Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць на “Свабодзе” – Уладзімер Басалыга


Радыё Свабода У чацьверг, 29 лістапада, ад 09.30 да 10.00 са слухачамі Свабоды па менскім тэлефоне (8-017) 266-39-52 размаўляць былы старшыня аб’яднаньня Беларускага саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга.

Яму 67 гадоў, са Слуцку. Бацька – Самусь Сьцяпанавіч – загінуў у 1945 годзе ў часе Бэрлінскай апэрацыі. Маці адна выхоўвала трох дзяцей, добра ткала ручнікі, посьцілкі, абрусы. З гэтага ў мастака асаблівае захапленьне народнай творчасьцю і рамёствамі. Творчасьць Уладзімера Басалыгі як мастака-графіка пачынаецца з афармленьня зборніка вершаў Сяргея Грахоўскага. Сярод найбольш цікавых прац у кніжнай графіцы – ілюстрацыі да кнігі “Мая Іліяда” Ўладзімера Караткевіча, “Крык жураўліны” Максіма Танка, “Невадам зь Нёмана” Ларысы Геніюш… З канца 1970-х і ўсе 1980-я гады Басалыга працуе над графічнай сэрыяй “Помнікі дойлідзтва Беларусі”. Яе склалі 33 працы. На стварэньне сэрыі натхніў пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, якога Басалыга лічыць сябрам і аднадумцам.

Ня раз за сваё жыцьцё абвінавачваўся ў нацыяналізьме.

Каля 10 гадоў Басалыга займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю. Быў дэканам мастацкага факультэту і выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Два тэрміны кіраваў Беларускім саюзам мастакоў. Галоўнай задачай меў паставіць Саюз на фінансавыя ногі. Прыняў Саюз са штрафамі, а пакінуў яго з паўмільярдным актывам.

Пытаньні Ўлаўзімеру Басалыгу можна задаваць і загадзя: на кругласутачны тэлефон-аўтаадказьнік (8-017) 266-39-52, праз SMS (391-22-24) ці электронную пошту rferl.minsk@gmail.com. Калі вы паведаміце на Радыё Свабода свой тэлефонны нумар, рэдакцыя сама злучыць вас са спадаром Басалыгам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG