Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я спадзяюся, што вытрымаю сёлета пост!”.


Вячаслаў Кулік, Менск Ад 28 лістапада па 6 студзеня будзе доўжыцца Калядны пост у праваслаўных. Ці захоўваюць вернікі ў Беларусі патрабаваньні паста, як выпрабаваньня ў барацьбе з грахом? Адказы мінакоў на гэтае пытаньне наш карэспандэнт Вячаслаў Кулік запісаў на плошчы Свабоды ў Менску.

Спадар: “Для праваслаўных гэта ёсьць поўны пост, доўжыцца 40 дзён. У адпаведнасьці зь запаветамі Ісуса Хрыста, яго цярплівасьцю. Пост – справа добраахвотная. Гэта жаданьне рабіць дабро. Вось і ўсё. Лёгка й проста”.

Юнак: “Я лічу, што патрабаваньні посту распрацоўвалі напачатку Хрысьціянства, як абавязковы для таго часу сродак захоўваньня здароўя. Зараз таксама гэта вельмі добра, калі разумна падыходзіць. А ўсё ж мяркую, што трэба імкнуцца да дасканаласьці не праз пост, а сьвядомасьцю”.

Спадарыня: “Ці цяжка пасьціць? Наадварот! Калі ў цябе ўсё добра, то дзякуеш Богу. Калі дрэнна, то просіш. Толькі гэтым жывеш. Усё, што адбываецца, дзякуй Богу!”.

Спадарыня: “Закон посту: хто жадае – посьціць, хто не жадае – не посьціць”.

Спадарыня: “Я – верніца, але збольшага ў душы. Мажліва, што я ня ўсё выконваю, бо сям’я некалі была ваенная. Але я хрышчоная”.

Спадар: “Мне цяжка сказаць ці я строга выконваю патрабаваньні посту, але, аднак, стараюся”.

Юнак: “Не, патрабаваньні посту не захоўваю. З-за занятасьці не ўдаецца і вельмі цяжкае жыцьцё”.

Спадарыня: “Не, я не захоўваю пост. Я харчуюся так, як атрымліваецца. У час посту магу абмежаваць сябе і ў тлустым харчаваньні. Сачу за сваім харчаваньнем. На мой погляд, гэта не цяжка рабіць”.

Спадар: “Калі адказаць шчыра (а сёньня будзем імкнуцца адыйсьці ад фальшу), то цалкам патрабаваньні посту я не выконваю. Але, у першую чаргу, імкнуся правільна сябе паводзіць. Прытрымліваюся ўнутранага спакою”.

Юнак: “Пост я захоўваю ў тым сэнсе, што праваслаўная царква ім называе. Ня ем мяса і малако. Але пост гэта ня толькі абмежаваньне ў харчаваньні. Пост – духоўная рэч. Ня крыўдзіць сваіх блізкіх і сяброў. Час на тое, каб зь імі прымірыцца. Трэба больш чытаць Стары Запавет і Новы Запавет, каб духоўна ўзвышацца. Я спадзяюся, што вытрымаю сёлета пост!”.
XS
SM
MD
LG