Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Большасьць народу падтрымлівае тыя 12 умоў Эўразьвязу”


Ягор Маёрчык, Менск Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што Эўропа вылучае непрымальныя ўмовы для дыялёгу зь Беларусьсю. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў сёньня ў інтэрвію гішпанскай газэцe “El Pais”.

Лукашэнка сказаў: “Эўропа ня хоча нармальных дачыненьняў зь Беларусьсю, таму што Эўразьвяз далёка зайшоў і сёньня ня можа выйсьці з гэтага, захаваўшы свой твар”.

Камэнтары слухачоў “Свабоды”:

Леанід, Маладэчна: “Аляксандар Рыгоравіч, аб’явіўшы сябе цэнтрам Эўропы, спрабуе дыктаваць ёй свае ўмовы. Гэта паводле прынцыпу: усе ідуць не ў нагу, толькі ён у нагу. Ці як у Крылова: відаць, вельмі моцная тая моська, якая брэша на слана — то бок, на Эўропу. Вельмі яго баіцца і адчувае ў ім патрэбу”.

Анастас Семяновіч: “Эўразьвяз ня хоча нармалізацыі дачыненьняў зь Беларусьсю. Пра гэта заявіў таварыш Лукашэнка ў інтэрвію гішпанскай газэце “El Pais”.

Я вам адкажу, што абсалютная большасьць народу падтрымлівае тыя патрабаваньні да вас, тыя 12 пунктаў. Вы скажаце, што вы супраць сумленных выбараў. Выбарчы закон створаны пад вас. І сёньня і ўчора выбараў у нас няма. Вы самі заявілі, што выбары былі сфальшаваныя.

Другое патрабаваньне Эўропы і Амэрыкі — каб вызвалілі ўсіх палітзьняволеных. Вашы агітатары кажуць, што ў нас іх няма. Аляксандар Казулін, Дашкевіч і дзясяткі іншых герояў Беларусі. Хто яны? Гэта самыя сумленныя, адданыя людзі Беларусі. Дык што, гэтыя патрабаваньні несправядлівыя?! Падумайце за нас, беларускі народ”.

Па-ранейшаму шмат увагі нашы слухачы надаюць сустрэчы чатырох беларускіх рок-музыкаў з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім:

Валодзя, Берасьце: “Пра паход беларускіх музыкаў у адміністрацыю прэзыдэнта. Лічу, мякка кажучы, што гэта іхная памылка. Іх проста выкарыстала адміністрацыя. Гэта добра сплянаваная правакацыя.

Пачытайце “Советскую Белоруссию” за суботу, і тады стане зразумела, што так яно і ёсьць. Але лічу, нічога тут страшнага няма. Няхай дадуць прэсавую канфэрэнцыю наконт таго, што адбылося.

І хачу закінуць каменьчык у агарод палітыкаў, што не падтрымалі такіх папулярных музыкаў, і вось яны вырашылі самі пайсьці, каб нешта зрабіць на сваю карысьць. Раней трэба было палітыкам на іх увагу зьвярнуць, на музыкаў — можа, матэрыяльна ці нечым іншым выказаць сваю падтрымку. Я іх як слухаў, так і буду слухаць. Дыскі выкідаць не зьбіраюся, але ўсё ж непрыемны асадак застаўся”.

Спадар: “У мяне пытаньне да Алега Хаменкі, лідэра рок-гурта “Палац”. Ці запатрабаваў ён вяртаньня праграмы “Тузін гітоў” у эфір?”

Слухачу адказвае лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка:

Хаменка: “На сустрэчах гэтага пытаньне я ня ставіў. На сёньняшні момант “Тузін гітоў” выходзіць на радыё “Рацыя”. На гэтым тыдні гэтую праграму можна пачуць і ў Берасьці, і ў Горадні. Раней “Тузін гітоў” выходзіў толькі ў Менску.

На мой погляд, такой надзвычайнай патрэбы ў тым, каб FM-варыянт гэтай праграмы зьявіўся ў Менску, ня вельмі актуальны. У Менску праграму слухаюць праз інтэрнэт. А нашыя абласныя гарады павінныя чуць гэтую праграму ў эфіры”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар: “Мяне хвалюе такое пытаньне. Чаму ў перадачах пра жыцьцё палітвязьняў ніколі ня згадваюцца імёны прадпрымальнікаў з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і Юр’я Лявонава?

Гэтыя людзі наўпрост палітыкай не займаліся, але ж іх справа цалкам палітычная. Яны пацярпелі ад сыстэмы. І таму слушна лічацца вязьнямі сумленьня.

Так змагацца за свае чалавечыя правы, як змагаўся спадар Аўтуховіч, мог толькі чалавек з крыштальным сумленьнем, чалавек вельмі моцны духам, вельмі мужны. Таму я вельмі вас прашу распавесьці пра лёс гэтых людзей”.

Слухачу адказвае рэдактарка цыклю праграмаў “Адзін дзень у сям’і палітвязьня” Ганна Соўсь:

Соўсь: “У цыклі “Адзін дзень палітвязьня” мы паведамляем пра людзей, якія займаліся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, і іхнае зьняволеньне было прызнанае палітычна матываваным, у тым ліку і шэрагам міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Прызналі палітвязьнямі, напрыклад, Аляксандра Казуліна, Андрэя Клімава і іншых.

Справа прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юр’я Лявонава мела шырокі грамадзкі рэзананс, і мы падрабязна асьвятлялі яе ў эфіры і на сайце — і будзем працягваць гэта рабіць.

Аднак гэтыя прадпрымальнікі не выстаўлялі палітычных патрабаваньняў, яны годна абаранялі свой бізнэс, што, вядома, варта павагі. Але яны не зьяўляюцца палітычнымі вязьнямі, іх такімі ня лічаць уплывовыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. І з гэтай прычыны не былі ўключаныя ў цыкль “Адзін дзень палітвязьня”.

Аднак пра іхную справу і пра ўмовы зьняволеньня мы будзем паведамляць у іншых перадачах Радыё Свабода”.

Наступнае тэлефанаваньне таксама прысьвечанае перадачам Радыё Свабода:

Віталі Скіндзер, Івацэвіцкі раён: “Скажыце, што трэба зрабіць, каб стаць грамадзкім рэдактарам Радыё Свабода? Я інвалід першай групы па зроку, зьяўляюся прыхільнікам дальняга прыёму. Чакаю адказу ў эфіры”.

Шаноўны слухач, калі ласка, пакіньце свае каардынаты на тэлефон “Свабоды” ў Менску: 266-39-52. Куратар праграмы “Грамадзкі рэдактар” зьвяжацца з вамі.
XS
SM
MD
LG