Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея выказвае прэтэнзіі за празьмерныя датацыі і льготы прадпрыемствам


Алесь Дашчынскі, Менск Аляксандар Лукашэнка заявіў, што расейскі бок пэрыядычна зьвяртае ўвагу на празьмерныя датацыі і льготы, якія дае Беларусь сваім вытворчасьцям.

“Сёньня супрацоўнічаючы з Расеяй, яны зьвяртаюць увагу на пытаньні датацыяў і льготаў для нашых прадпрыемстваў. Калі мы і далей ня будзем захоўваць стандарты Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, то нам скажуць:рабіце і ешце самі”, – заявіў А.Лукашэнка, выступаючы на сэмінары кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіраваньня.

Паводле А.Лукашэнкі, расейскі бок выказвае прэтэнзіі ў зьвязку з тым, што прадукцыя расейскіх прадпрыемстваў становіцца неканкурэнтназдольнай параўнальна з аналягічнай беларускай прадукцыяй, дзе прадпрыемствам аказваецца дзяржаўная падтрымка.

А.Лукашэнка сказаў, што нават калі Беларусь ня стане бліжэйшым часам сябрам СГА, усё роўна “яны запатрабуюць ад нас такой жа палітыкі якую праводзяць у сябе”.

А.Лукашэнка заявіў, што трэба дзейнічаць хутка.

“Ніякага адраджэньня малых і сярэдніх гарадоў ня будзе, калі мы будзем працаваць так, як сёлета. Так, ёсьць пэўны рост, але ён, напэўна, забясьпечаны за кош памяншэньня ў іншым сэктары,” – сказаў кіраўнік Беларусі.

Таксама А.Лукашэнка заклікаў больш эфэктыўна скарыстаць перавагі танных энэрганосьбітаў і працоўнай сілы для пасьпяховай канкурэнцыі на сусьветным рынку.

А.Лукашэнка заявіў, што нават калі заробкі вырастуць у два разы, усё адно ў Беларусі будзе пераваага больш таннай працоўнай сілы.

“Бог дапамог, што цэны на нашу традыцыйную прадукцыю падскочылі. Калі мы хочам выжыць, у нас іншага шляху няма, толькі сучасныя вытворчасьці, якія маглі б у роўных умовахканкураваць на сусьветным рынку”, – сказаў А.Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG