Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Паўлаў: “Рэкамэндацыі выканкамаў для абітурыентаў — узаконены блат”


Ганна Соўсь, Менск Рыхтуюцца зьмены да ўказу прэзыдэнта №80 аб новых правілах прыёму абітурыентаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Адна з навацыяў — абітурыенты будуць атрымліваць рэкамэндацыі ў мясцовых органах улады для паступленьня на шэраг спэцыяльнасьцяў. Сярод іх — міжнароднае права, дзяржаўнае кіраваньне, журналістыка, правазнаўства і мытная справа.

У праекце ўказу прэзыдэнта тлумачыцца, што рэкамэндацыі патрэбныя для паступленьня на спэцыяльнасьці, да якіх выстаўляюцца “асаблівыя патрабаваньні”.

Гэта дзяржаўнае кіраваньне, дзяржаўнае кіраваньне і права, дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка, міжнародныя дачыненьні, міжнароднае права, правазнаўства, эканамічнае права, журналістыка, міжнародная журналістыка і мытная справа.

Згодна з праектам зьменаў у конкурсе маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі “прафарыентацыйнае сумоўе ў выканаўчых камітэтах базавага ўзроўню альбо мясцовых адміністрацыях... і атрымалі рэкамэндацыі для паступленьня ў ВНУ па выбранай спэцыяльнасьці”.

“На сёньняшні момант гэты праект знаходзіцца ў адміністрацыі прэзыдэнта”

Праект новых правілаў прыёму абітурыентаў ня будзе выносіцца на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Старшыня камісіі ў справе адукацыі, культуры, навукі й навукова-тэхнічнага прагрэсу Ўладзімер Здановіч тлумачыць:

“Рыхтуюцца зьмены ва ўказ прэзыдэнта №80 па-за межамі нашай камісіі — і наагул па-за межамі Палаты прадстаўнікоў. Наколькі мне вядома, на сёньняшні момант гэты праект знаходзіцца ў адміністрацыі прэзыдэнта, па ім яшчэ не прынятае канчатковае рашэньне.

Там была прапанова выключыць ільготнікаў, якія паступаюць у ВНУ па-за межамі конкурсу. Дык вось гэтая прапанова не падтрыманая. Што тычыцца астатніх прапановаў, то калі гэта будзе ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы, тады зьмены набудуць сілу”.

“Як прадстаўнікі мясцовых адміністрацыяў могуць выявіць здольнасьць чалавека да міжнароднай дзейнасьці?”

Дэпутат Уладзімер Здановіч зь цяжкасьцю ўяўляе, як прадстаўнікі мясцовых органаў улады будуць ацэньваць прыдатнасьць абітурыентаў да пэўных спэцыяльнасьцяў.

“Як гэта будуць рабіць прадстаўнікі мясцовых адміністрацыяў, калі, напрыклад, патрэбна выявіць здольнасьць чалавека да міжнароднай дзейнасьці? Я спадзяваўся, што калі мясцовыя органы ўлады будуць ухваляць рашэньне чалавека паступаць на тую ці іншую спэцыяльнасьць, то, магчыма, яны пасьля гэтага будуць прапаноўваць і месца працы. Тады ў нас будзе нешта накшталт мэтавага накіраваньня на працу.

Але гэта наўрад ці, паколькі па спэцыяльнасьці “міжнародная дзейнасьць” такой працы проста ня знойдзецца ў райвыканкамах”.

Паводле Ўладзімера Здановіча, варта проста скараціць колькасьць бюджэтных месцаў, калі хочуць зьменшыць прыём на пэўныя спэцыяльнасьці.

“Начальнікі ўладкуюць сваіх дзетак”

У Міністэрстве адукацыі Радыё Свабода паабяцалі пазьней патлумачыць сваю пазыцыю што да новых правілаў прыёму ў ВНУ.

А ў Менгарвыканкаме кажуць, што яшчэ ня маюць зьвестак пра сыстэму рэкамэндацыяў для абітурыентаў, але па выхадзе ўказу будуць яго выконваць.

Былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў назваў прапанаваныя зьмены “ўзаконеным блатам”.

“Начальнікі ўладкуюць сваіх дзетак, дадуць ім рэкамэндацыі. Праходзілі мы гэта. Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў — усе ведалі, што гэта блатны інстытут, што там вучацца толькі дзеці дыпляматаў і высокіх партыйных чыноўнікаў.

Па вялікім рахунку, гэта паляваньне на вядзьмарак. Калі ў кагосьці маці ці бацька “ня тыя”, што трэба, значыць, гэтаму дзіцяці дарога на гэтыя факультэты закрытая. Яшчэ раз беларусаў прымусяць маўчаць”, — лічыць Анатоль Паўлаў.

“У ніводнай краіне такога яшчэ не было”

А вось меркаваньне былога часовага паверанага Беларусі ў Нямеччыне Аляксандра Рухлі, які некаторы час узначальваў аддзел міжнародных сувязяў БДУ.

“Дзіўлюся проста, бо такога я яшчэ ня чуў. У ніводнай краіне такога яшчэ не было. І што з гэтага можа атрымацца? Будуць хадзіць у выканкамы. Будуць стаяць чэргі з моладзі, будуць дамагацца рэкамэндацыяў... Што мы блізкія да савецкай сыстэмы і ўсё больш і больш вяртаемся да яе, дык гэта ж ні для каго не сакрэт”, — кажа Аляксандар Рухля.

За савецкім часам у Беларусі былі пэўныя патрабаваньні для абітурыентаў, якія зьбіраліся паступаць на некаторыя спэцыяльнасьці. Напрыклад, для паступленьня на юрыдычны факультэт патрабавалі мець пэўны працоўны стаж, на факультэт журналістыкі — публікацыі і рэкамэндацыі ад сродку масавай інфармацыі. А пры паступленьні ў Маскоўскі інстытут міжнародных дачыненьняў патрабавалася рэкамэндацыя абкаму партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG