Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартыралёг “Свабоды”: Янка Вярсоцкі


Радыё Свабода Сто імёнаў, сто лёсаў, сто дзён

ВЯРСОЦКІ Янка (17.2.1888, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ. -- 22.12.1937, Алма-Ата, НКВД), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч. У 1904-08 вучыўся ў Ашмянскай гарадзкой 3-кл. вучэльні. 6.4.1909 пасьпяхова здаў іспыт на званьне аптэкарскага вучня пры экзамэнацыйнай камісіі Пецярбурскай навучальнай акругі. У 1910-15 вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пецярбургу. Падчас вучобы наведваў культурна-асьветны гурток бел. студэнтаў-клерыкаў. У 1915 пасьвечаны ў сьвятары. Служыў вікарыем парафіяў сьв. Тройцы ў Менску і Смаленску. Удзельнік 1-га зьезду беларускага каталіцкага духавенства (Менск, 24-25.5.1917). Член Саюзу ксяндзоў-беларусаў. З 1919 адміністратар парафіі Забелы Дрыса-Себескага дэканату Віцебскай губ. 8.8.1927 арыштаваны ОГПУ. Прысуджаны да 3 гадоў лягераў. З 1.1.1928 -- на Салаўках. Пасьля сканчэньня тэрміну зьняволеньня зноў арыштаваны і высланы ў Алма-Ату (Казахстан). У высылцы арыштаваны чарговы раз; 11.12.1937 прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны ў турме НКВД. Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917--1937: Martyrologium. -- Lublin, 1998; Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. -- Vilnia, 1939. (Крыніца: Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы 1794—1991)

***

Ад 1 верасьня на сайце “Мартыралёг Беларусі” друкуюцца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў - усяго каля 60 тысячаў імёнаў людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня – Усясьветнага дня правоў чалавека – у эфіры “Свабоды” мы узгадваем адно імя, успамінаем пра адно жыцьцё, расказваем пра адзін лёс з сотняў тысячаў, абарваных камуністычным рэжымам.

Сьпісы ахвяраў - на сайце martyraloh.org - даступныя праз сайт svaboda.org.
XS
SM
MD
LG