Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Купава: “Настолькі плённага зьезду на маёй памяці яшчэ не было”


Юлія Рымашэўская, Менск Учора ў часе ХІХ зьезду Беларускага саюзу мастакоў абраны новы старшыня творчага аб''яднаньня. Ім стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімер Савіч. Ён атрымаў 104 галасы, 102 галасы было за Аляксандра Дранца – ляўрэата Дзяржаўнай прэміі, аўтара помніка Францішку Скарыну перад Нацыянальнай бібліятэкай у Менску.

На думку Міколы Купавы, сябры творчай суполкі "Пагоня" Беларускага саюзу мастакоў, адна з адметнасьцяў абранага старшыні саюзу Уладзімера Савіча – адданасьць нацыянальнай ідэі. А яшчэ – рэалістычная праграма. Мікола Купава сьцьвярджае, што настолькі плённага зьезду на яго памяці не было:

«Шмат прапановаў унесьлі ў агульную рэзалюцыю. Што тычыцца расцэнак на творы мастацтва – бо яны сьмехатворныя сёньня зусім; павелічэньня пэнсіяў... Прапанавалі распачаць рэстаўрацыю-рэканструкцыю Дома Ваньковіча ў Сьляпянцы, якія цяпер папросту стаіць без гаспадара, і гэткі самы дом стаіць такога ж клясыка нашага мастацтва, Альфрэда Ромэра,– у Каралінаве Пастаўскага раёну. Ну і, ведаючы, наколькі цяжка робяцца ўсялякія мерапрыемствы па нацыянальнай тэматыцы, то мая была прапанова ўжо цяпер распачаць падрыхтоўку да выставы, прысьвечанай 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы».

Мастак Уладзімер Сулкоўскі лічыць, што Ўладзімер Савіч, мае ўсе магчымасьці адпавядаць чаканьням дэлегатаў. Спадар Сулкоўскі адзначае гарачыню барацьбы паміж кандыдатамі на кіраўніка саюзу мастакоў:

Сулкоўскі: «Вылучалася яшчэ адна кандыдатура – Сяржук Цімохаў, вядомы мастак, нядаўна ён атрымаў у Бялградзе эўрапейскі прыз «Залатое пяро». Яго вылучылі на пасаду старшыні, але ён зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Савіча з той умовай, што ідуць тандэмам: Савіч становіцца старшынём саюзу, Цімохаў – сакратаром па выставачнай дзейнасьці. Гэткім чынам, у дэлегатаў зьезду была абсалютная яснасьць, – якая каманда будзе ў Савіча. У іншых кандыдатаў гэткай яснасьці і вызначанасьці не было».

Я запыталася Уладзімера Сулкоўскага, чаго ён зычыць новаабранаму старшыні саюзу мастакоў. Вось адказ:

«Галоўнае, каб у яго самога хапіла энтузіязму весьці гэтую справу. Наперад, як кажуць, - і не здавацца»!

Уладзімер Сулкоўскі такое пажаданьне выказаў новаму старшыні Саюза мастакоў Беларусі Ўладзімеру Савічу. Сам спадар Савіч заявіў у інтэрвію РС пасьля свайго абраньня:

Савіч: “Праграма мая шырокая. Але аснова маёй праграмы – зьвярнуць увагу на творчую асобу і даць творчай асобе пашану. А ўсе гаспадарчыя справы павіны быць скіраваныя на творчую асобу. Справа ў многім будзе залежыць ад мяне, каб менавіта я мог цэмэнтаваць наша сяброўства і скіраваць яго на тое, што ўсе нашыя адносіны выбарчыя – нічога ня вартыя. Мы – мастакі, мы павінны займацца ў большасьці мастацтвам. Тут могуць толькі адпачкоўвацца, прабачце за такі выраз, людзі, якія думаюць пра капейчыну. Гэтыя людзі ніколі ня пойдуць з мастакамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG