Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кнігазбораўскі” том Коласа завяршае юбілейны год народнага песьняра


Валянціна Аксак, Менск У недзяржаўным выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў том выбраных твораў Якуба Коласа. Гэтая кніга фактычна завяршае пляны беларускіх выдаўцоў у юбілейны год народнага песьняра. Пляны, трэба сказаць, былі ня надта вялікія, але яшчэ сьціплейшыя апынуліся вынікі іх рэалізацыі.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што ўся творчая спадчына клясыка беларускае літаратуры Якуба Коласа складае ня менш за дваццаць пяць тамоў. Таму задача ў складальніка гэтага тому выбраных твораў, які нядаўна зьявіўся з друку ў недзяржаўным выдавецтве “Кнігазбор”, літаратуразнаўцы Міхася Тычыны была няпростая. Ён кажа, што давялося лепшае выбіраць зь лепшага:

“Мы арыентаваліся найперш на тое, што гэта “Залатая сэрыя” “Беларускага кнігазбору”, таму тут павінны быць адабраныя шэдэўры. У асноўным так атрымліваецца, што яны адначасова і хрэстаматыйныя”.

У шэдэўры гэткім чынам патрапілі паэмы “Новая зямля” ды “Сымон-музыка”, аповесьць “У палескай глушы”, апавяданьні “Казкі жыцьця”, вершы. Не маглі выдаўцы абыйсьці ўвагай і тэксты, у якіх вельмі востра прагучаў голас Коласа ў абарону нацыянальных каштоўнасьцяў, а менавіта не друкаваная раней у кнігах публіцыстыка. Міхась Тычына працягвае:

“Гэта артыкул “Беларуская мова ў казённай школе” і ліст, які Якуб Колас у апошні дзень свайго жыцьця занёс у ЦК КПБ, аб стане беларускай мовы”.

Зь недрукаванага раней увайшлі ў том выбранага і некаторыя вершы песьняра. Напрыклад, верш “Беларускаму люду”, напісаны Коласам у 1921 годзе пасьля так званага Рыскага міру, паводле якога частка Беларусі была аддадзеная бальшавікамі Польшчы. Выдыхнуўшы ўвесь свой гнеў з гэтай нагоды, паэт пісаў:

“Нас падзялілі – хто? Чужаніцы, Цёмных дарог махляры. К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!.. Нашы тут гоні, бары! Будзем мы самі гаспадарамі, Будзем свой скарб ратаваць! Годзе той крыўды! Ў ногу з братамі Пойдзем наш край вызваляць”.

Апрача “Кнігазбораўскага” тому ў год 125-гадовага юбілею Якуба Коласа выйшла яшчэ некалькі кнігаў клясыка. Найперш трэба згадаць два тамы з задуманага дваццацітомнага акадэмічнага выданьня збору твораў і некалькі кнігаў ў сэрыі “Школьная бібліятэка”, выдадзеных дзяржаўным выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.

Дасьледчык творчасьці народнага песьняра доктар філялёгіі Міхась Тычына лічыць, што наклады выдадзеных кнігаў – усяго тысяча ці дзьве тысячы асобнікаў – істотна не ўплываюць на агульную сытуацыю насычанасьці беларускага кніжнага рынку творамі Якуба Коласа:

“І гэты том у “Залатой сэрыі” “Кнігазбору” ўсё-ткі ён бы меў тады цану і вагу, калі б ён ляжаў на стале ці на паліцы знаходзіўся ў хаце кожнага беларуса. А гэта вельмі далёка да ідэалу”.
XS
SM
MD
LG