Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкая пракуратура высьвятляе прозьвішчы ўдзельнікаў акцый


Любоў Лунёва, Менск Пашырыўся сьпіс крымінальных спраў супраць актывістаў “Маладога фронту”. Гэтым разам пад перасьлед трапіла студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Кацярына Салаўёва. Пракуратура вядзе сьледзтва паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – зьнявага дзяржаўнага сьцягу і ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Кацярына Салаўёва на час сьледзтва будзе знаходзіцца на волі. Дзяўчына некалькі гадзін адказвала на пытаньні сьледчых у крымінальнай справе, якую распачалі за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў і за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Нагадаю, што ўначы на 31 кастрычніка невядомыя сарвалі дзяржаўны сьцяг, які быў замацаваны на будынку полацкай пракуратуры, аблілі яго бэнзінам і парэзалі на палоскі. Пасьля гэтага рэшткі сьцяга замацавалі на дзьвярах пракуратуры. 26 лістапада ў Полацку з’явіліся графіці: “Нас не спыніць!”, “Жыве Беларусь!” ды іншыя.

Супрацоўнікі міліцыі і КДБ зрабілі ператрус ў пакоі студэнцкага інтэрнату, дзе жыве Кацярына. Яны забралі некалькі ўлётак і ўсе носьбіты інфармацыі. Трое сутак сьледчыя трымалі ў сябе мабільны тэлефон дзяўчыны. Сьледчыя патрабавалі назваць прозьвішчы ўдзельнікаў акцый.

Кацярына Салаўёва, студэнтка другога курсу гісторыка-філязофскага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта за сваю грамадзкую пазыцыю ўжо мела праблемы на вучобе.

Кацярына апавяла “Свабодзе”:

“Што тычыцца мяне, то мяне ўжо некалькі разоў затрымлівалі за ўдзел у апазыцыйных акцыях, якія адбываліся ў Полацку. Канешне, былі й пэўныя праблемы з вучобай. Ціснулі і на мяне, на куратараў і выкладчыкаў...”.

Днямі на Гомельшчыне пракуратура спыніла крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі супраць некалькіх актывістаў “Маладога фронту”.

Павал Севярынец лічыць, што крымінальная справа супраць Кацярыны Салаўёвай ёсьць заканамернай з’явай у сёньняшніх адносінах улады да моладзевых арганізацый:

“Улада тупа і неяк бессэнсоўна б’ецца, як ілбом аб сьцяну, калі распачынае які ўжо чарговы дзясятак крымінальных спраў. Мне падаецца, што гэта сродак узьдзеяньня на Эўропу, пакуль ідуць перамовы. Маўляў, паглядзіце, калі мы з вамі дамаўляемся, крымінальныя справы спыняем. Але паралельна ў іншым рэгіёне, пачынаецца новая істэрыка, новыя крымінальныя справы, новы палітычны перасьлед”.

Калі справа дойдзе да суду, Кацярыне Салаўёвай пагражае штраф, альбо зьняволеньне.

• Новая крымінальная справа супраць актывісткі “Маладога фронту”, 28.11.2007 • Полацак: чарговае затрыманьне за графіці”, 27.11.2007
XS
SM
MD
LG