Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёсаваньне чэмпіянату сьвету па футболе: каму піць “Amarula”?


Уладзімер Глод, Менск Людзі, якія пабывалі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, цьвердзяць: там ёсьць цудоўны напой – мясцовы сьметанковы лікёр “Amarula”. Ці можна ўзьняць кілішак гэтага напою пасьля вынікаў лёсаваньня, якое вызначала супернікаў нацыянальнай каманды Беларусі ў кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату сьвету 2010 году? Пашанцавала беларускім футбалістам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе кідалі жэрабя, ці не? Што думаюць пра гэта футбольныя спэцыялісты ў Менску?

Фінал чэмпіянату сьвету пройдзе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы летам 2010 году. Каб трапіць туды, трэба стаць пераможцам свайго групавога турніру. Гэта самы жаданы і лепшы варыянт.

Ёсьць яшчэ адзін – Эўропе ў фінале прадстаўлена 13 месцаў, а эўрапейскіх групаў толькі 9. Таму 8 камандаў, якія зоймуць у групах другія месцы, правядуць дадатковыя гульні. Гэта азначае, што футбалістам Беларусі трэба займаць як мінімум другое месца ў сваёй групе. І гэта пры ўмове, што ім давядзецца змагацца з камандамі Харватыі, Англіі, Украіны, Казахстану, Андоры.

Футбольны трэнэр Эдуард Малафееў лічыць, што футбалісты Беларусі павінны змагацца толькі за першае месца ў групе:

“Калі так ня думаць, дык тады наагул не патрэбна займацца футболам. Тады не патрэбна ні запрашаць замежных трэнэраў, ні іншага. Ну, як жа так?!

Футбол цяпер выраўноўваецца зьнізу. Цяпер многія каманды, якія быццам бы не прэтэндуюць на лідэрства ў Эўропе, сьвеце, прыносяць мноства сюрпрызаў. Такіх прыкладаў усё больш ды больш. Значыць, усё перадусім будзе залежыць ад таго, як наша каманда будзе падрыхтаваная да кожнай гульні”.

Эдуард Малафееў раіць браць прыклад з расейскіх футбалістаў:

“Ну чаму Расея перамагае Англію? А мы што, ня можам яе перамагчы? Там што, у Расеі, нейкія надзвычай моцныя гульцы?”

Першы намесьнік старшыні Фэдэрацыі футболу Беларусі Віктар Новікаў называе групу, у якую трапілі беларусы, “вельмі складанай”:

“Харватыя, Англія, Украіна дый той жа Казахстан – гэта ня простыя каманды. Таму нельга сказаць, што лёс нам сымпатызаваў параўнальна зь іншымі групамі. Я ацэньваю нашу групу як складаную”.

Спадар Новікаў адзначае, што гульні ў групах пачнуцца амаль праз год. І за гэты час многае можа зьмяніцца:

“Вядома, Англія прайграла Расеі. Але гэта не азначае, што праз год гэта будзе тая ж самая каманда. Бліжэй да адборачнага турніру будзем аналізаваць – пабачым, як Харватыя згуляе на чэмпіянаце Эўропы, як Англія і Ўкраіна правядуць таварыскія гульні. Будзем сачыць за іх станам.

Тое ж самае можна казаць і пра нашу каманду, пра яе стан. Таму сёньня я ня стаў бы рабіць доўгатэрміновых прагнозаў”.

У 1982 годзе, калі менскія дынамаўцы ўпершыню сталі чэмпіёнамі Савецкага Саюзу, за каманду выступаў нападнік Ігар Гурыновіч. Ён лічыць, што шанцаў трапіць у фінал у цяперашняй нацыянальнай каманды “няма ніякіх”:

“Будзе някрыўдна, што не выйшлі з групы. Бо сапраўды моцныя каманды нам трапіліся. Будзем вышэйшыя за Казахстан і Андору. Але ж там яшчэ і Англія, і Харватыя, і Ўкраіна. Ну, магчыма, яшчэ можна будзе з Украінай “пабадацца”. Трэба ж рэальна глядзець на рэчы”.

Цікаўлюся ў Ігара Гурыновіча, а як бы цяпер згулялі чэмпіёны Савецкага Саюзу, калі б яны былі маладзейшыя і надзелі форму нацыянальнай каманды Беларусі? У адказ чую:

“Цікавае пытаньне. Але мне на яго адказваць няёмка. Вы лепш у заўзятараў спытайцеся...”

Ігар Гурыновіч дадае, што каму пашанцавала, дык гэта заўзятарам. Яны могуць пабачыць на ўласныя вочы вельмі моцныя каманды. І калі каму і ўздымаць кілішкі, дык гэта ім – беларускім заўзятарам,

Галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі Бэрнд Штангэ лічыць сваю адборачную групу вельмі моцнай:

"Бачна, што перад намі стаіць няпростая задача. Зборная Беларусі патрапіла ў вельмі моцную групу. Галоўная ўвага ў ёй, безумоўна, будзе прыцягнутая да камандаў Харватыі ды Англіі. Аднак і іншыя зборныя я не стаў бы недаацэньваць», – цытуе Штангэ Reuters.

Футбольная перамога над Галяндыяй стала слабым суцяшэньнем, 21.10.2007
XS
SM
MD
LG