Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці патрэбны Кангрэс праэўрапейскіх сілаў?


Віталь Цыганкоў, Менск Адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч выступіў за правядзеньне Кангрэсу праэўрапейскіх сілаў. Якія мэты і задачы мае выканаць Кангрэс, што ён можа зьмяніць у палітычным жыцьці Беларусі? Ці ня можа гэтая ідэя выклікаць раскол у апазыцыі? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: “Мікола Статкевіч лічыць, што форум праэўрапейскіх сілаў павінен адбыцца не пазьней вясны наступнага году. Наколькі патрэбная зараз гэтая ідэя для палітычнага жыцьця Беларусі? Ці можа яна даць штуршок нейкім працэсам ці наадварот, яна можа пашкодзіць еднасьці апазыцыйных сілаў?

“Магчыма мы грукаем у дзьверы, якія зачыненыя”

Калінкіна: “Я лічу, што пашкодзіць гэтая ідэя і сам форум ніяк ня можа, бо апазыцыя цяпер цалкам арыентаваная на эўрапейскую ідэю. Але гэты Кангрэс можа ня даць плёну. Бо зараз меркаваньні экспэртаў і палітыкаў разыходзяцца наконт далейшых плянаў Эўразьвязу і патэнцыйнай магчымасьці для Беларусі ўступіць у Эўразьвяз.

Нядаўна, як вы ведаеце, у Вільні была канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў, дзе таксама абмяркоўвалася гэтае пытаньне. І наколькі я ведаю, там прыйшлі да высновы, што трэба вельмі хутка правесьці кансультацыі з палітыкамі і чыноўнікамі ЭЗ, каб высьветліць менавіта гэтае пытаньне. Бо магчыма мы грукаем у дзьверы, якія зачыненыя”.

Цыганкоў: “Мікола Статкевіч у нашым эфіры заявіў, што апазыцыю трэба зьяднаць пасьпяховым праектам. Такім праектам Статкевіч лічыць менавіта эўраінтэграцыю”.



Быкоўскі: “Нельга сказаць, што гэта дакладна можа быць пасьпяховым. Паводле сацыёлягаў, насельніцтва не настолькі прыязна ставіцца да любых формах інтэграцыі. Як сьведчаць верасьнёўскія дадзеныя НІСЭПД, то адказ на пытаньне “Ці павінна Беларусь стаць сябрам Эўразьвязу?” дасягнула свайго гістарычнага мінімуму – 29,9 працэнтаў. У той час калі яшчэ ў 2003 годзе за гэта было 60 працэнтаў. Праўда, падобная ж тэндэнцыя назіраецца ў дачыненьні да інтэграцыі з Расеяй.

Так што цяпер інтэграцыйныя праекты не зьяўляюцца нечым, што аб’яднае грамадзтва. Разам з тым, вядома, што ў апазыцыйных колах вельмі станоўча ставяцца да эўрапейскай інтэграцыі, і гэта наўрад ці нешта зьменіць у саміх структурах апазыцыі. Гэтая ідэя ня будзе пашырэньнем аўдыторыі, бо прапаганда эўрапейскага праекту мусіць мяняць сьвядомасьць грамадзтва, але гэта ня ёсьць далучэньне аўдыторыі, якая б падтрымлівала апазыцыю. У апазыцыйных колах стаўленьне да Эўразьвязу і Расеі даўно выкрышталізавалася ва ўсіх апазыцыйных структурах, і сказаць нешта новае будзе цяжка.”

“Кангрэс можа справакаваць канкурэнцыю сярод апазыцыі за тое, “хто з нас большы эўрапеец”

Цыганкоў: “Сярод асноўных апазыцыйных сілаў, магчыма, толькі Партыя Камуністаў на чале з Сяргеям Калякіным ня будзе такой адназначнай прыхільніцай эўрапейскай ідэі. У гэтай сувязі ці можна правядзеньне Кангрэсу разглядаць як запрашэньне для гэтай партыі вызначыцца?”

Калінкіна: Калі ўжо гаварыць пра нейкія нэгатыўныя наступствы ад правядзеньня Кангрэсу, то ён можа справакаваць канкурэнцыю сярод апазыцыі за тое, “хто з нас большы эўрапеец”. Рух за Свабоду Мілінкевіч адназна за гэта, Статкевіч і Навасяд таксама. Натуральна, што БНФ і АГП таксама вымушаныя будуць спрачацца паміж сабой. Ну і левыя вымушаныя будуць “ірваць на сабе кашулю”, даказваючы, што яны таксама двума рукамі за эўрапейскія каштоўнасьці.

Гэта мне здаецца самым небясьпечным у ідэі Міколы Статкевіча. І калі сапраўды будзе вырашаны праводзіць гэтае мерапрыемства, то ягоным арганізатарам давядзецца задумацца пра гэта. Думаю, што ня той час і ня тая сытуацыя, каб спрачацца і спаборнічаць адзін з адным”

Цыганкоў: “Сьвятлана, я ўсё ж хацеў бы, каб вы выказалі сваю думку наконт пазыцыі партыі камуністаў Сяргея Калякіна. Як яна паставіцца да Кангрэсу праэўрапейскіх сілаў?”

Калінкіна: “Я думаю, яна падтрымае эўрапейскія каштоўнасьці. Максымум, за што выступала гэта партыя – за нэўтральны статус Беларусі і заўсёды выступала супраць саюзу з Расеяй”

Быкоўскі: “Ідэя Кангрэсу мне крыху нагадала першую прэсавую канфэрэнцыю арганізатараў “Эўрапейскага маршу”, калі яны нават расстаўлялі акцэнты – хто першы прыдумаў, хто першы каму сказаў і гэтак далей. Гэтак і тут будзе спрэчка за “права першародства”. У прынцыпе, у апазыцыйных колах антаганістаў гэтай ідэі няма.

Іншае пытаньне, хто здолее забраць сябе ляўры першага ці самага прынцыповага эўраінтэгратара. Баюся, што гэтыя ляўры не дастануца нікому, бо эфэктыўнасьць кампаніяў, якія зараз праводзіць апазыцыя, ня вельмі моцная”.

М.Статкевіч: “Калі кааліцыя супраць эўрапейскага праекту, то для чаго яна патрэбная?” 27.11.07
XS
SM
MD
LG