Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верамейкі: “Вакол усё развальваецца, цягнуць...”


Віталь Сямашка, Верамейкі, Чэрыкаўскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Становішча ў Верамейках ацэньваюць як “прыхаваны выбух”. Улетку тутэйшыя жыхары двойчы перакрывалі дарогу ў вёску непажаданым гасьцям з Магілёва.

Былі шматлікія скаргі ў інстанцыі. Сходы, на якія прыяжджалі высокапастаўленыя чыноўнікі. Жонка былога дырэктара сьвінакомплексу Валянціна Івіцкая мне нават сказала са злосьцю:

Івіцкая: “Дый не дадуць вам напісаць!”

Сытуацыю з аграгарадком у незалежным друку называюць узорна-паказальнай са знакам мінус.

Напачатку “зазірнем у глыбіню вякоў”, як іранічна сказаў мне тутэйшы краязнаўца, настаўнік Віктар Лукашэнка. Ён паведаміў, што тутэйшыя традыцыі сьвінагадоўлі паходзяць зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя, калі ўзьнікла паселішча.

Лукашэнка: “Былі два кірмашы ў Верамейках, дзе прадавалі толькі сьвіней! Мы знайшлі рэцэпты страваў, якія толькі тут распрацоўвалі. Ёсьць асаблівасьці захоўваньня сала цягам доўгага пэрыяду — у зямлі з дапамогай гародніны. Сьвінства ў нас было заўжды! (Сьмяецца.)”

У сярэдзіне 80-х мінулага стагодзьдзя ў Верамейках збудавалі, згодна з савецкай гігантаманіяй, сьвінакомплекс аж на 54 тысячы галоваў. Прынцып вырошчваньня парсючкоў быў просты — за восем месяцаў давесьці вагу кожнага да 112 кіляграмаў. Яшчэ дзесяцігодзьдзе таму адсюль здавалі да 5 тысяч тон мяса за год. Тут працавалі амаль усе насельнікі больш чым паўтаратысячнай вёскі.

Плюсы ды мінусы ацэньвае былы дырэктар Віктар Странчанка. Ён адзін з заснавальнікаў, ачольваў комплекс да пачатку 1990-х.

Странчанка: “Асаблівасьць італьянскай тэхналёгіі — да трыццаці дзён утрымліваць сьвінаматку, як апарасілася, індывідуальна. Гэта давала высокі адсотак плоднасьці — і восем, і дзесяць-дванаццаць парсючкоў. Гэта быў рэвалюцыйны крок у сьвінагадоўлі Беларусі.

Вялікі недахоп — прадугледжаная сплаўная сыстэма, што зьбірае гной з усіх васямнацацці будынкаў і ўсё зьліваецца ў агульныя сажалкі-накапляльнікі, а тады на палеткі. Бо ідуць стокі, забруджаныя хімікатамі, што адбіваецца на якасьці прадукцыі...”

Квітненьне гаспадаркі спыніла бюракратыя. У 1986-м, паводле пастановы ЦК КПБ, сьвінакомплексу гвалтам далі 1000 гектараў зямлі — нібыта для вырошчваньня кармоў. Але бяз тэхнікі ды ўгнаеньняў. Пры гэтым гаспадарка траціла самастойнасьць, станавілася пятай фэрмай саўгасу “Ўдарнік”.

Гэта быў пачатак краху, кажа спадар Странчанка.

Странчанка: “Пайшло раскраданьне тэхнікі, будматэрыялаў, запчастак. Увесь камбікорм быў ужо на складах саўгасу. Мяса пайшло налева — рэалізацыяй займаўся саўгас “Ударнік”.

На пачатку стагодзьдзя з-за парушэньняў тэхналёгіі, кадравых зьменаў, а таксама падаражэньня камбікармоў ды энэрганосьбітаў вытворчасьць мяса зьменшылася ўдвая. “Ударнік” збанкрутаваў, пакінуўшы ўзьнікламу саўгасу-камбінату “Сьветлы” паўмільярда даўгоў.

У такіх варунках і паўстаў летась у Верамейках аграгарадок. Новае кіраўніцтва прапанавала перадаць сьвінакомплекс Магілёўскаму камбінату сельгаспрадуктаў, cкараціўшы кадры, і сёлета пазбавіла работнікаў дапамогі і льготаў. Гэта й спарадзіла выбух.

Расказвае трыццацігадовы лідэр стыхійнага страйкаму, сябра БСДГ “Грамада”, цяпер былы работнік комплексу Раман Раждзесьцьвенскі.

Раждзесьцьвенскі: “Нам стала вядома, што зь пяцісот рабочых павінна было застацца пяцьдзясят. Матывавалі, што прадпрыемства можа працаваць зь меншай колькасьцю людзей. Гэта няпраўда — бо як яны плянавалі скараціць ачышчальныя збудаваньні на 30 тысяч галоваў, магла быць для раёну экалягічная катастрофа”.

Кожны чацьверты, толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, у вёсцы быў беспрацоўны. Раман працягвае:

Раждзесьцьвенскі: “Ніхто не паклапаціўся мадэрнізаваць тое, што было, забясьпечыць насельнікаў працоўнымі месцамі. Зьвярнуліся ў выканкам. Прыяжджала Марыя Шангельская, намесьніца старшыні — маўляў, ёсьць магчымасьць уладкавацца ў Чэрыкаве, хоць квіток туды і назад каштуе 5 тысяч. Чэрыкаўская раёнка надрукавала вакансіі — балетмайстар, анэстэзіёляг”.

Гэта ў тыя дні верамейцы арганізавалі сталае дзяжурства на дарозе, каб перакрыць уезд дырэктару Магілёўскага камбінату хлебапрадуктаў Іванову, кажа суразмоўца.

Раждзесьцьвенскі: “Для іх комплексы — рынак збыту. Кармы абласная вэртыкаль прымушае купляць у Магілёве. Іваноў ніяк ня мог зразумець, чаго бунтуем: “Я ўжо звольніў дзевяцьсот чалавек!” Хоць знайсьці працу ў вёсцы немагчыма. Гэта аўтаматычна прымушае людзей зьяжджаць адсюль на заробкі ў “братэрскую” Расею, якая прымае нас як рабочае быдла”.

Раман ведае, пра што гаворыць, сам быў ледзь не забіты пры разьліку ў Адзінцове, што пад Масквой, куды некалі падаўся ў заробкі.

Тым часам адміністрацыя зьмяніла тактыку. У размове са мной дырэктар сьвінакомплексу Анатоль Капашылаў нібыта сьвяткаваў перамогу.

“Рост вытворчасьці 123%. У мінулым годзе 30 тысяч пагалоўе, сёньня ў мяне 39 тысяч. 421 тысяча заробак. Даўгі — з 14 мільярдаў у мяне засталося тры. Вы ж ня слухаеце кіраўніка, а слухаеце нелегальную газэту і нефармалаў!”

За сытуацыяй назірала тутэйшая карэспандэнтка газэты “Вольны горад” Людміла Шарабурка.

Шарабурка: “Вельмі хітра: спачатку скароцім аўтобус для рабочых з Чэрыкава, іншым не працягнем кантракту. Пасьля — адмена пяці-шасьці кіляграмаў мяса, што давалі рабочым, затрымка і скарачэньне заробку. І людзі сталі звальняцца. Нікога ня бралі. І сусед выконваў працу і сваю, і іншага за тыя ж грошы. Ня хочаце — на асфальце лавіце папутку...”

Апошнім часам, кажуць мае суразмоўцы, на сьвінакомплексе відавочна пачаў квітнець крымінал.

Шарабурка: “Сталі прыяжджаць фуры на забой быдла — восемдзесят галоваў, звозяць мяса без дакумэнтаў. Кажуць, вязуць у Расею. І ніхто нічога сказаць ня можа — пойдзеш “за асфальт”. Ноччу крадуць дзесяць сьвіней, трыццаць кіляграмаў кожная, якія рыхтаваліся ў групу адкорму. Прычым яны віск мусілі падняць, а тут ніхто ня чуў — выходзіць, уколы зрабілі.

Дзеля прыліку звольнілі двух хлопчыкаў, што працавалі на КПП на ўезьдзе. Памянялі начальнікаў — Кальмаева на Капашылава. Прыйшоў з абяцанкамі — вы маеце рацыю, да вас дрэнна ставяцца. А сам пабудаваў саўну, новы гараж. А першая ягоная пакупка — новая “Ніва-шэўрале”, на якой лётаюць ён сам і ягоная жонка па ўсім раёне.

Пасьля “Ніву” для агранома, які меў “Уазік”, аўто для заўгара — калі не было за што карміць сьвіней, выплачваць заробкі”.

Раман: “Клясычная сытуацыя: вакол усё развальваецца, цягнуць. Старшыня райвыканкаму Кадаценка кажа: “Я ж ня сьледчы, што я магу зрабіць?” Міліцыя: “Давайце лічбы, факты”.

Ясна адно: ня зьменіцца палітыка да гаспадаркі, так яе хутка ня будзе. Мне часьцяком прыходзіць на памяць сюжэт фільму “Спрут”. Там мафія змагалася зь дзяржавай. У нас яны даўно аб’ядналіся”.

* * *

Заняпала ў Верамейках і мясцовая “сацыялка”. 51-гадовую супрацоўніцу службы сацыяльнай аховы спадарыню Пянькоўскую лічаць тут праваабаронцай.

Яна няўрымсьлівая — ніякае бязладзьдзе не схаваецца ад яе. Кажуць, што толькі пры зьяўленьні кабеты чыноўнікі ўцякаюць — Тамара Міхайлаўна словаў не выбірае.

Пянькоўская: “Аграгарадкі робяцца не для людзей. На прамзоне ў нас жанчыны, трыццаць-сорак гадоў. Аміячная зона перавышае норму, працуюць уручную — цягаюць на сабе тачкі пяцьдзясят кіляграмаў. У душы бруд, антысанітарыя, вада іржавая. Дахі штогоду рамантуюць, штогоду цякуць. У пад’ездах бруд, вада.

З жыльлёва-камунальнай гаспадаркі прыслалі мне паперу, што заменяць трубы ў 2007-м — як цяклі, так і цякуць. Ацяпленьне да каго даходзіць, да каго не. Робячы гарадок, заклалі грошы на цэмэнтныя паказушныя платы.

Дзяржава дала 3 мільярды рублёў, але ў ЖКГ кажуць, што ні капейчыны не атрымалі. Вынішчаецца ўклад — тры-чатыры гады ў людзей было каля трохсот кароваў, здавалі вядро-другое малака, якое каштуе трыста рублёў за літар, хоць у крамах за тысячу.

Сьмецьце з двароў не вывозіцца два тыдні, выносяць у лес. І гэта не аграгарадок!”

Найбольш стабільна ў Верамейках заўжды існаваў лясгас — лес усюды ў цане. Але апошнім часам і тут звольнілася пяцёра з дваццаці пяці працоўных — заробкі сталі менш за сто даляраў.

Апавядае вартаўнік Дзьмітры Мішура.

Мішура: “Няма грошай у лясьніцтве набыць цьвікі, а плян выконваецца. Куды грошы? Хлопцы і ў сьнег, і ў дождж працуюць, бярвеньні незалежна ад габарытаў складаюць рукамі”.

Спадару Мішуру пяцьдзясят восем. І ён ня толькі сам ведае, які ён — лёс сельскага пэнсіянэра.

Мішура: “Я гутарыў з масай пэнсіянэраў у Верамейках. Дровы вельмі дарагія, 90 тысяч штомесяц трэба. Газ — двацацць пяць. А пакалоць дровы, гарод узараць — ад соткі 2 тысячы бяруць. Як людзі могуць жыць?!”

Між іншым, яшчэ колькі гадоў таму суразмоўца быў загадчыкам клюбу. Я пабываў там і магу пацьвердзіць кожнае яго слова.

Мішура: “Глядзельная заля ўсяго на сто месцаў, а ў Верамейках з навакольлем — да дзьвюх тысяч чалавек. На танцавальную праграму зьбіралася пад чатырыста-пяцьсот. І людзі вымушаныя знаходзіцца на вуліцы. Праводзіць мерапрыемствы ва ўмовах дрэннага надвор’я немагчыма. Сьвята ператвараецца ў пакуту...”

“Не рассталіся б мы з нашым краем, каб было дзеля нас у ім хлеба...” — Багдановічаў радок верамейцы ўспрымаюць даслоўна.

Спадарства: “Калі ўзяў у руку бохан чэрыкаўскага хлеба — можна здымаць пячатку, а на наступны дзень чарсьцьвее. Купіла батон — надта кіслы, а празь дзень ад яго нясьцерпны пах. Чэрыкаўскі камбінат ня ў стане захоўваць муку, яна псуецца. І людзі, што едуць у Расею, Магілёў, Крычаў, вязуць адтуль, у асноўным, хлебныя вырабы”.

Я сустрэўся з уладальніцай адзінай камэрцыйнай крамы — спадарыняй Тацянай Сулімавай.

Карэспандэнт: “Вы ж можаце дрэнны хлеб ня браць?”

Сулімава: “З Магілёва ж забараняе вазіць нам хлеб кіраўніцтва. Былі б рады людзям зрабіць дабро. А людзі прыйдуць — іншага няма”.

Якое, урэшце, выйсьце з сытуацыі? Гэтае пытаньне задаваў, бадай, усім. Краязнаўца Віктар Лукашэнка правёў цікавую гістарычную паралель.

Быкаў: “Да 1917 году Верамейкі дзевяць разоў былі прыватнымі. Памешчыкі сьпіваліся, прайгравалі вёску ў карты, але пасьля дзяржава зноў аддавала ў прыватныя рукі...”

Нефармальны ж лідэр верамейцаў Раман Раждзесьцьвенскі зьбіраецца з аднадумцамі ўпарта стаяць на сваім, бо…

Раман: “Магчымасьць сацыяльнага выбуху ў Верамейках была і захоўваецца, калі дзейнае кіраўніцтва ня зьменіць палітыку да сваіх сялянаў. Нам трэба карміць дзяцей. Ніхто ня можа прадбачыць, на што здольны галодны чалавек, даведзены да краю.

Да тае пары, пакуль працоўныя будуць скардзіцца, вэртыкальшчыкі вымушаныя будуць захоўваць прадпрыемства. Складуць рукі — будзе проста ліквідаванае”.
XS
SM
MD
LG