Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебскай калёніі абшукалі 6-гадовага ўнука Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск 27 лістапада зь Віцебскай калёніі пасьля спатканьня з Аляксандрам Казуліным вярнуліся ягоная жонка Ірына, дочкі Вольга і Юлія, шасьцігадовы ўнук Улад — сын Вольгі. Сваякі Аляксандра Казуліна пасьля сустрэчы з палітыкам у Віцебскай калёніі ацэньваюць стан ягонага здароўя як дрэнны. Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці гэтага спатканьня, якія сьведчаць пра сытуацыю ў калёніі.

Вольга распавяла, што ахоўнікі калёніі абшукалі кожную наведніцу, і праверылі нават яе 6-гадовага сына.

“Унук жа езьдзіў з намі, Улад. Нават у шасьцігадовага дзіцяці праверылі вопратку, ператрэсьлі ўсе кішэні, зьнялі зь яго чаравікі”.

Галоўнае пытаньне, якое высьвятлялі сваякі падчас спатканьня: як пачуваецца Аляксандар Казулін? Вольга не хавае — з часу апошняга спатканьня ўлетку ягонае здароўе не палепшала:

“Ён па-ранейшаму вельмі хутка стамляецца, увесь час хоча спаць, у яго даслоўна гудзе ў галаве. Працаздольнасьць нулявая. Нават чытаць вельмі цяжка. Два месяцы ён ужо ня робіць ніякіх фізычных практыкаваньняў.

Таму здароўе зусім ня лепшае, яго трэба падтрымліваць, у тым ліку ежай, а ў турме гэта ня ўсе разумеюць. Вось і цяпер не абышлося без канфлікту: нам не дазволілі перадаць яму такі дыетычны прадукт, як яйкі. Спаслаліся на тое, што ўжо перадалі харчоў болей за трыццаць кіляграмаў”.

Вольга Казуліна паведаміла, што кожны дзень яе бацьку аглядаюць турэмныя дактары і ўзважваюць яго. Раз на тыдзень Аляксандар Казулін здае аналізы. Дыетычнае харчаваньне для яго ў калёніі пакінулі, але турэмнай ежы палітык амаль не ўжывае.

Дачка палітыка адзначыла і такую акалічнасьць: вельмі слабы фізычна, Аляксандар Казулін захоўвае аптымізм і складае пляны на будучыню:

“У яго гэтак шмат плянаў на будучыню! Ён чакае часу, калі выйдзе на волю, вельмі актыўна думае пра тое, што тады будзе. Мы ўзялі ў яго шмат камэнтароў на актуальныя палітычныя тэмы — пра “Белую Русь”, пра амністыю, пра льготы. Мы гэта ўсё запісалі, вось прыедзем, давядзем ўсё да ладу і агучым”.

Ці працягваецца штучная ізаляцыя Аляксандра Казуліна ў калёніі?

Вольга гэта пацьвердзіла. Яе бацька прывёў такі прыклад: вязьням забараняюць нават перадаваць віншаваньні яму з днём нараджэньня і зь іншымі сьвятамі. Адзін зьняволены насьмеліўся перадаць яму паштоўку, і цяпер Казулін не выключае, што таго чалавека пакаралі.

Міліцыянты забаранілі перадаць Казуліну болей за сотню паштовак з надрукаваным тэкстам, якія ён зьбіраўся падпісаць і адправіць людзям, што даслалі яму лісты. “Яму цяжка ўсё пісаць самаму, таму мы вырашылі гэтак дапамагчы. Тэкст быў зусім просты, але ўсё роўна не дазволілі. Сказалі, хай піша сам”, — паведаміла другая дачка палітыка, Юлія.

Жонка Казуліна Ірына перадала такія словы мужа пра калёнію: “Тут жах. Час нібыта спыніўся. Няма вялікай розьніцы паміж летам і зімой, вясной і восеньню. Адміністрацыю нельга назваць ані злой, ані добрай — а вынік жахлівы. Людзей у турме не выхоўваюць, а наадварот”.

Паводле зьвестак ад Аляксандра Казуліна, ён ужо ня мае магчымасьці слухаць Радыё Свабода, бо перадачы ўвесь час глушаць. На спатканьне палітвязьню нават не дазволілі ўзяць з сабой прымач.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін летась быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Яго абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Палітык віны не прызнаў. Год таму ў вязьніцы Аляксандар Казулін трымаў 53-дзённую галадоўку.

“Міжнародная амністыя” прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня. ЗША і Эўразьвяз патрабуюць тэрмінова вызваліць Казуліна ды іншых беларускіх палітвязьняў.

• Аляксандар Казулін меў спатканьне зь сям’ёй , 27.11.2007 • Якая палітычная будучыня Аляксандра Казуліна , 26.11.2007
XS
SM
MD
LG