра гэтыя прыніжальныя для Беларусі 12 пунктаў, запрасілі Аляксандра Рыгоравіча да сябе ў Брусэль, пагаварылі зь ім на роўных – і многія праблемы, я упэўнены, былі б вырашаны.

А на іншых умовах, я перакананы, наш Лукашэнка гаварыць зь імі ня будзе. Ён сваю слабасьць не пакажа. Альбо – раўнапраўныя партнэры, альбо – ніякага дыялёгу. Паглядзім, як яны абыдуцца без Беларусі – краіны, што разьмешчана ў цэнтры Эўропы. Няхай не забываюць, што самая кароткая дарога на Маскву з Парыжа, Бэрліна, Варшавы пралягае праз нашу тэрыторыю”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алег Лышкевіч з Капыльскага раёну.

І што беларуская ўлада можа зрабіць з гэтай самай кароткай дарогай на Маскву, спадар Лышкевіч? Загарадзіць шлагбаўмамі і прымусіць аб’яжджаць альбо будаваць трубаправоды ў абыход беларускіх межаў? Дарогі прыносяць прыбытак не тады, калі іх абмінаюць, а тады, калі па іх езьдзяць. Аднаго разу беларускае кіраўніцтва ўжо паспрабавала шантажаваць Маскву газавым вэнтылем. Што з таго атрымалася? Расея сёньня пракладвае новы газаправод па дну Балтыйскага мора. Менск якія толькі льготы не абяцае Маскве, каб тая не адмаўлялася ад праекту другой ніткі газаправоду Ямал-Эўропа праз беларускую тэрыторыю. Але абяцаньні ўжо не дапамагаюць.

Умовы, якія прапануе Эўразьвяз – зусім не прыніжальныя для Менску. Адсутнасьць палітвязьняў, свабода сродкаў масавай інфармацыі, дэмакратычная выбарчая сыстэма – гэта звыклыя атрыбуты любой краіны Эўразьвязу. Зь лідэрам, які не прызнае гэтых стандартаў і адкрыта ігнаруе іх, сядаць за адзін стол эўрапейскія прэзыдэнты не жадаюць. Беларусь – краіна не тае эканамічнай магутнасьці і не таго палітычнага ўплыву, каб магла ў гэтай справе дыктаваць сваю волю іншым.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў даслаў новы ліст, у якім працягвае крытыкаваць дэмакратычную апазыцыю за яе лёзунгі абароны нацыянальнай мовы і культуры. Слухач піша:

“Народу цяпер трэба тлумачыць карысьць рынку і дэмакратыі, а не сяброўства ў Эўразьвязе і беларускай мовы. Рынак і дэмакратыя цяпер – ня толькі ў Эўразьвязе. А добрае паўнавартаснае жыцьцё ў сувэрэннай Беларусі цалкам можа абслугоўвацца расейскай мовай.

Беларуская дэмакратыя проста абавязана зрабіць высновы і карэнным чынам зьмяніцца ідэалягічна. Трэба выкінуць усё, што ставіць на шлях барацьбы з расейскакультурнасьцю ўнутры сябе. Трэба проста быць расейскамоўнымі эўрапейцамі. Усе этапы адраджэньняў на ўсходзе Эўропы скончыліся. Неабходна на хаду ствараць новую культуру на мове, зразумелай народу.

Цяпер важней ня беларускія творы ад Багушэвіча да Барадуліна, а свае сэрыялы на расейскай мове па тэлебачаньні – пра жыцьцё ўсіх слаёў насельніцтва ў Менску і буйных гарадах. Старыя мадэлі суседзяў у новых умовах не спрацоўваюць і не спрацуюць. Патэнцыял антырасейскай ідэі беларусізацыі – найбольш 10 працэнтаў насельніцтва. Вузкія беларусізатары-інтэлігенты з маргіналаў штурхаюць абывацеля да Лукашэнкі”,–

– гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Тое, што Вы, спадар Марціновіч, называеце “новай культурай на мове, зразумелай народу”, у Беларусі ўжо ствараецца на працягу прынамсі 13-ці апошніх гадоў. Расейскамоўныя тэлесэрыялы і кінафільмы, расейскамоўная эстрада, расейскамоўнае тэлебачаньне і радыё, расейскамоўныя раманы, аповесьці і паэмы… На гэта скіраваная і дзяржаўная палітыка, і бюджэтныя грошы. І што ж у выніку? Ці ўзьняўся хоць адзін з плоймы новых расейскамоўных поп-выканаўцаў да ўзроўню “Песьняроў”? Ці ведаюць хоць аднаго расейскамоўнага беларускага пісьменьніка (няхай не ў сьвеце – хоць бы ў Расеі) гэтак жа, як ведаюць Васіля Быкава?

