Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: "Закрываючы нашае выданьне, улада гэтак жадае правучыць іншыя дэмакратычныя СМІ"


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 30 лістапада ў розныя гады мінулага.

“Известия Мозырского Совета...” ў 1917 годзе знаёмяць з вынікамі выбараў ва Ўстаноўчы Сход у Мазыры: “Аб’яднаная Гарбрэйскай Сацыялістычная Рабочая Партыя — 194 чалавекі, Габрэйскі Нацыянальны Выбарчы Камітэт — 996, Саюз Земляробаў Менскай Губэрні — 32, Расейская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя Бунд-Меншавікі — 890, Партыя Народнай Свабоды — 155, Польскі Выбарчы Камітэт — 112, Расейская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя-Бальшавікі — 173, Габрэйская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя “Поалей-Цыён” — 3, Расейская Дэмакратычная Партыя —82, Блёк Партыя Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў з Саветам Сялянскіх Дэпутатаў — 92, Беларуская Сацыялістычная Грамада — 1. Разам галасавалі 2730”.

Падчас падрыхтоўкі да выбараў у Вярхоўны Савет СССР “ЛіМ” у 1937 годзе піша: “Калі ў нас у радзе месц кандыдаты здымаюць свае імёны на карысць аднаго кандыдата — гэта з’яўляецца вынікам іх соцыяльнага родства і агульнасці іх палітычных мэт. Дзесяткі і сотні тысяч выбаршчыкаў пасля грунтоўнага абмеркавання сышліся на адным кандыдату. Гэта і ёсць адзнака соцыялізма, адзнака таго, што ў працоўных мас няма і не можа быць унутраных супярэчнасцей... якія ёсць унутры буржуазнага грамадства”.

“Свободные новости”, год 1997. З нагоды закрыцьця газэты “Свабода” яе галоўны рэдактар І.Гермянчук выказваецца: “Судзьдзі Вышэйшага Гаспадарчага Суду Маі Клімянковай спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб вырашыць лёс газэты і яе чытачоў, не задаволіўшы пры гэтым аніводнага законнага хадайніцтва рэдакцыі... Зрабілася ўжо “агульным месцам”, што ў рэспубліцы адбыўся дзяржаўны пераварот, што цяперашнія падзеі нагадваюць 37-мы год і інш. Пытаньне трэба разглядаць зь іншага гледзішча: закрываючы нашае выданьне, улада гэтак жадае правучыць іншыя дэмакратычныя СМІ, паставіўшы іх у рабскую залежнасьць ад рэжыму”.
XS
SM
MD
LG