Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшануюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ва ўрочышчы Курапаты і ў менскім парку Чалюскінцаў прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці ўшануюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Зь ініцыятывы Грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій гэты год абвешчаны Годам памяці. 29 кастрычніка 1937 года ў Менску адбыўся масавы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. Ва ўнутранай турме НКВД за адну ноч былі забітыя каля 100 чалавек, 22 зь іх – пісьменьнікі. З нагоды 70-годзьдзя кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі аргкамітэт ушаноўвае 29 чысла кожнага месяца месцы расстрэлаў. Сёньня а 15 гадзіне прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці наведаюць спачатку парк Чалюскінцаў, а потым урочышча Курапаты.

Сябра грамадзкага камітэту Вячаслаў Сіўчык сказаў:

“Гэта будуць традыцыйныя для гэтага Года памяці мерапрыемствы, калі будуць пастаўлены зьнічы, пакладзены кветкі, прасьпяваны песьні ў парку Чалюскінцаў і ў Курапатах у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў”.

27 лістапада ў дзень герояў Слуцкага збройнага чыну ва ўрочышчы Курапаты быў усталяваны часовы крыж памяці случчакоў. Спадар Сіўчык сказаў, што меркавалася ўсталяваць стацыянарны крыж, але яго па тэхнічных прычынах не давезьлі. Магчыма, яго ўсталююць у Курапацкім лесе сёньня:

“Удзельнікі Слуцкага збройнага чыну і беларусы, якія жылі ў гэтай зоне, напоўніцу сутыкнуліся з рэпрэсіямі бальшавікоў. У 20-30-я гады практычна ўсе ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну былі рэпрэсаваныя, і шмат хто з жыхароў. Там цэлыя вёскі сьсяліліся. Вельмі многа іх загінула ў лягерах ГУЛАГу. Многа хто загінуў пры перасяленьні.Таму і ўсталяваны крыж у Курапатах, бо Курапаты зьяўляюцца сымбалем ГУЛАгу. Ворганы, якія зьнішчалі нашых людзей, дагэтуль не даюць пераважана праўдзівых зьвестак, дзе хто з нашых людзей быў страчаны. Гэта таксама акцыя, якую праводзіў аргкамітэт Года памяці”.

Сябра аргкамітэту Ўладзімер Раманоўскі нагадвае, як важна памятаць пра сваю гісторыю:

“У гэтым пляне нам паказвае прыклад Украіна, дзе на дзяржаўным узроўні ўшаноўваецца памяць ахвяраў Галадамору. І наогул Украіна вельмі істотна займаецца дасьледаваньнем рэпрэсіяў. Падчас нашай сустрэчы прадстаўнікі Ўкраіны нам распавялі пра калясальнае дасьледаваньне, шэсьць буйных устаноў займаюцца вывучэньнем”.

Паводле спадара Раманоўскага, ва ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў апроч чалавечага ёсьць яшчэ і гістарычны аспэкт:

“Адным з плянаў дзейнасьці людзей, якія сабраліся вакол ідэі Году памяці,– пошук месцаў пахаваньня. Цяпер мы накіравалі ў Расею лісты, у Карэлію, дзе былі зьнішчана вялікая калёна людзей і сярод іх 150 беларусаў. Гістарычная памяць патрэбна для разьвіцьця будучага. Усе гэтыя гады падчас савецкай улады гэта тэма была выключана са сьвядомасьці людзей.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG