Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спросьціць выезд за мяжу адмена дазвольнага штампу?


Алесь Дашчынскі, Менск Міністар унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў заявіў, што ў сьпісы часова невыязных за межы краіны трапіць каля 100 тысяч беларускіх грамадзянаў. Такі банк зьвестак стварае цяпер міністэрства. За што ж ня будуць пускаць за мяжу?

“Пакуль што выдача дазвольных штампаў працягваецца”

Паведамлена, што сярод 100 тысяч невыязных будуць асобы, якія знаходзяцца пад сьледзтвам, якія былі вызваленыя ўмоўна-датэрмінова ці маюць нясплачаныя крэдыты, няплатнікі алімэнтаў, а таксама грамадзяне, якія валодаюць дзяржаўнымі таямніцамі або не адбылі пакараньня, прызначанага судом.

Цяпер такіх людзей выяўляюць, калі ставяць пячатку “выезд ува ўсе краіны сьвету”. Аднак чакаецца, што пячатку скасуюць, і з 1 студзеня 2008 году памежнікі будуць выяўляць такіх асобаў на мяжы.

Як будзе працаваць гэтая сыстэма, патлумачыць прадстаўнікі МУС пакуль што не бяруцца. Праект спэцыяльнага ўказу разглядае кіраўнік Беларусі.

Начальнік менскага гарадзкога ўпраўленьня грамадзянства і міграцыі Мікалай Шэўчык кажа:

“Па-першае, мы яшчэ ня ведаем, якім чынам будуць інфармаваць грамадзяніна, але грамадзянін павінен ведаць, што, калі ён едзе за межы краіны, ён абмежаваны ў выезьдзе. Бо, як ён паедзе туды, яго могуць зьняць з самалёта ці зь цягніка. І якія потым наступствы?”

Паводле Мікалая Шэўчыка, цяпер ідзе апрацоўваньне сьпісаў невыязных, складзеных на аснове паведамленьняў падатковых інспэкцыяў, судоў, сьледчага камітэту і іншых органаў. Цягам гэтага году болей за сотню жыхароў Менску не атрымалі дазвольнага штампа. Пакуль што выдача дазвольных штампаў працягваецца – можна паставіць штамп хоць на пяць гадоў. Кошт штампа на год складае 31 тысячу рублёў.

“Грамадзяне вінныя дзяржаве 500 мільярдаў рублёў”

Старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Белашэўскі зьвяртае ўвагу на той факт, што падставаў для абмежаваньня на выезд хапае:

“У нас 500 мільярдаў грамадзяне вінныя дзяржаве. Чаму ня сталі закон “Аб амністыі” распаўсюджваць на больш шырокае кола?! Улічваючы такі доўг, выключылі ўсіх даўжнікоў. Дзяржаве вінныя цяпер 500 мільярдаў рублёў. Гэта значная сума”.

Палітык і былы палітвязень Сяргей Скрабец дагэтуль ня мае дазвольнага штампа на выезд ува ўсе краіны сьвету. Яму адмовілі, бо ён не сплаціў даўгоў, які мае сплачваць паводле пастановы суду. Скрабец гаворыць, што гэтае рашэньне незаконнае:

“Калі ты гасіш колькі можаш, то табе павінны даць дазвол. Колькі магу, я гашу. Я зьбіраюся ў судзе ўсё гэта аспрэчыць, але суды як ім скажуць, так яны й прымаюць рашэньне. Надзеі мала, але буду далей змагацца, бо гэта парушэньне канстытуцыі, правоў чалавека”.

“Павінна быць прапісана зразумела і дакладна працэдура абскарджаньня”

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ў сьпісы невыязных трапяць і дэмакратычныя актывісты, якія былі аштрафаваныя, да прыкладу, “за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту”:

“Такія раней выпадкі былі, калі людзям анулявалі штампы на выезд у сувязі з гэтым. Таму, я думаю, што й цяпер будуць выпадкі. І на мяжы іх будуць проста заварочваць і казаць, што ім часова абмежаваны выезд за мяжу.

А другая катэгорыя – гэта асобы зь непагашанай судзімасьцю. У нас ёсьць людзі, судзімасьць адносна якіх яшчэ й не пагасілася. Яна гасіцца на пэўны пэрыяд часу. Таму й гэтыя людзі могуць мець абмежаваньні пры выезьдзе. І плюс яшчэ асобы, супраць якіх заведзены крымінальныя справы. І палітычныя дзеячы, супраць якіх пачатыя крымінальныя справы з палітычных матываў, таксама фармальна трапляюць у кола асобаў, якім абмежаваны выезд”.

Паводле Валянціна Стэфановіча, сыстэма дазвольнага штампа пакуль што выглядае крыху больш празрыстай:

“Ты едзеш некуды за мяжу нічога не падазраючы, а цябе зь цягніка здымаюць, у аэрапорце ў самалёт ня садзяць і кажуць: “Прабачце, вы ў базе асобаў, якім абмежаваны часова выезд за мяжу”. А чаму і як, яны ж ня будуць вам тлумачыць. Гэта больш закрытая і складаная працэдура практычна. У АВІРы ты мог пайсьці да начальніка, спытацца, у чым прычына. Напісаць тут жа пісьмовую заяву, і ён мусіў даць пісьмовы адказ.

Павінна быць прапісана зразумела і дакладна працэдура абскарджаньня гэтых дзеяньняў, бо гэта абмежаваньне права на свабоднае перамяшчэньне. Вось такія нюансы ўзьнікаюць”.
XS
SM
MD
LG