Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея гатовая даць крэдыт Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын заявіў, што расейскі ўрад тэхнічна можа даць афіцыйнаму Менску крэдыт 1,5 мільярда даляраў да канца гэтага году.

У расейскім бюджэце на 2007 год зарэзэрваваная адмысловая сума на крэдыты розным краінам. Але там не ўдакладняецца, колькі і якая краіна можа атрымаць.

Паводле міністра Аляксея Кудрына, пры неабходнасьці крэдыт можна выдаць і Беларусі. Цяпер усё залежыць ад стасункаў і кантактаў паміж урадамі.

Намесьнік дырэктара Дэпартамэнту міжнародных фінансавых дачыненьняў расейскага міністэрства фінансаў Канстанцін Вышкоўскі сказаў:

“Гэта пытаньне ўжо не практычнае, а палітычнае. Тэхнічная праца праведзеная. Я толькі магу сказаць, на якіх умовах гэтае пытаньне абмяркоўвалася. На тых жа, што і раней. Рынкавыя ўмовы! Рашэньне прымае ўрад Расейскай Фэдэрацыі. Пакуль яго няма, таму крэдыт не прадастаўлены”.

На якіх жа ўмовах афіцыйны Менск атрымае расейскі крэдыт?

Раней кіраўнік Беларусі заявіў, што Расея прапанавала крэдыт пад 7—8%. Спадар Вышкоўскі сказаў:

“Гэта рынкавыя ўмовы. Што такое 7—8? Я ня ведаю, адкуль гэтая лічба. Мне такая лічба не вядомая. Гэта яшчэ пытаньне абмеркаваньняў”.

Міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут заявіў у Лёндане, што Беларусь будзе браць гэты крэдыт са стаўкай LIBOR плюс 0,75% гадавых. Паводле прэс-службы беларускага Мінфіну, LIBOR, які меў на ўвазе міністар, складае каля 4,9%.

Спадар Вышкоўскі сказаў, што працэнтная стаўка для расейцаў ня мае значэньня:

“LIBOR — сёньня ён столькі, а заўтра ў дзесяць разоў меней. Для нас абсалютнае значэньне ня важнае, а важны прынцып, што крэдыт даецца на рынкавых умовах. Вось той прынцып, які закладзены”.

Адносна заявы Мікалая Корбута прадстаўнік расейскага мінфіну зазначыў:

“Калі ён сказаў, то яго і камэнтуйце. Я не ўпаўнаважаны вам, пакуль няма дамоўленасьці, раскрываць фінансавыя ўмовы”.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч сказаў:

“Калі гэта крэдыт ураду, то навошта ён нам патрэбны? Бо ў нас прыбыткі перавышаюць выдаткі на 2 трыльёны рублёў у гэтым годзе. Крэдыт патрэбны эканоміцы, каб мадэрнізаваць эканоміку, прадпрыемствы. А крэдыт ураду — навошта ён патрэбны, мне не зразумела. Гэта, відаць, на ўсякі выпадак, бо чакаецца пагаршэньне сытуацыі ў наступным годзе”.

Цягам гэтага году беларускі ўрад набраў зьнешніх пазыкаў амаль на два з паловай мільярды даляраў. І цяпер даўгі складаюць каля 10 мільярдаў.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, калі афіцыйны Менск ня зможа вярнуць крэдыты, то краіну напаткае дэфолт.

“Мы бачым, што гэтыя пазыкі выкарыстоўваюць, каб закрыць усялякія іншыя дзіркі. А самая галоўная дзірка, што гэтыя пазыкі кароткатэрміновыя: мы ўзялі пазыку і цягам году мусім вярнуць. Ня так багата гэтых пазыкаў пайшло на рэфармаваньне й мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Гэта дрэнная сытуацыя. Ёсьць пагроза, што ў нейкі момант гэта фінансавая піраміда можа і абрынуцца”.

Расейскі Мінфін ня дасьць Беларусі льготнага крэдыту, 31.07.2007
XS
SM
MD
LG