Праблема масавага алькагалізму, асабліва ў моладзевым асяродзьдзі, непакоіць нашага слухача Ігара Пастнова – дзіцячага доктара зь Віцебску. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

“На маіх вачах сьпіваецца цэлае пакаленьне. Прычым, пачало яно менавіта зь піва і “джын-тонікаў” – слабаалькагольных напояў. Вельмі паспрыяла гэтаму тая нахабная рэкляма піва, якая пануе на БТ. Сябраваць, працаваць і падвышаць настрой там заклікаюць толькі з півам. Я як дзіцячы доктар не магу маўчаць. Напісаў звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта, старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Рыхтую пакет дакумэнтаў з апошнімі навуковымі манаграфіямі ў КГБ. Справа сур’ёзная. Гэта, вядома, не кампрамат на апазыцыю, але насамрэч праблема стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Няўжо нікога не навучыла трагедыя на Нямізе восем год таму? На сьвяце піва загінулі дзеці, адурманеныя алькаголем: яны затапталі адзін аднаго ў вузкім пераходзе. Бог нас тады папярэджваў. Пакуль што ў атачэньні прэзыдэнта перамагае піўное лобі. Вось чаму цяжка дамагчыся чаго-небудзь у гэтым пытаньні. Як можна заклікаць нараджаць як мага больш – і адначасова спойваць падлеткаў, ператвараць у алькаголікаў і дэградантаў дзеля прыбыткаў піваварняў? Упэўнены, што гэтыя словы пачуюць і спэцслужбы. Можа, дакладуць прэзыдэнту, што яго ўводзяць у зман з тэмай культуры спажываньня піва? Я, як і раней, веру, што прэзыдэнт у нас добры, але яму ня ўсё паведамляюць, уводзяць у зман”,

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ігар Пастноў зь Віцебску.

Урадавыя чыноўнікі ў Беларусі як пра эканамічнае дасягненьне, дакладваюць прэзыдэнту пра тое, што спажываньне піва ў краіне апошнім часам штогод павялічваецца ўдвая. Тое, што такімі ж тэмпамі расьце алькагалізм, не афішуецца. У суседняй Польшчы яшчэ дзесяць год таму забаранілі піць піва на вуліцы, у іншых грамадзкіх месцах. За парушэньне – вялізны штраф. У Беларусі ж падлетка зь піўной бутэлькай у руках у любы час сутак можна сустрэць ля школы, у парку, на вуліцы, нават у грамадзкім транспарце. Продаж піва – на кожным рагу, рэкляма – на ўсіх беларускіх тэлеканалах, на вуліцах і плошчах, спажываньне піва – у любым месцы…І нягледзячы на тое, што міліцыя ўжо ня першы год просіць увесьці абмежаваньні накшталт тых, што дзейнічаюць у суседніх краінах, улада гэтыя просьбы ў асноўным ігнаруе. Напэўна, найперш непакоіцца пра тое, каб ня зьнізіліся тэмпы росту вытворчасьці піва.

На заканчэньне – ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач паведамляе пра нядаўні сход таварыства інвалідаў, на якім абмяркоўвалі тэму сацыяльных ільготаў, што будуць адменены ў Беларусі з сярэдзіны сьнежня. Павал Сац з нагоды пачутага на гэтым сходзе піша:

“Прадстаўнік таварыства патлумачыў, якія льготы адменяць. У такіх, як я, інвалідаў 3-й групы больш ня будзе 50-працэнтнай зьніжкі на лекі і на праезд у прыгарадным і гарадзкім транспарце. З 17-га сьнежня за ўсё давядзецца плаціць цалкам. На сходзе ніхто нават слова супраць не сказаў – усе маўчалі. Што ж, думаю, правільна яны галасавалі, няхай цяпер падзякуюць за клопат. А ўлада за грошы інвалідаў, можа, яшчэ адзін ракетны комплекс купіць.

Асабіста я ўжо сплянаваў, як здабыць больш танныя лекі. Украінскае Ратна – побач, а там – ажно 6 аптэк, і цэны ніжэй, чым у нас. Для мяне атрымаецца амаль так, як было па льготах. А вось што рабіць тым, хто такой магчымасьці ня мае?

Нам таксама абвясьцілі, што рыхтуюцца зьмены ў закон аб пэнсіях. Плянуюць падвысіць пэнсійны ўзрост, адмяніць пэнсіі тым пэнсіянэрам, якія працуюць. З аднаго боку, можа, гэта і правільна: моладзь праз гэтых пэнсіянэраў часам ня можа ўладкавацца на працу. А ўвогуле, перажылі Сталіна, Хрушчова і Брэжнева – перажывем і Лукашэнку. Асабіста я – аптыміст і спадзяюся толькі на ўласныя сілы”,

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Гісторыя з адменай ільготаў, верагодна, магла мець іншы фінал, калі б Сацыяльны марш у Менску месяц таму быў па-сапраўднаму масавым, калі б на вуліцу выйшлі ня некалькі сотняў, а дзесяткі і сотні тысяч пэнсіянэраў, інвалідаў, студэнтаў, якія непасрэдна пацерпяць ад ліквідацыі сыстэмы льгот. Але пратэставаць большасьць не наважылася. І ўлада палічыла гэта маўклівай згодай са сваімі дзеяньнямі. Відавочна, у яе былі падставы гэтак лічыць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG