Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускніцу журфаку прымушаюць сплаціць 10 тысяч даляраў


Радыё Свабода Выпускніцу факультэту журналістыкі БДУ Ксенію Авімаву прымушаюць заплаціць дзяржаве грошы за тое, што яна адмаўляецца працаваць паводле разьмеркаваньня ў валожынскай раённай газэце “Працоўная слава”. Нядаўна Ксенія стала вядомай дзякуючы перамозе на міжнародным конкурсе “Найлепшы блог”. Цяпер зь яе спаганяюць 22 мільёны рублёў (болей за 10 тысячаў даляраў).

Ксенія Авімава ўжо даўно працавала ў штаце недзяржаўнай газэты "Белорусы и рынок". Яна спадзявалася, што здолее туды разьмеркавацца. Газэта ў патрэбны час даслала на журфак заяўку. Аднак калі студэнтка прыйшла на паседжаньне камісіі па разьмеркаваньні, то не знайшла “Белорусы и рынок” у сьпісе выданьняў, якім патрабуюцца маладыя спэцыялісты.

“Гэта трызьненьне, бо нідзе ў заканадаўстве не запісана, што нельга разьмяркоўваць студэнта ў недзяржаўнае выданьне. А на разьмеркаваньні мне ясна сказалі: трэба выконваць дзяржаўную замову, й мы цябе ў "Белорусы и рынок" не разьмяркуем”.

На факультэце журналістыкі БДУ камэнтаваць сытуацыю вакол былой студэнткі Ксеніі Авімавай адмовіліся. Са словаў прадстаўніцы журфаку, якая не пажадала назвацца, пры разьмеркаваньні ўлічваецца ня толькі пажаданьне студэнта, але й тое, зь якім сярэднім балам ён навучаецца. Чым горшая пасьпяховасьць, тым менш прэстыжныя выданьні даводзіцца абіраць. Таму Ксенія Авімава павінна была выконваць рашэньне камісіі ехаць у Валожын, лічыць мая суразмоўца.

“Камісія прыняла рашэньне, студэнтка гэтае рашэньне падпісала ў пратаколе. Калі яна пагадзілася, пра што можа ісьці размова?”

Ксенія сапраўды зьезьдзіла ў Валожын – у выведку. І адразу зразумела – жыць і працаваць там на здолее:

“Сказалі: вось, зараз мы вас аформім на працу, а на наступны дзень мы вам знойдзем жытло. Хоць насамрэч яны павінны былі знайсьці мне жытло да таго, як я прыехала, калі ўжо трымацца правілаў, а менавіта пастановы пра разьмеркаваньне. Мне сказалі, што калі я буду пісаць, мне будуць плаціць каля 600 тысяч. Яны не былі гатовыя плаціць за жытло, то бок, з гэтых 600 тысяч за жытло павінна была плаціць я”.

Ксенія паступіла ў свой час на журфак на паўплатную форму навучаньня. Потым яе перавялі на бюджэт. Цяпер Ксенія разважае: калі б вучылася на платным, мела б вольны дыплём і заплаціць за яго давялося б амаль удвая меней. Суму ў 22 мільёны рублёў яна лічыць завышанай яшчэ таму, што ўжо даўно не атрымлівае стыпэндыю, бо мела акадэмічныя завінавачанасьці, а таксама нізкія адзнакі па некаторых прадметах. Тым ня менш стыпэндыю ўлічылі. Ксенія зьбіраецца шукаць грошы, каб усё ж адкупіцца.

Нядаўна Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвяртаўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай разгледзіць палажэньне аб разьмеркаваньні на прадмет яго законнасьці. Учора прыйшоў адказ: Канстытуцыйны суд разглядае толькі звароты пэўных суб’ектаў, то бок, афіцыйных установаў, кшталту парлямэнту й Вярхоўнага суду. Сябры БХК зьвярталіся і ў Палату прадстаўнікоў, каб тая прасунула пытаньне ў Канстытуцыйны суд. Адказу пакуль няма. Кажа праваабаронца Алег Гулак:

“Абавязак адпрацаваць па разьмеркаваньні – гэта форма аплаты. І праблема ў тым, што ў Канстытуцыі ў нас прадугледжана бясплатная адукацыя, а рэальна яна такой не зьяўляецца. Таму ў гэтым ёсьць праблема”.

Ксенія Авімава два тыдні таму стала вядомай дзякуючы сваёй перамозе на міжнародным конкурсе “Найлепшы блог”, які арганізоўвала “Нямецкая хваля”. Сеткавы дзёньнік Ak_bara на сайце LiveJournal абышоў нават блог, прысьвечаны будучым прэзыдэнцкім выбарам у Злучаных Штатах.

• Магілёўскага актывіста хочуць адлічыць з ВНУ за “мокрую справу”, 28.11.2007 • А.Паўлаў: “Рэкамэндацыі выканкамаў для абітурыентаў — узаконены блат”, 28.11.2007
XS
SM
MD
LG