Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мірон павесіў у Віцебску сьцяг да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну


Радыё Свабода, Віцебск Ён быў прымацаваны да электрычных дратоў на вышыні каля 30 мэтраў. Каб зьняць сьцяг, вывешаны ў самым цэнтры гораду, міліцыянтам давялося выклікаць пажарную машыну з лесьвіцай.

Бела-чырвона-белы сьцяг зьявіўся а 10-й вечара недалёка ад будынка абласной бібліятэкі па вуліцы Леніна. За тыя паўгадзіны, пакуль не прыехала міліцыя, яго маглі бачыць сотні мінакоў.

Сьледам за першай міліцэйскай машынай пад''ехалі яшчэ некалькі – з байцамі спэцназу, якія адразу ж пайшлі патруляваць бліжэйшыя двары.

Некалькі спэцназаўцаў засталіся вартаваць падыходы да бібліятэкі. Яшчэ двое скіраваліся сьледам за незалежнымі журналістамі, якія прыехалі на месца здарэньня, і пэўны час адсочвалі ўсе іхныя перасоўваньні з адлегласьці ў дзесятак крокаў.

Яшчэ праз колькі часу каля бібліятэкі зьявілася пажарная машына з лесьвіцай. Пакуль супрацоўнікі МНС дабіраліся да сьцяга, старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда пасьпеў распавесьці вядомыя яму падрабязнасьці пра чарговы ўчынак няўлоўнага Мірона:

"З крыніц, вартых даверу, я даведаўся, што бела-чырвона-белы сьцяг залунаў недалёка ад абласной бібліятэкі. З тых самых крыніц мне стала вядома, што да сьцяга прымацавана цыдулка са словамі: "Слава і вечная памяць героям Слуцкага збройнага чыну!" І подпіс: "Мірон" Калі я прыехаў на гэтае месца, я сапраўды ўбачыў сьцяг, было шмат міліцыі. Магчыма, яны шукалі Мірона. Сьцяг правісеў недзе хвілін 45, потым пад''ехала пажарная машына, і яго зьнялі",– сказаў спадар Хамайда.

Міліцыянты забралі бела-чырвона-белы сьцяг з сабою ды зьехалі. Легендарнага Мірона, які вывешвае нацыянальныя сьцягі ў самых цяжка даступных месцах, адшукаць ды затрымаць ім не ўдалося й гэтым разам.
XS
SM
MD
LG