Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў пікет супраць спальваньня сьмецьця


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску ў раёне плошчы Бангалор (насупраць крамы “Несьцерка”) адбыўся санкцыянаваны пікет супраць спальваньня адкідаў. Гэтай акцыяй яе ўдзельнікі далучыліся да Ўсясьветнага дня дзеяньняў супраць спальваньня адкідаў, які адзначаецца ў розных краінах сьвету.

“Існуе пагроза таго, што такія заводы на спальваньне сьмецьця будуць пабудаваныя ў Беларусі”

Каля дваццаці сяброў экалягічных рухаў сёньняшнім марозным вечарам распаўсюджвалі інфармацыю пра шкоду, якую нясе спальваньне адкідаў.

Арганізатар пікету Яўген Лабанаў, сябра міжнароднай кааліцыі GAIA – Глябальнага альянсу за альтэрнатывы спальваньню адкідаў:

“У нашу краіну паступаюць прапановы ад шматлікіх эўрапейскіх, японскіх кампаніяў, якія хочуць пабудаваць заводы для спальваньня сьмецьця, бо гэта, безумоўна, вялікі бізнэс. Але яны, як правіла, ня думаюць пра тое, што мы потым будзем дыхаць гэтым атручаным паветрам. І таксама мы лічым, што ўвогуле спальваць сьмецьце – гэта ня выйсьце, бо сьмецьце – гэта вельмі каштоўны рэсурс. Існуе пагроза таго, што такія заводы будуць пабудаваныя”.

Карэспандэнт: “А што тады рабіць са сьмецьцем?”

Лабанаў: “Па-першае, сьмецьце трэба зьбіраць сартуючы, і вельмі добра, што ў некаторых раёнах гэты працэс пачынаецца. Трэба нешта мяняць у прамысловасьці. Калі прамысловасьць робіць прадукты накшталт полівінілхлярыду, то з такім прадуктам потым нельга зрабіць нічога”.

“Кожны нясе асабістую адказнасьць за тое, што робіцца ў яго краіне”

Пры спальваньні адкідаў зь несартаванага сьмецьця ў паветра выкідаюцца самыя моцныя атруты – дыяксіны. Гэтыя канцэрагены небясьпечнейшыя за цыяністы калій у тысячы разоў. Пра гэта я даведаўся з улётак, якія раздавалі пікетоўцы. Яны апранулі на сябе форму прыбіральнікаў вуліц з флікерамі, а на шапках у іх ліхтарыкі. Гутару з Кацярынай Ганчаровай:

“У такой цемры стоячы, мы спрабуем зьвярнуць увагу і на сябе, і на гэтую праблему, якую мы падымаем. Каб ня толькі людзі, якія ходзяць па вуліцах, убачылі нас. Але, можа быць, гэтая праблема падымецца на найвышэйшым узроўні, і нешта будзе рабіць наш урад з гэтымі адкідамі, якія проста тонамі назапашваюцца на прадпрыемствах і не перапрацоўваюцца”.

Кацярына кажа, што інфармаванасьці ў грамадзтве бракуе:

“Паляць ня толькі прадпрыемствы, паляць людзі на сваіх лецішчах, на сваіх дварах. Людзі ня ведаюць, што паліць плястык у сваіх печках – гэта вельмі дрэнна, бо гэта ўсё ідзе ў атмасфэру, у лёгкія людзей. Дрэнна паліць траву, нельга паліць сухое сьмецьце. Нашым пікетам мы спрабуем узяць увагу на гэтую праблему, каб кожны задумаўся. Кожны нясе асабістую адказнасьць за тое, што робіцца ў яго краіне”.

Удзельнік пікету Валодзя трымае ў руках плякат “Брудныя тэхналёгіі ня могуць уратаваць сьвет”. Ён кажа, што экалягічныя праблемы яго хвалююць:

“У нашай краіне прымаюцца такія жахлівыя рашэньні, як будаўніцтва АЭС, лабіюецца будаўніцтва вялікіх ГЭС – зусім ня тое вырашэньне энэргетычнай праблемы, пра якое варта дбаць. Гэта проста небясьпечна для цяперашніх і будучых пакаленьняў”.

“Чыстая прырода ёсьць чыстая прырода”

Мінакі цікавіліся ўлёткамі, якія раздавалі пікетоўцы. Гутару са спадаром, які якраз падышоў.

“Нічога такога я не разумею ў гэтай справе”.

Карэспандэнт: “А вы паліце сьмецьце?”

“Не, ніколі ў жыцьці. Выкідаем у скрыні для сьмецьця”.

Яшчэ адзін мінак кажа, што ён таксама супраць спальваньня адкідаў. А што ён робіць са сьмецьцем?

“Я вунь заношу ў скрыні – плястыкавыя бутэлькі ў адну скрыню, а сьмецьце ў іншую. А там усё вывозіцца. Я больш нічога ня ведаю”.

Карэспандэнт: “А вы гэтых маладых людзей падтрымліваеце?”

“За чыстую прыроду? Мы ж павінны жыць у чыстай прыродзе. Як не падтрымліваць? Чыстая прырода ёсьць чыстая прырода”.

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007

Пікет супраць спальваньня сьмецьця, 28.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG