Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачалася інфармацыйная кампанія супарць гвалту ў сем’ях


Сяргей Астраўцоў, Гародня У Беларусі пачалася інфармацыйная кампанія, накіраваная на прафіляктыку гвалту ў сем’ях. Яна праводзіцца пад эгідай прадстаўніцтва ААН. Часта ў сем’ях церпяць жанчыны, але самымі безабароннымі заўжды застаюцца дзеці.

Сёлета на Гарадзеншчыне бацькоўскіх правоў пазбавілі больш за 220 чалавек. Іхнія дзеці цярпелі зьдзекі, у тым ліку псыхічныя, маральныя, галадалі, ня мелі бацькоўскай ласкі. Колькасьць такіх сем’яў не зьмяншаецца, чаму? Мы зьвярнуліся з такім пытаньнем да выкладчыка псыхалёгіі Гарадзенскага мэдычнага унівэрсытэту Аляксандра Прудзілы:

“Большасьць праблемных сем’яў, дзе бацькі зьдзекуюцца зь дзяцей, мае псыхалягічны тэрмін — гіпаапека, адсутнасьць апекі, бо бацькі занятыя самі сабой. Гэта ў асноўным сем’і нізкага ўзроўню — культурнага, эканамічнага і сацыяльнага, існуе яшчэ такі тэрмін — маргінальныя… А чаму яны так сябе паводзяць? І адкуль столькі такіх сем’яў? А іх многа ў нас, у нашым соцыюме. Рэч у тым, што яны маюць дэфіцытарную матывацыю жыцьця. Калі асноўныя патрэбы ў чалавека не задаволены, ён недаядае, у яго няма дзе жыць, для яго другаснымі становяцца патрэба ў каханьні, да бліжняга ў тым ліку”.

Намесьнік начальніка ўправы прафіляктыкі абласной міліцыі Вячаслаў Лукша сказаў, што сёлета падвышана адказнасьць за сем’і, у якіх дрэннае становішча. Адбываюцца выязныя пасяджэньні камісій па справах непаўнагадовых, а таксама судоў, якія вырашаюць: пазбаўляць бацькоўскіх правоў ці не, і часам нават пакідаюць дзяцей з бацькамі.

“У большасьці сваёй мова ідзе аб невялікіх гарадах і пасёлках, дзе адны адных ведаюць, і дзе людзям сапраўды сорамна. Таму што ў вялікім горадзе крайне цяжка гэта зрабіць, там усім на ўсё напляваць”.

Спадар Лукша гаворыць, што калі ў сям’і аздаравілася абстаноўка, дзяцей могуць вярнуць.

“Мова ідзе аб тым, калі часова забіралі дзяцей, 132 дзіцяці сёлета ўжо вярнулі ў біялягічныя сем’і. Там усё наладзілася”.

Псыхоляг Аляксандар Прудзіла гаворыць, што дзеці, што трапляюць у звычайныя дзіцячыя дамы-інтэрнаты, атрымліваюць “гаспіталізм” — гэта базавы недавер да сьвету дарослых.

“Дзетдомаўскі чалавек — гэта ўжо чалавек з параненай псыхікай”.

Выйсьце — стварэньне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, яны ёсьць, але іх замала, патрэбны сродкі, гаворыць псыхоляг, патрэбны людзі з адукацыяй, бо прыёмныя бацькі павінны быць пэдагогамі, выхавацелямі.

Канфлікты ў сем’ях нярэдка сканчаюцца нават трагічна.

За дзевяць месяцаў сёлета ў Беларусі зафіксавана 199 “сямейных” забойстваў — на 55 болей, чым было за той жа час годам раней. Быў таксама зарэгістраваны 361 выпадак нанясеньня цяжкіх траўмаў на глебе сямейна-бытавых адносінаў. Іх колькасьць таксама імкліва расьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG