Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Начная аБЛОГа 27 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд блогаў і форумаў беларускага Інтэрнэту

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра зьніжэньне актыўнасьці на рынку нерухомасьці ў Беларусі на 30–40 %. Сытуацыю тлумачаць рэзкім скачком цэнаў на нерухомасьць. Камэнтары:

“Яны ўсё тлумачаць, што народ у шоку, што ня можа прызвычаіцца да новых цэнаў. Даражэнькія мае, да чаго тут шок? Грошай няма!”;

“Вядома, яны ня скажуць, што цэны зьнізяцца. Тады б увогуле спынілі набываць кватэры, чакалі б абвалу”;

“Пірамідка захісталася. Абабралі лохаў, думалі, вечна будзе, але не!”

Паэт і журналіст Алесь Аркуш піша ў сваім блогу пра выкладчыка Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоля Трафімчыка, які ад 26 лістапада страціў працу. Кантракту не падоўжылі за парушэньне дысцыпліны: навуковец без дазволу рэктарату зьезьдзіў у Вільню на канфэрэнцыю гісторыкаў. Алесь Аркуш камэнтуе: “Некалі са мною спрачаліся выкладчыкі, маўляў, яны робяць сапраўдную справу, працуюць, прычым на радзіме. “Калідор” яшчэ звузіўся. Якія могуць быць вынікі такой працы? Там не друкуйся, там не гавары, за мяжу езьдзіць нельга, па-беларуску гаварыць нельга... А думаць можна?”

Блогерка ja000 ў сваім дзёньніку апавядае, што 28 лістапада мусіць ехаць у Івацэвічы на ўласны суд. Дзяўчына разам зь іншымі маладымі людзьмі ўдзельнічала ў летніку. Аўтарка піша:

“Затрымалі за лаянку матам. У мяне зараз будзе гістэрыка, усіх ужо даўно апраўдалі, пасудзілі, паштрафавалі, а пра мяне – адправілі на дапрацоўку, дапрацавалі і зараз будуць судзіць ізноў. З маіх (маці, брат) нікога ня будзе, я адна паеду, так што вы, калі ласка, прыедзьце, а то я нават ня памятаю, як туды ехаць”. Камэнтары:

“Трымайся!”;

“Мы з табой!”

drapeznik публікуе ў сваім блогу відэакліп на песьню Андрэя Раманкевіча “Месяц блытаецца ў хмарах”. Песьня прысьвечаная героям Слуцкага збройнага чыну. Сёньня – 87-я ўгодкі пачатку баявых дзеяньняў войска Слуцкай рады БНР супраць бальшавікоў. Кліп зроблены ў стылі кінахронікі 1920 году:

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG