Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць зьезд Беларускага саюзу мастакоў


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў канцэртнай зале "Менск" праходзіць чарговы XIX зьезд Беларускага саюзу мастакоў. У працы зьезду бяруць удзел каля 250 дэлегатаў і гасьцей. У першай палове дня яны заслухаюць і абмяркуюць справаздачу старшыні БСМ Уладзімера Басалыгі аб працы арганізацыі. Затым адбудуцца выбары новага старшыні і кіруючых органаў саюза.

“За тры гады мы зрабілі 880 выставаў, праектаў і плэнэраў, -- паведаміў Радыё Свабода старшыня Беларускага саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга, -- і шэраг пасьпяховых замежных праектаў – ў Парыжы, Рыме, Жэнэве ды іншых гарадах сьвету. Апроч гэтага самі мастакі арганізавалі вельмі шмат экспазыцый за мяжой”.

На сёньня ў Беларускім саюзе мастакоў каля 1200 сяброў, каля 70% маюць майстэрні. Аднак многія з іх цяпер патрабуюць рамонту.

Старшыня БСМ спадзяецца, што ў кіраўніцтва саюзу прыйдзе маладое пакаленьне. Як чакаецца, на пасаду старшыні творчага саюзу будуць балятавацца такія вядомыя мастакі, як Уладзімер Савіч, ад суполкі “Пагоня” Сяргей Цімохаў, Аляксандар Дранец (мастак помніку Францішка Скарыны) ды іншыя. Праўдападобна, што ізноў захоча быць старшынём саюзу яго колішні кіраўнік Генадзь Буралкін.

Паводле Уладзімера Басалыгі, згодна з рашэньнем прэзыдыюма БСМ прадстаўнікі грамадзка-палітычных СМІ на зьезд не запрошаныя. Там будуць толькі спэцыялізаваныя мэдыі “Культура” і “Мастацтва”.

Што да праблемаў творчага саюзу, то Уладзімер Басалыга кажа пра тое, што дагэтуль не вырашанае пытаньне працоўнага стажу і сацыяльнай абароны мастакоў. Многія зь іх ня маюць працоўных кніжак, а сяброўства ў саюзе цяпер ня лічыцца працоўным стажам .За савецкім часам залічваўся масткам творчы стаж.

Знамянальным для жыцьця беларускіх мастакоў назваў зьезд мастак Аляксей Марачкін.

“У нас вялікі патэнцыял і авангард творчых асобаў, а беларуская школа -- вельмі высокага ўзроўню. І многае будзе залежыць ад таго, хто стане новым старшынём саюзу. Ёсьць і падводныя камяні. На маю думку, не зусім нармальна, калі наш творчы саюз усю энэргію аддае на тое, каб неяк захаваць саюз і яго маёмасьць. Шэраг масткоў ня маюць магчымасьці плаціць за майстэрні, паколькі вельмі высокія кошты, і гэтыя запазычанасьці творчы саюз вымушаны сам аплачваць”, -- кажа Аляксей Марачкін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG