Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынак нерухомасьці: цэнавы шок


Ігар Карней, Менск Упершыню за апошні год зьмянілася сытуацыя на рынку нерухомасьці Беларусі. Гарадзкія кватэры няновай забудовы патаньнелі. Рыэлтары кажуць, што актыўнасьць на рынку нерухомасьці паменшала на траціну, калі параўнаць з канцом мінулага году. Што спрычынілася да падзеньня цэнаў на нерухомасьць?

Асобныя ўдзельнікі рынку нерухомасьці заяўляюць, што спад попыту на кватэры за год склаў 30—40%. Пры гэтым яны нагадваюць: ад сьнежня 2006 году сярэдні кошт двухпакаёвай кватэры ў Менску вырас з 1200 даляраў за квадратны мэтар да 1700 даляраў на канец сакавіка 2007-га. На пачатку восені цэны перакрочылі 2000 даляраў за мэтар.

Аднапакаёўкі патаньнелі мінімум на 10 тысяч даляраў

Як пацьвердзіў старшыня Беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфанаў, паводле новых правілаў рынак нерухомасьці дзейнічае ўжо некалькі апошніх месяцаў:

“Што да нейкіх працэнтных паказьнікаў, то гэта справа складаная. Гэта толькі “Колгейт” можа вызначыць, на колькі працэнтаў іхная зубная паста чысьціць лепей за астатнія. Відавочна, што і некаторыя агенцтвы працуюць гэтак жа. Але тое, што спад ёсьць, гэта сумневу не выклікае. І гэты спад доўжыцца ўжо некалькі месяцаў”.

Як сьведчаць гаспадары агенцтваў нерухомасьці, трымаюцца ранейшыя кошты на кватэры ў элітных забудовах і ў дамах цэнтру гарадоў.

А вось на астатнія варыянты попыт істотна зьнізіўся. Як апавяла рыэлтар аднаго з сталічных агенцтваў Тацяна Скурко, за апошнія два-тры месяцы цэны на аднапакаёвыя кватэры ўпалі ў сярэднім на 10—12 тысяч даляраў, на трохпакаёвыя — больш як на 20 тысяч:

“Народ зусім не актыўны. Вельмі цяжка прадаць кватэру ў горадзе, асабліва аднапакаёўку. Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з высокімі коштамі. Цяпер рэальна прадаюцца тыя, на якія хоць трохі зьніжаюцца кошты.

Нават у адной коштавай катэгорыі прадаюцца кватэры, дзе ідуць на саступкі гаспадары, якім трэба сапраўды тэрмінова прадаць. Усе астатнія варыянты вельмі надоўга “завісаюць”. Гэта насамрэч вялікая праблема, шмат рыэлтараў з-за гэтага цяпер бяз грошай. Бо людзям хочацца прадаць даражэй і яны ніяк ня хочуць зьмірыцца з тым, што трэба саступаць”.

Карэспандэнт: “Кватэры, якія ў сярэднім лічылі з разьліку 2000 даляраў за квадратны мэтар, сталі больш даступныя?”

“Залежыць ад раёну. Я магу меркаваць па тых раёнах, дзе штосьці прадаецца. Прыкладам, у мікрараёне “Шабаны” ўжо дзесьці 1800 даляраў за мэтар ідуць кватэры. У астатніх — дзе як. Але з разьліку 2000 даляраў – цяпер гэта вельмі добрая кватэра павінна быць”, — кажа Тацяна Скурко.

Пакупніцкі попыт пераарыентаваўся на прыгарады

Паводле маёй суразмоўніцы, цяпер рынак жыльля ў Беларусі перанасычаны прапановамі з завышанымі коштамі. Хто хацеў раней набыць за прымальны кошт, грошы ўжо уклаў. Бальшыня ж патэнцыйных пакупнікоў папросту не пасьпявае за ростам цэнаў на нерухомасьць.

І цяпер агенцтвы бяруць на дамову толькі тыя кватэры, гаспадары якіх прапануюць рэальны, а не касьмічны кошт. У іншым выпадку неадэкватная прапанова “вісіць” некалькі месяцаў.

У гэтым зьвязку адбылася пераарыентацыя на рынку нерухомасьці. Пакупнікі ўсё часьцей набываюць жыльлё ў прыгарадах. Так, у Самахвалавічах пад Менскам двухпакаёвую кватэру можна набыць за 50 тысяч даляраў.

Дзейнасьць у новых умовах ужо прывяла да таго, што праца шэрагу рыэлтарскіх кампаніяў стала нерэнтабэльнай. Бальшыня агенцтваў засталася бяз працы, а шэсьць кантораў у Менску і Горадні часова прыпынілі дзейнасьць з-за адсутнасьці пакупнікоў.

Аднак зьніжэньне коштаў на нерухомасьць многія экспэрты лічаць часовым, прагназуючы вяртаньне попыту пасьля Новага году.

Зь іншага боку, тэндэнцыя зьніжэньня коштаў на нерухомасьць характэрная для многіх рэгіёнаў сьвету. Так, пасьля многіх гадоў росту цэны на дамы і кватэры ў эўрапейскіх краінах пачалі падаць тэмпамі, якія вымяраюцца двухзначнымі лічбамі. Прычыны агульныя як для ЗША, так і для Эўропы: высокія працэнтныя стаўкі і ўсё больш жорсткія стандарты крэдытаваньня.
XS
SM
MD
LG