Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Мельянцоў: “Унутры БНФ заўжды была пляцоўка для дэбатаў”


Уладзімер Глод, Менск

Сябра сойму Партыі БНФ, дэпутатка Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Галіна Сямдзянава гаворыць: тры кандыдаты на першую партыйную пасаду – гэта нармальна:

“Гэта сьведчыць пра тое, што ёсьць пэўны плюралізм. Але калі казаць пра асобы кандыдатаў, паўстаюць пытаньні. Прыкладам, я як сябра сойму ня бачыла, чым чатыры гады займаўся намесьнік старшыні партыі Алесь Міхалевіч. Таму мяне зьдзіўляе тое, што ён зьбіраецца стаць яшчэ і старшынём.

Віктар Івашкевіч увесь час быў у адной камандзе зь Вінцуком Вячоркам. І таму, мне падаецца, на зьезьдзе ўсё стане на свае месцы, і мы пабачым аднаго прэтэндэнта”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў адзначае:

“Шчыра кажучы, я быў зьдзіўлены, калі Віктар Івашкевіч выставіў сваю кандыдатуру. Таму што за ім фактычна не стаіць ні ўплывовай групоўкі, ні каманды ўнутры партыі, як у спадароў Міхалевіча і Вячоркі.

Як мне зараз падаецца, і што я адчуваю па выказваньнях партыйных актывістаў, гэта тое – што для партыі цяпер больш важна захаваць стабільнасьць, выжыць у тых умовах, якія склаліся ў Беларусі. І напэўна кандыдатам, які найбольш адпавядае гэтым запатрабаваньням партыі, застаецца Вінцук Вячорка”.

Галіна Сямдзянава перакананая – расколу на зьездзе не адбудзецца:

“Старшыня гэта ж ня ёсьць партыя. У любым выпадку партыя будзе працягваць працаваць. Тое, што зараз адбываецца, як я бачу, азначае, што спэцслужбы працуюць на раскол партыі. Яны ж ужо пакалолі амаль усе апазыцыйныя партыі і цяпер чарга дайшла і да нашай. Але ж наша партыя заўжды адрозьнівалася ад іншых. У нас шмат прэтэнзій адзін да другога. Але калі мы трапляем у нейкую крытычную сытуацыю, партыя заўжды знаходзіць выйсьце і аб’ядноўваецца. Я думаю, што і гэтым разам будзе тое самае”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў гаворыць, што “ўнутры БНФ заўжды была пляцоўка для размоваў, дэбатаў, канкурэнцыі”:

"Таму такая канкурэнцыя будучых магчымых партыйных лідэраў вяглядае цалкам натуральнай. А тое, што канкурэнтная барацьба перайшла ў дастаткова жорсткую фазу, можа сьведчыць пра тое, што ў партыі ёсьць пэўная палярызацыя наконт таго, якім чынам яна павінна далей разьвівацца.

У якасьці прычынаў тут можна прывесьці наступнае – партыйнае кіраўніцтва даўно не абнаўлялася. І ў той жа час падрасло новае пакаленьне лідэраў, новае пакаленьне палітыкаў унутры БНФ. Гэта і група Міхалевіча, і Янукевіч, і Лабковіч. Гэта ўжо новае маладое пакаленьне, якое і больш адукаванае, і больш дасьведчанае ў партыйных справах. І таму яны ўваходзяць у пэўнае супярэчаньне з той партыйнай лініяй, якую праводзіць каманда Вячоркі".

• В.Вячорка і А.Міхалевіч адказваюць на пытаньні “Свабоды”, 26.11.2007 • В.Івашкевіч і А.Міхалевіч адказваюць на пытаньні “Свабоды”, 27.11.2007
XS
SM
MD
LG