Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “Калі кааліцыя супраць эўрапейскага праекту, то для чаго яна патрэбная?”


Радыё Свабода, Менск Адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч выступіў за правядзеньне Кангрэсу праэўрапейскіх сілаў. Статкевіч перакананы, што гэты форум павінен адбыцца не пазьней вясны наступнага году. Якія мэты і задачы мае выканаць Кангрэс? Ці не выкліча ён раскол у апазыцыі? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае сам Мікола Статкевіч.

Цыганкоў: «Навошта зараз патрэбны Кангрэс праэўрапейскіх сілаў. Што ён можа зьмяніць у палітычным жыцьці Беларусі?»

Статкевіч: “Я лічу, што ён вельмі патрэбны. Беларусь апынулася перад выбарам. Мы паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам. Куды рухацца, якія каштоўнасьці абіраць? Для любога адукаванага, дасьведчанага чалавека адказ відавочны. Эўразьвяз дае ўнікальны шанец для разьвіцьця краіны, для зусім іншай якасьці жыцьця. Ён стварае матывацыю для элітаў краіны ўдасканальваць заканадаўства, эканоміку. Улада на гэты выклік адказу даць ня можа. У Расею яна ня можа, бо большасьць грамадзян Беларусі за незалежнасьць. У Эўразьвяз яна ня хоча, бо гэта будзе азначаць вольныя выбары і страту ўлады. На жаль, і многія ў апазыцыі ігнаруюць гэты выклік. Пераважная большасьць дэмакратычнага актыву, ці ня ўвесь дэмакратычны электарат цалкам на праэўрапейскіх пазыцыях. Па-сутнасьці, можна сказаць, што эўрапейскі электарат і дэмакратычны – гэта адно і тое ж. Але кіраўнікі некалькіх палітычных партыяў чамусьці гэтыя настроі ігнаруюць дзеля сваіх суб’ектыўных мэтаў. Таму хай зьбяруцца ўсе актывісты, якія на сваіх плячах выносяць цяжар усіх кампаніяў у рэгіёнах – і заявяць сваю пазыцыю!”

Цыганкоў: “Але сацыялягічныя досьледы паказваюць, што цяпер расьце колькасьць гэтых званых “ізаляцыяналістаў”, якія не ў Расею ня хочуць, не ў Эўропу...”

Статкевіч: “Як задасі пытаньне, такі і атрымаеш адказ. На пытаньне, ці падтрымліваеце вы інтэграцыю Беларусі ў Эўразьвяз, станоўча адказвае большасьць. А калі пачынаць гэтае пытаньне дзяліць, то можна гэтую лічбу драбіць. Большасьць – ня супраць. І гэта галоўнае”

Цыганкоў: “Але ці ня баіцеся вы, што гэтая ідэя – Кангрэсу праэўрапейскіх сілаў – можа раскалоць адзінства апазыцыі?”

Статкевіч: “Мабыць, адзінства апазыцыі – гэта сродак, а ня мэта. Гэта павінна быць сродкам для перамогі. Але калі гэта дастаткова штучная кааліцыя, аб’яднаньне супрацьлеглых – па ідэалёгіі, па геапалітычнаму выбару – палітычных сілаў замінае нам рухацца наперад, то магчыма нам трэба адмовіцца ад гэтага аб’яднаньня альбо зрабіць яго больш мяккім? Калі яно замінае нам прапанаваць народу прывабны лёзунг, які цалкам можа зьмяніць імідж апазыцыі?

Апазыцыю трэба зьяднаць з пасьпяховым праектам. Калі гэтаму замінае жаданьне камуністаў падабацца любімай Маскве, то на халеру тады патрэбна такая кааліцыя?”
XS
SM
MD
LG