Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў. Страх: ад даносаў да супраціву


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Ірына Кашталян. Эфір 29 лістапада 2007 году.

“Падчас перадвыбарчай кампаніі ўлады зафіксавалі шэраг антысавецкіх выказваньняў. Сярод іх:

Жыхар В. вёскі Жабіна Стара-Дубскага сельсавету заявіў: «Прашу ні ў якія сьпісы мяне не запісваць, колькі мне гадоў я вам не скажу і галасаваць ня буду, я без ураду пражыву”...

Жыхарка вёскі Радзеж Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці Ц. у размове з жыхаркай той жа вёскі К. казала: «Выбары, да якіх рыхтуецца Савецкі Саюз, не адбудуцца, бо да новага году тут ужо савецкай улады ня будзе, а будзе зноў польская ўлада. У дадзены момант польскія войскі сканцэнтраваліся ля мяжы і да новага году будзе вайна”...

Жыхар Берасьця М. у размове з латочнікам і ў прысутнасьці сваёй жонкі казаў: «Што гэта за выбары, гэта ўсё дзеля сьмеху, Саветы прызначаюць свайго камуніста, а мы за яго галасуем, а то й бойся, каб ня вывезьлі ў Сыбір”...

Жыхар вёскі Залевалы Сьвіслацкага раёну ў размове з аднавяскоўцам казаў: «Нас бальшавікі будучымі выбарамі ў Вярхоўны савет хочуць падмануць, замест выбараў загоняць у калгасы”...

Жыхарка вёскі Гохі Гарадзенскага раёну ў размове з аднавяскоўцамі заявіла: «Савецкай улады тут усё роўна ня будзе. У калгасах людзі дохнуць з голаду, усе гавораць, што народ не дапусьціць існаваньня гэтай улады”...

7 студзеня 1946 году жыхар вёскі Кодні, ідучы ў вёску Кабцова, сустрэў аднаго невядомага, які заявіў: «Калі хоць адзін чалавек возьме ўдзел у галасаваньні – усіх расстраляем, вёскі спалім”...

Акрамя невядомых, усе згаданыя асобы былі ўзяты пад нагляд, асабліва актыўных антысаветчыкаў арыштавалі і прыцягнулі да адказнасьці”.

Cа звышсакрэтнага спэцданясеньня сакратару ЦК КП(б)Б Кісялёву начальніка памежных войскаў НКВД генэрал-маёра Антонава аб рэагаваньні насельніцтва памежнай паласы на падрыхтоўку да выбараў у Вярхоўны савет СССР 1946 году”.



Вячаслаў Ракіцкі: “Наколькі гэтае данясеньне спэцслужбаў праўдзіва адлюстроўвае рэальнасьць? Ці сапраўды шмат людзей разумелі несправядлівасьць савецкай улады, былі незадаволеныя ёй?”

Ірына Кашталян: “Гэты дакумэнт адлюстроўвае сапраўдныя настроі людзей у Заходняй Беларусі, якія ўспрымалі савецкую ўладу як акупацыйную, расейскую. Пераадоленьне наступстваў вайны абвастрыла ўспрыняцьце насельніцтвам рэчаіснасьці. Пэўная частка людзей была незадаволена ўладай, якая, на іх меркаваньне, недастаткова дапамагала, не зьмякчала сваю палітыку, нягледзячы на перамогу ў вайне. Дакумэнтаў, якія сьведчаць пра такія выпадкі, шмат. Зразумела, што яны знаходзяцца ў архівах КДБ. У асобы сэктар ЦК КПБ яны патрапілі ў выглядзе зводкі рэакцыяў насельніцтва на канкрэтныя палітычныя падзеі – высяленьне людзей з памежнай зоны, выбары ў Вярхоўны Савет, справа лекараў і іншыя. Гэтыя дакумэнты сьведчаць пра розныя ступені незадаволенасьці насельніцтва – ад пасіўнай нязгоды з умовамі жыцьця да пагрозы зьнішчыць савецкія органы ўлады. Прыкладам, жыхар вёскі Юнсечы ў 1947 годзе сказаў аднавяскоўцам, што, калі будуць выбары, дык трэба кінуць гранату ў памяшканьне, дзе галасуюць”.

Ракіцкі: “Чым жа так дапякла савецкая ўлада людзям, што яны былі гатовыя на адкрыты супраціў і ішлі на яго, добра ведаючы моц карнай сыстэмы ў СССР?”

Кашталян: “Супраціў быў выкліканы ў першую чаргу пагрозай рэпрэсіяў для простых людзей, бо значная колькасьць насельніцтва стала патэнцыйнымі ворагамі савецкай улады: з-за супрацоўніцтва зь немцамі, за тое, што жылі на акупаванай тэрыторыі, былі ўзяты ў палон ці зьвезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну, ваявалі ў войсках саюзьнікаў. Для заходнебеларускага рэгіёну супраціў быў абумоўлены і нежаданьнем жыць паводле савецкіх канонаў” .

Ракіцкі: “І ўлада стварае сыстэму страху, запужваньня грамадзтва?”

Кашталян: “Толькі прымусам і страхам можна было забясьпечыць умацаваньне савецкай сыстэмы. Можна прывесьці жахлівы прыклад з Заходняй Беларусі, з успамінаў Кастуся Мысьліўца пра пасьляваенны супраціў на Берасьцейшчыне: «У нашым раёне багата людзей пасадзілі. Уначы цэлымі сем’ямі зьнікалі. Таму людзі моцна падтрымлівалі партызанаў. За гэта і саджалі. Палохалі, пагражалі. Быў такі выпадак. Недзе ў 1949 ці ў 1950 годзе каля вёскі Корсынь, што каля Антопалю, была моцная сутычка партызанаў з НКВДэшнікамі. Загінулі два партызаны. Іх, на жаль, свае не пасьпелі забраць. Тады карнікі прыцягнулі загінулых у Корсынь, сагналі ўсю вёску і на вачах людзей сталі зьдзекавацца з трупаў. Узялі звычайную пілу і давай, як дровы, пілаваць. Аднаго папалам, іншаму галаву адпілілі. Зоркі на грудзёх выразалі. Хацелі, каб прызналіся, чые гэта сваякі». Спалучэньне веры прапагандзе са страхам стала асновай сыстэмы. Была фактычна пабудавана піраміда страху -- страху падначаленых перад начальнікам і ўсіх разам – перад дзяржавай у цэлым, яе апаратам гвалту”.

Ракіцкі: “Гэты страх фармаваў і чалавека з адметнай псыхалёгіяй?”

Кашталян: “Ствараўся савецкі чалавек-канфарміст з рабскай псыхалёгіяй, з жаданымі ўладай рысамі: працалюбствам, аптымізмам, гатоўнасьцю адгукнуцца на заклік партыі, гераічнымі паводзінамі, нягледзячы на цяжкія навакольныя ўмовы. Вынікам – той самы чалавек, якога мы можам назіраць і сёньня, чалавек, які імкнецца назад ў СССР, дзе яму было камфортна ў межах такіх паводзінаў”.

Ракіцкі: “Якія стратэгіі паводзінаў пад уплывам страху былі самымі пашыранымі?”

Кашталян: “Стратэгіі выжываньня, якія выбіралі жыхары БССР, вызначаліся пагрозай выкарыстаньня да іх рэпрэсіўнай палітыкі – ад актыўнага прыстасаваньня да актыўнага супраціву. Пераважала першая, бо на яе дзяржава дастаткова гнутка рэагавала. Распаўсюджаным было напісаньне хадайніцтваў, скаргаў, даносаў. Прыкладамі пасіўнага супраціўленьня былі апатычная праца, пазьбяганьне партыйных актывістаў, уцёкі зь сельскай мясцовасьці. У катэгорыю актыўнага супраціву (антысавецкіх дзеяньняў) патраплялі шматлікія праявы пратэсту, якія выяўляліся ў мірных і гвалтоўных формах: ад чутак, выказваньняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. Самай радыкальнай формай пратэсту насельніцтва стала ўзброеная адзінкавая ці групавая барацьба. Асабліва яна была характэрная для тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе актыўны антысавецкі рух выклікала паўторнае ўвядзеньне савецкай улады пасьля вайны”.

Ракіцкі: “Ад чаго залежала абраньне той ці іншай стратэгіі паводзінаў насельніцтвам? Чаго баяліся простыя людзі?”

Кашталян: “Самым важным для звычайнага чалавека зьяўляецца забесьпячэньне яго індывідуальных жыцьцёвых інтарэсаў. Пакуль яны не парушаліся (а ў савецкай дзяржаве зь яе перавагай калектыўнага гэта часта адбывалася), чалавек паводзіў сябе па-канфармісцку. У адваротным выпадку ён выбіраў свае стратэгіі супраціву, на што істотна ўплывалі псыхалягічныя асаблівасьці асобы і сытуацыя. Людзі атрымоўвалі свае страхі са свайго досьведу, зь сям’і і ад іншых людзей, з якімі яны ўступалі ў камунікацыю. Таму вельмі істотным, пры адсутнасьці дастатковай афіцыйнай інфармацыі пра рэальную сытуацыю ў краіне, быў уплыў чутак, якія прадстаўлялі сабой прыклад канцэнтрацыі масавых страхаў і чаканьняў”.

Ракіцкі: “Улада арганізоўвала гэтыя чуткі?”

Кашталян: “Сапраўды, частку чутак распаўсюджвала ўлада. Тым самым яна хацела даведацца, як народ можа адрэагаваць на нейкія кардынальныя рашэньні, ці выявіць “антысавецкі элемэнт”. Але былі і чуткі, якія сапраўды выказвалі чаканьні насельніцтва, нават катастрафічную сьвядомасьць насельніцтва – чаканьне вайны з Захадам ці чаканьне канца сьвету”.

Ракіцкі: “Хтосьці маўчаў, хтосьці супраціўляўся. Але яшчэ былі і даносчыкі, якіх актыўна скарыстоўвала ўлада. Чаму людзі станавіліся даносчыкамі?”

Кашталян: “Даносчыкі маглі быць у любой установе і арганізацыі, бо даносы ўладам пра злачынныя ўчынкі грамадзянаў, заахвочваліся. Тыя, хто іх рабіў пры сапраўднай веры ў савецкую дзяржаву, лічылі сябе патрыётамі. Іншыя ж праз данос вырашалі кар’ерныя і жыльлёвыя пытаньні, ці помсьцілі камусьці. Некаторая частка тых, хто быў у акупацыі і недзе працаваў на «немцаў», ратаваліся ад суду, рэпрэсіяў, даносячы кампэтэнтным органам патрэбную ім інфармацыю. Выйгравалі часткова абодва бакі. Дзяржава выкарыстоўвала даносы для збору кампрамэтуючай інфармацыі, кантролю за грамадзянамі, службовымі асобамі, а грамадзяне імкнуліся так скарыстаць дзяржаву ў сваіх мэтах. Даносы маглі хутка прынесьці пажаданы вынік, хаця і не гарантаваны”.

Ракіцкі: “Ці розьніліся паводзіны заходняга і ўсходняга беларусаў?”

Кашталян: “Так, яны адрозьніваліся, бо знаходжаньне ўсходняй часткі Беларусі ў СССР было істотна больш працяглым. Рэпрэсіі там пачаліся значна раней. Таму ва ўсходніх абласьцях большасьць насельніцтва адразу ж пасьля вайны абрала актыўнае прыстасаваньне, бо людзі памяталі даваенны тэрор і баяліся яго вяртаньня. У заходніх абласьцях становішча было больш складаным, бо дзяржава толькі пасьля вайны прыступіла да адаптацыі гэтага рэгіёну да савецкага ладу жыцьця. Частцы насельніцтва заходніх абласьцей далі магчымасьць пакінуць СССР як палякам у час абмену насельніцтвам з Польшчай у 1944 – 1946 гадох. Страх рэпрэсіяў стаў асноўнай прычынай, якая вымусіла людзей «галасаваць нагамі». З тымі, хто ня зьехаў і быў неляяльным да савецкіх уладаў, разьбіраліся жорстка. Змаганьне з антысавецкім супрацівам фактычна вылілася ў грамадзянскую вайну ў Заходняй Беларусі, дзе былі праведзены тысячы чэкісцка-вайсковых апеэрацыяў, арыштаў і забойстваў, судоў, а таксама гвалтоўная калектывізацыя. Савецкая ўлада канчаткова ўмацавалася ў дадзеным рэгіёне, а далейшае супраціўленьне фактычна выяўлялася ў барацьбе адзінкавых груп і асобных людзей, што не ўплывала на агульны малюнак зьдзяйсьненьня ўнутранай палітыкі СССР”.

Ракіцкі: “Калі людзі ішлі на супраціў, значыць сыстэма страху была не такой ужо і дасканалай. Людзі імкнуліся пазбавіцца страху. Значыць, было нешта больш высокае для іх, чым страх?”

Кашталян: “Хутчэй людзі хацелі пазбавіцца пастаяннага адчуваньня страху. Страх рэпрэсіяў адыгрываў мабілізуючую функцыю, але чалавек ішоў на актыўную форму пратэсту менавіта тады, калі не заставалася іншага выйсьця. Толькі ва ўмовах надзвычайных абставінаў беларускі селянін-уласьнік мог кінуць сваю гаспадарку і пайсьці змагацца. Ня ўсе тыя, хто быў змушаны знаходзіцца на нелегальным становішчы, далучаліся да атрадаў супраціву. Многія проста хаваліся. Незалежна ад нацыянальных мэтаў, пастаўленых арганізатарамі антысавецкага падпольля, асноўнай прычынай зыходу туды мужчынаў было імкненьне да належнага ўзроўню жыцьця, захаваньня сям’і і маёмасьці, а таксама пазбаўленьня пагрозы рэпрэсіяў у штодзённым жыцьці. Баючыся рэпрэсіяў, толькі частка людзей, часьцей схавана, дапамагала «ворагам народа». Здаралася па-рознаму: хтосьці, рызыкуючы кар’ерай, а часам жыцьцём, абараняў незнаёмага чалавека, а хтосьці публічна выракаўся блізкіх”.

Ракіцкі: “Якія наступствы мела працяглае насаджэньне ў грамадзтве страху?”

Кашталян: “Гэта не магло не адбіцца на лёсах цэлых пакаленьняў. Немагчыма падлічыць усе страты ад такой палітыкі. Доўгае знаходжаньне ў страху магчымага пакараньня з прычыны імкненьня ўлады задушыць усе праявы іншадумства паўплывала на тое, што ва ўсіх тых, хто нарадзіўся да 1953 году, дасюль жывы страх рэпрэсіяў. Зьмена псыхалёгіі людзей праз навязваньне пастаяннага страху адаб’ецца на жыцьці 5-6 пакаленьняў. Калі б афіцыйна рэпрэсіі савецкага часу не апраўдваліся, дык наступствы былі б больш мяккімі. Прыклад гэтаму нярэдкае ўжываньне характарыстыкі савецкага часу: «Раней людзі баяліся, таму і парадак быў». Цяперашняе адмаўленьне ўлады прызнаваць факт масавасьці і несправядлівасьці рэпрэсіяў, паказвае, што няма ніякай гарантыі, што страх рэпрэсіяў для пераважнай колькасьці грамадзтва ня вернецца зноў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG