Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа – 29 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд блогаў і форумаў беларускага інтэрнэту.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ствараць толькі канкурэнтаздольныя на ўсясьветным рынку вытворчасьці. Камэнтары:

“Не патрабаваць, а папросту не замінаць”;

“Вось запатрабаваў, і на – ствараюцца толькі самыя сучасныя вытворчасьці! Як гэта зрабіць – не хвалюе”;

“У нас няма часу на раскачку”, – заўважыў галава дзяржавы. Вядома. Другіх 13-ці гадоў ня будзе”;

“Канкурэнтаздольнасьць ва ўмовах адсутнасьці канкурэнцыі, манапалізму, чынавенскіх капіталаў і 100% увозных мытаў – гэта як мінімум цягне на Нобэлеўскую прэмію па эканоміцы”.

На сайце “Наша Ніва” абмяркоўваюць артыкул газэты “Комсомольская правда” пра групу людзей, якія схаваліся пад зямлёю ў чаканьні канца сьвету. Аўтар артыкулу Мікалай Варсегаў сярод іншага гутарыў зь беларусамі, якія далучыліся да групы пустэльнікаў. Усе беларусы заявілі, што вельмі любяць Аляксандра Лукашэнку і што, калі б ён да іх прыехаў, усе б кінуліся яму ў ногі. Камэнтары:

“Трэба Бульбашы паехаць у пячору ды сарваць канец сьвету. Гэта будзе пачышча дажджу, які ён даваў!”;

“Для Лукашэнкі лепшай навіной было б, каб высьветлілася, што сэктанты выступаюць супраць Лукашэнкі і за беларускую апазыцыю. Які б быў матэрыял для прапаганды!”;

“Паказьнік, аднак. Які ў Лукашэнкі электарат...”

Czyk у сваім блогу месьціць выяву новага герба Менскай вобласьці з артыкулу ў газэце “Звязда”. Аснову герба складае крыху падпраўлены герб колішняй Менскай губэрні Расейскай імпэрыі, у левы верхні кут шчыта новага герба ўстаўлены герб Менску. Камэнтар:

“Трошкі зьменены ў фаташопе акупацыйны расейскі герб Менску. Спадзяюся, аднойчы будзе скасаваны, разам з чырвона-зялёным сьцягам”.

muirchertaig разважае ў сваім дзёньніку пра захады дзяржавы для вытрасаньня грошай з грамадзянаў: “Аказваецца, амністыя ў нас будзе платная. Хочаш выйсьці з турмы па амністыі – заплаці дзяржаве за шкоду, нанесеную пры крадзяжы. Я думала, што ў нас дзейнічае прынцып – адна віна, адна кара. Ані! Мала таго, што людзі перажылі суд, селі ў турму, пасядзелі, зганьбаваныя, дык цяпер яшчэ маюць і заплаціць. Амністыя – гэта дараваньне. Яно можа быць толькі бясплатнае. А так гэта ўжо не амністыя, а закладніцтва з выкупам. Нашыя чыноўнікі страцілі шанец на мадэрнізацыю краіны і эфэктыўную гаспадарку, затое бяруць дробныя грошыкі з усіх – з пэнсіянэраў, зэкаў, студэнтаў. Пра такіх мая цётка кажа: “Дзяруць плеўкі з гаўна”.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG