Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: донараў падтрымала ПАРЭ


Радыё Свабода На зварот аргкамітэту дабрачыннага фонду донараў “Кропля жыцьця” Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы даслала шэраг дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць дачыненьні донараў і донарскіх арганізацыяў зь дзяржавай у краінах Эўразьвязу. Праблема з донарскай крывёй у Магілёве застаецца.

У суправаджальным лісьце сакратар асамблеі Геза Мэзэй выказала ўдзячнасьць ад імя генэральнага сакратара Асамблеі Матэа Сарынаса за ўзьнятыя ў Беларусі праблемы донарства.

Актывісты беларускай донарскай арганізацыі атрымалі рэкамэндацыі, паводле якіх дзейнічае сыстэма донарства ў краінах Эўразьвязу, а таксама эўрапейскія стандарты донарства ды некаторыя іншыя дакуманты..

Старшыня аргкамітэту Ігар Каваленка лічыць ліст з Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы вельмі важным:

“У краінах Эўразьвязу менш праблемаў з донарамі, чым у нас у Беларусі, бо там дзяржава падтрымлівае донараў рознымі сродкамі. У Беларусі наадварот — усе льготы і ўсю падтрымку адмянілі”.

Магілёўскія донары зьвярнуліся ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы пасьля заяваў беларускіх чыноўнікаў, што скасаваньне льготаў донарам — нібыта патрабаваньне Рады Эўропы.

“Як я і меркаваў, Эўразьвяз ніяк ня ціснуў на беларускіх чыноўнікаў, каб яны скасавалі льготы”, — зазначае Ігар Каваленка.

Усе дакумэнты на ангельскай мове — пасьля перакладу донары-актывісты распаўсюдзяць іх у дзяржаўных мэдычных установах.

Тым часам у Магілёве праблемы з донарамі застаюцца. Донары не ідуць здаваць кроў.

Гаворыць галоўны лекар Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві Барыс Гольдэнбэрг:

“Мы цяпер перайшлі да актыўнага пошуку донараў. Выяжджаем у раёны, прадпрыемствы, установы. Выезды на наступны год плянуем рабіць часьцей. Гэты графік узгадняецца з аблвыканкамам і даводзіцца да органаў выканаўчай улады — гэта будзе дзяржаўным заданьнем”.

Льготаў у донараў не засталося, лічыць Барыс Гольдэнбэрг:

“На сёньняшні дзень, калі нічога ня будзе вырашана, то 16-га чысла застануцца толькі, я б сказаў, намінальныя льготы. Льготы на зубапратэзаваньне адмянілі. Пакуль толькі дабаўка да пэнсіі застаецца”.

Паводле Барыса Гольдэнбэрга, у Магілёўскім аблвыканкаме яшчэ няма рашэньня пра бясплатны праезд ганаровым донарам.

Дзяржаўныя прафсаюзы абяцаюць падчас заключэньня калектыўных дамоваў улічваць інтарэсы ганаровых донараў. Ім будуць выплачваць дадатковыя прэміі.

Абяцаюць таксама даваць ганаровым донарам харчовыя і рэчавыя гуманітарныя пакеты.

За аднаразовую здачу крыві донар атрымлівае блізу 70 тысяч рублёў, за здачу плязмы — каля 120 тысяч.

У чэрвені магілёўскія донары праводзілі папераджальны страйк супраць скасаваньня льготаў.

Радыё Свабода

Магілёўскія донары зьвярнуліся ў Раду Эўропы па тлумачэньні, 25.09.2007

Магілёў: Станцыя пераліваньня крыві пачула патрабаваньні донараў, 13.08.2007
XS
SM
MD
LG