Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці прайшлі сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з выбарцамі


Радыё Свабода Паводле закону, гэткія сустрэчы могуць праводзіцца ці з ініцыятывы дэпутата, ці паводле патрабаваньня выбарцаў. Патрабаваньне належыць пацьвердзіць трыма сотнямі подпісаў. У гэтым выпадку сустрэчы прайшлі з патрабаваньня выбарцаў. У адзін дзень, амаль адначасна ў трох розных месцах з жыхарамі Берасьця сустрэліся Алег Вялічка, Валянціна Качан і Сьвятлана Гіль.

“Ні ў aднoй кватэры не маглі назваць імя дэпутата”

Лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавядае пра ініцыятыву выбарцаў:

“Гэта ёсьць часткай сацыяльнай кампаніі, якая ня скончылася з правядзеньнем “Сацыяльнага маршу”, а працягваецца. Трэба прымусіць так званых дэпутатаў здаць справаздачу, якія ў пераважнай большасьці ні воднага разу іх не рабілі за тры гады. Гэтыя высновы – вынік нашых хаджэньняў па кватэрах. Прынамсі, майго – у Менску, дзе мы сабралі болей за 100 подпісаў, і дзе нам ні ў воднай кватэры не сказалі, што ведаюць імя дэпутата і што ён праводзіў нейкую справаздачу: у першую чаргу, пра вынікі галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў, у выніку якога 5, 5 мільёнаў чалавек страцілі ня проста льготы, але элемэнтарныя сацыяльныя гарантыі”.

“Паверце, ня ўсе з гэтых 50 катэгорыяў мелі ў іх патрэбу”...

Адзін з дэпутатаў, якія сустракаліся з выбарцамі, Алег Вялічка, узначальвае Камісію па ахове здароўя, фізычнай культуры, справах сям’і і моладзі. Ён падкрэсьліў, што ніякага дзіву ў яго сустрэчы з выбарцамі няма – яна была 79-я. А яшчэ пацьвердзіў, што галасаваў “За” скасаваньне ільготаў і пэўны, што гэта слушна.

“Льготы ў нас насілі катэгарыйны характар – 50 катэгорыяў льготнікаў было. Паверце мне, не ўсе з гэтых 50 катэгорыяў сапраўды мелі ў іх патрэбу. І тут я цалкам падтрымліваю прэзыдэнта – павінна быць адрасная сацыяльная дапамога”.

Заробак ад 40 да 370 тысячаў рублёў

Намесьнік старшыні абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў заўважыў, што ў часе сустрэч высьветлілася, што дэпутаты не заўсёды валодаюць фактамі з жыцьця сваіх выбарцаў.

“На ўсіх сустрэчах прысутнічалі альтэрнатыўныя кандыдаты, канкурэнты сёньняшніх дэпутатаў. І гэта надавала пэўную вастрыню гэтай сустрэчы. Высьветлілася, што існуе шэраг непаразуменьняў у бачаньні сацыяльнай, эканамічнай палітыкі дзяржавы і ўласна выбаршчыкамі. У прыватнасьці, адзін з прадстаўнікоў “Цветотрона” заявіў, што ягоны заробак на заводзе, як і супрацоўнікаў суседняга заводу,– не такі, як паведамляе прэзыдэнт, а складае ад 40 да 370 тысячаў рублёў”.

Дэпутат Алег Вялічка мяркуе, што трэба часьцей сустракацца. Таму што канчатковая мэта – кансэнсус,– узгадвае ён Міхаіла Гарбачова. А Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што ўнікальнасьць сустрэч дэпутатаў з выбарцамі ў тым, што ініцыятары - выбарцы.
XS
SM
MD
LG