Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стане новым старшынём Беларускага саюзу мастакоў?


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў канцэртнай залі “Менск” праходзіць чарговы XIX зьезд Беларускага саюзу мастакоў. У ім бяруць удзел каля 250 дэлегатаў і гасьцей. На зьезьдзе маюць абраць новага старшыню і кіроўныя органы творчага аб’яднаньня. Цяперашні кіраўнік саюзу Ўладзімер Басалыга выступае за тое, каб саюзам кіравала маладзейшае пакаленьне мастакоў.

Асноўная інтрыга зьезду — выбары старшыні. Чакаецца, што асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка Саюзу беларускіх мастакоў будуць заслужаны дзеяч мастацтва Ўладзімер Савіч і колішні старшыня саюзу Генадзь Буралкін.

На гэтую пасаду прэтэндуюць яшчэ шэраг знаных творцаў — скульптары Аляксандар Фінскі і Аляксандар Батвінёнак ды іншыя.

“Гэта той мастак, які нешта можа зьмяніць у нашым творчым саюзе”

Суполка мастакоў “Пагоня” вылучыла мастака Сяргея Цімохава, гаворыць Аляксей Марачкін.

“Гэта знаны чалавек, аўтарытэтны. Мы думаем, што ён ідзе ў альянсе з Уладзімерам Савічам. Савіч якраз той мастак, які мае арганізацыйныя здольнасьці, бо доўгія гады ў акадэміі быў загадчыкам катэдры графікі. Гэта той мастак, які нешта можа зьмяніць у нашым творчым саюзе.

А другія... Я баюся, што ўсё пойдзе накатаным шляхам. Рэальна сёньня ў нас дзьве, можа быць, тры кандыдатуры — Генадзь Буралкін, які, падаецца, ужо чатыры тэрміны быў старшынём, Уладзімер Савіч і Аляксандар Дранец — мы ведаем яго як аўтара помніка Францішка Скарыны”.

Каля 70% сяброў саюзу маюць майстэрні

Цяперашні старшыня саюзу Ўладзімер Басалыга хоча, каб у кіраўніцтва саюзу прыйшло маладзейшае пакаленьне мастакоў.

“Трэцяе тысячагодзьдзе. Яны асноўны касьцяк, фармуюць нашу эстэтычную прастору. Як гэта, каб імі кіравалі мы? І ў дзяржаве, куды ні паглядзі... Ці працуюць пэнсіянэры, якім семдзесят гадоў? Не працуюць”.

Паводле Ўладзімера Басалыгі, за тры гады было зроблена 880 выставаў, праектаў і пленэраў, рэалізавалі шэраг пасьпяховых замежных праектаў. На сёньня ў Беларускім саюзе мастакоў больш за 1200 сяброў, і каля 70% маюць майстэрні. Аднак многія патрабуюць рамонту.

Што да праблемаў творчага саюзу, то Ўладзімер Басалыга кажа пра тое, што дагэтуль ня вырашанае пытаньне працоўнага стажу і сацыяльнай абароны мастакоў. Многія зь іх ня маюць працоўных кніжак, а сяброўства ў саюзе цяпер ня лічыцца працоўным стажам .За савецкім часам мастакам залічваўся творчы стаж.

“Творчы саюз вымушаны аплачваць запазычанасьці па майстэрнях, інакш яго аб’явяць банкрутам”

Пра праблемы творчага саюзу гаворыць і мастак Аляксей Марачкін:

“Гэта ж ненармальна, калі наш творчы саюз усю энэргію аддае на тое, каб неяк захаваць саюз. Што яму пагражае? Шэраг мастакоў ня маюць магчымасьці плаціць за майстэрні, паколькі вельмі высокія кошты, і гэтыя запазычанасьці творчы саюз вымушаны сам аплачваць, бо інакш яго аб’явяць банкрутам”.

“Калі мы не прадстаўленыя, напрыклад, на Вэнэцыянскай біенале, то нас проста не існуе”

А мастак Рыгор Сітніца лічыць, што апошнія гады Беларускі саюз мастакоў перажывае застой.

“З гэтым не пагаджаецца бальшыня мастакоў, асабліва тыя, хто працуюць актыўна творча і хацелі б ня тое што рэанімаваць гэтую ўстанову, а надаць ёй дынамічны сучасны выгляд з больш шырокім выхадам на замежжа.

Усе нашыя прарывы ў вольны сьвет (а іх сапраўды шмат) адбываюцца на ўзроўні прыватных ініцыятываў. Саюз практычна аніяк гэтым не займаецца.

Хацелася б, каб гэта было цэнтралізавана, тым больш, што ў сьвеце ёсьць вельмі шмат прадстаўнічых мастацкіх форумаў, і калі мы там не прадстаўленыя, як напрыклад на Вэнэцыянскай біенале, то нас проста не існуе”, — лічыць Рыгор Сітніца.

Сёньня ўвечары будзе вядома пра тое, хто стане новым старшынём Беларускага саюзу мастакоў і ўвойдзе ў кіроўныя органы творчага аб’яднаньня. Пра гэта — ў эфіры “Начной Свабоды”.

Беларусі саюз мастакоў быў створаны ў 1938 годзе на I зьезьдзе мастакоў БССР (аргкамітэт створаны ў 1933 годзе). Ад 2001 году старшынём саюзу зьяўляецца Ўладзімер Басалыга. Паводле статуту саюзу, сёньня ён мае пакінуць сваю пасаду.


Гутарка са старшынём Беларускага саюзу мастакоў Уладзімерам Басалыгам (аўдыё), 27.11.2007 Мастакі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра, 14.11.2007 На сядзібе БНФ – выстава “Памяць грукоча ў сэрца”, 26.10.2007
XS
SM
MD
LG