Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым расейская выбарчая кампанія адрозьніваецца ад беларускай?


Міхал Карневіч, Горадня З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадар: “Ды нічым яна не адрозьніваецца. Расейцы ўзялі за правіла садзіць тых людзей, якія ідуць супраць улады. Да прыкладу, пасадзілі Гары Каспарава на 5 сутак, чэмпіёна сьвету па шахматах. Зачыняюць розныя арганізацыі, якія знаходзяцца ў апазыцыі да ўлады, садзяць людзей паводле розных надуманых абвінавачаньняў”.

Спадар: “На сёньняшні момант мала чым адрозьніваюцца. Чаго ім каштуе правесьці выбарчую кампанію, як яны сабе хочуць? Тым больш яны ўжо стварылі сваю КПСС, якая называецца “Адзіная Расея”.

Спадар: “Я ўсё ж думаю, што ў нас выбары адбываліся больш спакойна й стабільна, не было столькі крыку й рознага бруду вакол гэтых выбараў. У Расеі занадта шмат партыяў і рухаў, якія наагул не павінны былі зьяўляцца на палітычнай мапе”.

Спадар: “Асабліва нічым не адрозьніваюцца, тыя ж мэтады . Апошнія падзеі, разгон дэманстрацыі, пацьвердзілі гэта. Такое ўражаньне, што Расея праводзіць выбары паводле беларускага сцэнара — так, як гэта робіць Лукашэнка”.

Спадар: “Цяпер ужо нічым не адрозьніваюцца. Разгон маршу “Нязгодных” і арышт Каспарава сьведчыць пра гэта. У мяне склалася такое ўражаньне, што Расея спачатку пракручвае свае сцэнары ў Беларусі, а потым, калі гэта ўдаецца, выкарыстоўвае ў сябе”.

Хлопец: “Мая маці ўжо год таму пачала казаць, што спадар Пуцін паўтарае тыя самыя дзеяньні, што і Лукашэнка. Але я ніколі ня думаў, што гэта будзе паўтарацца й падчас выбарчай кампаніі. Быў папросту шакаваны тым, як быў разагнаны марш “Нязгодных”.

Спадарыня: “У прынцыпе, нічым не адрозьніваюцца. Усё заплянавана, як у нас, і загадзя вядома, хто будзе пры ўладзе”.

Спадар: “Хіба толькі тым, што яны адбываюцца ў Расеі. Хто пераможа — відавочна. Хто застанецца за бортам — відавочна. Вось і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG