Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму санкцыі супраць Белнафтахіму ўведзеныя менавіта цяпер?


Яраслаў Крывой, Вашынгтон Міністэрства фінансаў ЗША з сярэдзіны лістапада забараніла амэрыканскім асобам і фірмам мець справы з офісамі кампаніі Белнафтахім у Эўропе, Расеі і Кітаі, а таксама з кампаніяй Belneftekhim USA, якая знаходзіцца ў ЗША. Паводле амэрыканскага Мінфіну, гэты крок павінен узмацніць ужо ўведзеныя санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага кола, паколькі канцэрн Белнафтахім непасрэдна кантралюецца беларускім Прэзыдэнтам. Як у Амэрыцы ацэньваюць эфэктыўнасьць санкцыяў?

На думку аналітыкаў, эканамічныя санкцыі прывядуць да значных стратаў для беларускай эканомікі і нанясуць дадатковую шкоду міжнароднай рэпутацыі Беларусі. Санкцыі дасылаюць сыгнал, што Беларусь зьяўляецца патэнцыйна кепскім інвэстыцыйным кірункам. Гэта асабліва важна цяпер, калі ўлады Беларусі спрабуюць прыцягнуць замежных інвэстараў.

Аднак, агульную занепакоенасьць выклікае тое, што санкцыі звычайна закранаюць людзей, у імя чыіх правоў яны ўводзяцца. Палітыка ізаляцыі краін, у якіх парушаюцца правы чалавека, і пагаршэньне іх эканамічнага стану, залежнага ад адкрытага гандлю, лёгка можа прывесьці да далейшага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека.

Іншы нэгатыўны аспэкт санкцыяў у тым, што яны прымяншаюць значэньне шматбаковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, якога часьцяком няпроста дасягнуць. Напрыклад, у Эўропе дагэтуль працягваецца дыскусія: было б лепей ізаляваць беларускі рэжым зь ягонымі парушэньнямі альбо прапанаваць яму супрацоўніцтва, прадэманстраваўшы афіцыйным асобам лепшыя стандарты кіраваньня краінай.

Тым ня менш, на думку прыхільнікаў санкцыяў, тое, што беларуская праблема ставіцца ў цэнтар міжнароднай увагі, рэжым асуджаецца, а ягоныя рэпрэсаваныя апанэнты маюць маральную падтрымку – усё гэта важна дзеля прадухіленьня далейшага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека.

Скептыкі мяркуюць, што эканамічная падтрымка Расеі можа зрабіць бессэнсоўнымі любыя эканамічныя санкцыі ЗША і яшчэ болей падштурхнуць Беларусь у сфэру ўплыву ўсходняй суседкі. Аднак, варта адзначыць, што санкцыі супраць Белнафтахіму ўведзеныя ў той час, калі ўлады Расеі, асноўнага хаўрусьніка Беларусі, занадта заклапочаныя ўнутранымі перадвыбарнымі пытаньнямі, каб займацца беларускай праблематыкай ці падтрымліваць рэзкія дзеяньні ў адказ на санкцыі ЗША з боку Беларусі.

ЗША падкрэсьліваюць, што Белнафтахім – гэта не апошні крок Амэрыкі. Уводзячы санкцыі супраць Белнафтахіму, ЗША адзначалі, што будуць узмацняць ціск на беларускія ўлады, якія павінны вызваліць палітычных вязьняў, а таксама зрабіць іншыя выразныя крокі на шляху дэмакратызацыі.

ЗША даюць зразумець, што проста не разганяць дэманстрацыі недастаткова, і ад беларускіх уладаў чакаецца нармалізацыя дэмакратычнага працэсу ў краіне, а ня толькі захаваньне аўтарытарнага статус-кво.

У 2006 годзе ЗША склалі сьпіс асобаў, чые асабістыя рахункі – у выпадку, калі будуць знойдзеныя – павінны быць замарожаныя. У сьпісе – Аляксандар Лукашэнка і дзевяць высокапастаўленых асобаў зь ягонага атачэньня. У лютым 2007 году да сьпісу былі дададзеныя яшчэ шэсьць асобаў, і цяпер ён налічвае 16 асобаў.


• "Праскі акцэнт". Санкцыі ЗША супраць “Белнафтахіму”, 24.11.2007 • Ці паўплываюць санкцыі ЗША на праекты афіцыйнага Менску ў Вэнэсуэле?, 15.11.2007 • Злучаныя Штаты ўвялі фінансавыя санкцыі супраць “Белнафтахіму”, 13.11.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG