Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэн-шуй па-беларуску: цяжка расставацца з рэчамі


Радыё Свабода, Менск У крамах экзатычных усходніх тавараў можна пабачыць шмат прыладаў фэн-шуй. Што такое фэн-шуй – чарговае моднае захапленьне, справакаванае маркетолягамі, ці старажытная навука, якая можа дапамагчы палепшыць жыцьцё?

Наканаванае лёсам можна зьмяніць

Калі верыць гандлярам атрыбутаў фэн-шуй, наша жыцьцё толькі й чакае, пакуль мы яго зьменім да лепшага. Варта толькі набыць манэткі, перавязаныя чырвонай стужачкай, пакласьці ў гаманец – і ад грошай будзе не адчапіцца. Калі ня будзеце ведаць, куды ўжо тыя грошы падзець, у той самай краме можна набыць чырвоную капэрту, пакласьці туды лішнія ды чакаць, пакуль дабрабыт не ахіне вас камфортам.

Сапраўдныя майстры фэн-шуй ставяцца да сваёй справы значна больш сур''ёзна. Сьвятлана Маркевіч зь Менску практыкуе фэн-шуй з 2001 году. Практыкуе і выкладае на адмысловых сэмінарах. Яна тлумачыць:

“Галоўны фактар жыцьця – удача. Чалавек ужо нараджаецца з пэўнай колькасьцю шанцаваньня. Вось майстар фэн-шуй Лоо гэтак вобразна тлумачыць: чалавечая асоба, як машына. Ён можа нарадзіцца “Жыгулямі”, а можа “Мэрсэдэсам”. Дарога, па якой ён едзе, – гэта жыцьцёвыя абставіны. Гэта можа быць цудоўная асьветленая простая дарога – і паўсюль зялёнае сьвятло, а можа – горны сэрпантын, дзе за кожным паваротам небясьпека. І, нарэшце, надвор''е – як умовы ўдачы”.

Запасьлівасьць – савецкая спадчына

Гэтае канцэптуальнае тлумачэньне зусім ня значыць, што ўсё прадвызначана, кажа спадарыня Маркевіч. Бо любая машына, калі будзе выбіраць сваю хуткасьць і свае манэўры, здолее аптымальна прайсьці свой шлях і дасягнуць мэты. Менавіта дзеля гэтага фэн-шуй і працуе. Фэн-шуй дапамагае чалавеку існаваць у гармоніі з сабой і навакольным асяродзьдзем. Адна з глыбокіх сфэраў яго ўжытку – гэта хатняя прастора.

Паводле назіраньняў Сьвятланы Маркевіч, беларусы занадта цяжка расстаюцца са старымі рэчамі:

“Калі кажаш на кансультацыі, што трэба вызваляцца ад старых рэчаў... Не заўсёды дзейнічае. Ёсьць людзі, якія, нават пераяжджаючы на новае месца, вязуць іх з сабой. Трэба мысьленьне найперш зьмяніць. Але цяпер зьявілася тэндэнцыя – захоўваюць нейкія рэчы, мілыя сэрцу. Бабуліны ручнікі, якімі не карыстаюцца, але захоўваюць як памяць. Бабуліна сукенка... І, напэўна, гэта пазытыўна”.

Сяргей Скрабец: непатрэбныя табе рэчы спатрэбяцца некаму іншаму

Калісьці Сьвятлана Маркевіч кансультавала ў пытаньнях хатняй прасторы фэн-шуй Сяргея Скрабца. Яна тады прыйшла да высновы, што хатняя прастора былога дэпутата створана досыць гарманічна. Колішні дэпутат кажа, што дагэтуль стараецца прытрымлівацца філязофіі фэн-шуй:

“Я захапляюся ненавуковым разуменьнем сьвету – эзатэрыкай. Некалькі разоў я быў у Тыбэце. Што да фэн-шуй, то сапраўды ўсё мае уплыў – умовы, дзе мы жывем, як адпачываем. Ёсьць пэўны комплекс мераў, як пазбавіцца ўплыву нэгатыўных энэргіяў. Штодня трэба, прыкладам, прымаць душ, каб змыць зь сябе нэгатыўныя энэргіі... Тое самае тычыцца кватэры – яна павінна быць чыстая. Я прыхільнік таго, што старых, непатрэбных рэчаў варта пазбаўляцца”.

Карэспандэнтка: “Калі не сакрэт, куды вы іх дзявалі? Выкідалі?”

Скрабец: “Калі ў нас была адмысловая праграма дапамогі, мы іх аддавалі тым, каму яны патрэбныя. У дзіцячыя дамы, прыкладам, у вёску”.

Элемэнтарнае ачышчэньне жытла можа спыніць фатальнасьць

Сьвятлана Маркевіч сьведчыць, што кватэра, нават калі мы там зьяўляемся толькі позна ўвечары, каб зранку зноў сысьці, мае велізарны ўплыў на пасьпяховасьць нашага жыцьця ўва ўсіх сфэрах:

“Навесьці парадак, пераставіць мэблю, павесіць элемэнтарныя ўпрыгожаньні на дзьверы (калі ведаеш, якія і дзе), зьмяніць кірунак сьвету, як чалавек сьпіць – усяго толькі вось гэткай дробязі было б дастаткова, каб нешта зьмяніць у жыцьці чалавека”.

Супрацоўнік банку Зьміцер Ластоўскі робіць рамонт у новай кватэры. Яго жонка імкнецца абсталяваць новае жытло адпаведна законам фэн-шуй. Імкненьне да гармоніі часам становіцца тэмай дыскусіяў у сям''і, расказвае Зьміцер:

“У прыватнасьці, дзьверы санвузла не павінны выходзіць наўпрост на пакоі. Таму што там ёсьць нейкае злое Ша, якое можа пранікнуць адтуль у памяшканьне, а пры адчыненьні дзьвярэй – у пакоі. І тады ў пакоі будзе дрэнна жыць. Прапаноўваў зрабіць пераплянаваньне, пашырыць калідор, каб дзьверы ўсе былі навідавоку – атрымаў катэгарычную адмову з прычыны магчымасьці пранікненьня злога Ша... у дзіцячы пакой, здаецца”.

Фэн-шуй – гэта мастацтва, а не забаўка

На думку Сьвятланы Маркевіч, будаваць прастору ў доме паводле літаратуры – рэч амаль бессэнсоўная. “Гэта тое самае, што верыць гараскопам, надрукаваным у газэце”, – праводзіць паралель яна. Бо стварэньне дзейснай фэн-шуй-мапы – справа прафэсіяналаў, параўнальная з вышэйшай матэматыкай.

Прафэсійны аналіз вашага фэн-шуй-прагнозу разам з дыяграмай вашай жыльлёвай прасторы будзе каштаваць ня меней за 200 эўра.

Але агульныя парады аматарам жыць па правілах эрганомікі фэн-шуй такія:

– каб быць багатым, трэба зважаць на стан і працаздольнасьць сантэхнікі – калі кран цячэ, разам з вадой выцякаюць у трубы Вашыя грошы і фінансавы дабрабыт;

– каб быць каханым, варта замяніць канапу на выгодны ложак. А яшчэ – ня спаць нагамі да дзьвярэй – маўляў, як нябожчык;

– каб быць пасьпяховым у кар''еры, варта абсталяваць сваё працоўнае месца гэтак, каб бачыць уваходныя дзьверы і не знаходзіцца на энэргетычным скразьняку паміж дзьвярыма і вокнамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG