Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Вячорка і А.Міхалевіч адказваюць на пытаньні “Свабоды”


Валер Каліноўскі, Прага 8 – 9 сьнежня ў Менску пройдзе чарговы зьезд Партыі БНФ. На пасаду старшыні будуць балятавацца цяперашні лідэр Вінцук Вячорка і яго намесьнікі Віктар Івашкевіч ды Алесь Міхалевіч. Мы будзем гутарыць з усімі прэтэндэнтамі, а таксама знаёміць вас зь іх дэбатамі ў ранішніх жывых эфірах. Мы пачынаем дэбатамі паміж спадарамі Вінцуком Вячоркам і Алесем Міхалевічам.

Карэспандэнт: "Ці езьдзіце вы ўжо па рэгіёнах, ці сустракаецеся з актывам?"

Міхалевіч: "Зразумела, мы езьдзім па рэгіёнах, ужо адбыліся практычна абсалютная большасьць сходаў для вылучэньня дэлегатаў на зьезд партыі, мы сустракаемся, прамаўляем перад тымі людзьмі, якія сабраліся вылучаць дэлегатаў, размаўляем з самімі дэлегатамі".

Карэспандэнт: "Спадар Вінцук, а куды вы езьдзілі ў мінулыя выходныя?"

Вячорка: "Ну, па-першае, трэба езьдзіць па рэгіёнах ня толькі напярэдадні зьезду. Я стараюся рабіць гэта ўвесь час. Апошнія выходныя я быў у Маладэчне і Наваполацку".

Ці пагражае БНФ раскол?

Карэспандэнт: "Давайцеся дамовімся аб фармаце дэбатаў. Спачатку я задам агульнае пытаньне дваім удзельнікам, потым асобнае пытаньне будзе кожнаму, а потым вы задасьцё пытаньне адзін аднаму".

А для пачатку паслухаем меркаваньне палітоляга, выкладчыка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімера Роўды, які перакананы, што БНФ – гэта не звычайная партыя, а партыя, якая стаяла ў першых шэрагах пры стварэньні беларускай дэмакратычнай апазыцыі. БНФ аднойчы перажыў раскол, і магчымы паўтор тых падзеяў вельмі спадабаецца ўладам, адзначае палітоляг Уладзімер Роўда:

Роўда: “Яны будуць пляскаць у далоні, калі гэты раскол пойдзе далей. Таму што першы раскол адбыўся ў 1999-м годзе. І гэта мы добра памятаем.

Таму я хацеў бы нейкім чынам паўплываць (калі гэта, зразумела, магчыма) на тых людзей, якія будуць галасаваць на зьездзе. Пры любым раскладзе той бок, які прайграе, павінны падтрымаць рашэньні таго боку, які перамог. Нельга ісьці на паўторны раскол. Нельга паўтараць памылку 1999 году”.

Карэспандэнт: "Палітоляг Уладзімер Роўда, гаворачы, што "яны будуць пляскаць у далоні", меў на ўвазе беларускія ўлады. А зараз пытаньне абодвум прэтэндэнтам на пасаду старшыні партыі БНФ. Скажыце, на вашу думку, ці паўплывае гэты зьезд на сытуацыю ў партыі, у беларускім дэмакратычным лягеры, ці ня выкліча расколу, чаго пабойваецца спадар Роўда ды іншыя?"

Вячорка: "Вельмі важна, каб гэты зьезд адназначна выказаўся за незалежнасьць партыі БНФ як незалежніцкай сілы. Незалежніцкая сіла павінна быць незалежнай. Гэта па-першае.
В.Вячорка: “Незалежніцкая сіла павінна быць незалежнай... Партыя БНФ павінна выйсьці зь ценю такіх агульных паняцьцяў як "апазыцыя”.
Па-другое, партыя БНФ павінна выйсьці зь ценю такіх агульных паняцьцяў як "апазыцыя", "рухі", "ініцыятывы" і так далей. Мы даволі працяглы час вельмі я лічу добра працуем у кааліцыі, фронтаўцы ўспамагаюць сабою новазьяўленыя ініцыятывы і рухі, але я думаю, усё ж, што любая кааліцыя, любая сіла моцная тады, калі моцны яе хрыбет. А Беларускі Народны Фронт моцны тады, калі ён сам заяўляе пра сябе, пра свае погляды.

У гэтым сэнсе для мяне вельмі важна, каб зьезд выказаўся менавіта за такі кірунак. У 1999 годзе не было расколу, было ўтварэньне самастойных палітычных сіл. Партыя БНФ працягвае юрыдычна і палітычна тую традыцыю, якая была закладзеная яшчэ ў 1988 годзе".

Карэспандэнт: "Такім чынам, раскол не пагражае пры выбары таго ці іншага старшыні?"

Вячорка: "Я яшчэ раз паўтаруся, што перакананы, што зьезд выкажацца за самастойнасьць, самаістасьць БНФ. Прынамсі, абсалютная яго бальшыня. Калі нейкая іншая частка захоча “пакласьці” Фронт пад нейкую іншую структуру, то гэта ўжо будзе ня фронтаўскі падыход".

Карэспандэнт: "Алесь Міхалевіч, зьвяртаюся да вас – ці ёсьць такая частка ў цяперашнім складзе актыву БНФ, якая гатовая гэта зрабіць, пра што толькі што сказаў спадар Вінцук?"

Міхалевіч: "Упэўнены, што расколу ў партыі БНФ ня будзе. Для ўсіх людзей, для ўсіх кандыдатаў, якія балятуюцца на пасаду старшыні партыі БНФ, самастойнасьць Фронту зьяўляецца адной з асноўных вартасьцяў, адной з асноўных каштоўнасьцяў. Таму ўпэўнены, што расколу ў партыі БНФ быць ня можа.
А.Міхалевіч: "Калі б дэмкааліцыя была эфэктыўная, мы б ужо даўно перамаглі”.
Партыя БНФ зьяўляецца партыяй з найвышэй палітычнай культурай. Я абсалютна ўпэўнены – сярод усіх іншых палітычных партый мы выглядаем найлепш.

Што датычыць дэмакратычнага лягеру, то, пагадзіцеся, што сёньня тая кааліцыя, якая ёсьць, яна не да канца эфэктыўная. Калі б яна была эфэктыўная, мы б ужо даўно перамаглі. Таму, зразумела, пэўныя зьмены ўнутры апазыцыі павінны адбыцца. Павінна адбыцца аб''яднаньне тых людзей, якія стаяць на падобных прынцыпах. Якія маюць падобную праграму. Мы павінны гаварыць зь беларускім грамадзтвам ня толькі пра тое, што трэба зьмяніць Лукашэнку, але й пра тое, што павінна быць на выніку".

Карэспандэнт: "А зараз меркаваньне сябры сому БНФ Валянціны Сьвяцкай:"

Сьвяцкая: "Мне вельмі не падабаецца, што хтосьці выносіць сьмецьце з хаты. Гэта – унутрыпартыйная справа, і мы павінны спачатку самі навесьці парадак, усё ўдакладніць. І толькі пасьля, як кажуць, выходзіць на шырокія вуліцы і праспэкты. Таму, мне падаецца, што некаторыя прэтэндэнты крыху загуляліся ў так званую галоснасьць, як яны кажуць.

Я лічу, што партыя БНФ – сёньня адна з уплывовых партыяў у апазыцыі. Але ж тое, што некаторыя прэтэндэнты на пасаду старшыні партыі зь ёй зараз вытвараюць, не ідзе на карысьць партыі”.

Ці варта “выносіць сьмецьце з хаты”?

Карэспандэнт: "Пытаньне абодвум удзельнікам дыскусіі – а хто мае вызначаць: што для ўнутрыпартыйнага ўжытку, а што для публічнага, агульнанацыянальнага ўжытку?"

Міхалевіч: "Перш за ўсё, я ўпэўнены, што партыя БНФ зьяўляецца партыяй, якая адлюстроўвае інтарэсы беларускага грамадзтва, таму мы павінны быць максымальна адкрытымі да беларускага грамадзтва, мы не павінны хаваць нейкай інфармацыі. Паколькі ўнутраная барацьба ў партыі БНФ адбываецца абсалютна цывілізавана, я абсалютна перакананы, што няма патрэбы саромецца і выносіць гэта на публіку. Няма патрэбы хаваць нейкую інфармацыю перад грамадзянамі".
А.Міхалевіч: "Унутраная барацьба ў партыі БНФ адбываецца абсалютна цывілізавана”.
Карэспандэнт: "Закід пра гульні ў галоснасьць, як думаеце, гэта было на ваш адрас?"

Міхалевіч: "Вельмі цяжка сказаць. У нас на сёньняшні дзень тры прэтэндэнты. Таму цяжка вызначыць, пра каго канкрэтна вядзецца гаворка".

Карэспандэнт: "Спадар Вінцук, хто мае вызначаць ступень адкрытасьці, што варта гаварыць, што ня варта – сойм, намесьнікі, старшыня партыі?"
В.Вячорка: "Заўсёды ёсьць пэўныя ўнутраныя арганізацыйныя пытаньні, якія шырокай публіцы проста нецікавыя".
Вячорка: "Я думаю, што ёсьць два роўні гаворкі. Адзін ровень – гэта тое, што мы прапануем усяму грамадзтву. І ў гэтым сэнсе трэба ня тое што галосна, а гучна гаварыць пра тое, што Беларускі Народны Фронт будзе мець уплыў на вынік любой палітычнай кампаніі, якую мы прапануем, у чым сутнасьць любой ідэалягічнай дыскусіі, якая будзе адбывацца на зьезьдзе. Заўсёды ёсьць пэўныя ўнутраныя арганізацыйныя пытаньні, якія шырокай публіцы проста нецікавыя".

Хто хоча “перакупіць БНФ”?

Карэспандэнт: "Працягнем гутарку пытаньнем, якое я адрасую пэрсанальна Вінцуку Вячорку, лідэру партыі БНФ сёньня. Вы заявілі ў інтэрнэт-выданьні "Наша Ніва", што "хтосьці хоча перакупіць партыю БНФ як крыніцу людзкіх рэсурсаў". Патлумачце, хто гэта, якім чынам і для чаго робіць?"
В.Вячорка: "Фронтаўцаў ангажуюць у гэтыя новаяўленыя структуры, якія вельмі часта канчаюць пшыкам".
Вячорка: "А гэта робяць безупынна, увесь час. Гэта паўтараецца раз за разам, калі едуць прадстаўнікі самых розных ініцыятываў – і палітычных, і псэўдаграмадзкіх – у рэгіёны, заўсёды зьвяртаюцца да тых самых людзей. У бальшыні рэгіёнаў рэальна жывыя структуры – гэта менавіта фронтаўцы. І ангажуюць іх у гэтыя новаяўленыя структуры, якія вельмі часта канчаюць пшыкам, а ў людзей застаецца прыкрасьць.

Мяне трывожыць, калі нашых людзей ставяць у сытуацыю двайной палітычнай ляяльнасьці. Калі іх запісваюць у новыя палітычныя арганізацыі, якія далёка не заўсёды прымаюць ідэнтычныя з Фронтам палітычныя рашэньні".

Карэспандэнт: "Яшчэ адно да вас пытаньне. Чаму вы, старшыня партыі, не змаглі каардынаваць дзейнасьці свайго намесьніка Міхалевіча і публічна прызналіся, што ня ведаеце, чым ён займаўся апошнія чатыры гады?"

Вячорка: "Вось менавіта таму і прызнаўся. Немагчыма каардынаваць тое, чаго ня ведаеш".

Карэспандэнт: "Алесь Міхалевіч, я зьвяртаюся да вас. Адрэагуйце, адкажыце – чым вы займаліся?"

Міхалевіч: "Дзякуй вялікі, за апошнія два гады, калі я быў пераабраны намесьнікам старшыні партыі, да мяне паступіла адно даручэньне спадара Вінцука, якое я і пасьпяхова выканаў. Што тычыцца канкрэтных кампэтэнцый, за што павінен адказваць кожны з намесьнікаў, на першым жа пасяджэньні кіраўніцтва на прапанову Вінцука Вячоркі было вырашана, што намесьнікі не павінныя адказваць за канкрэтныя кірункі, а павінны проста працаваць, падпарадкоўваючыся старшыні.

Зразумела, мяне такая сытуацыя не задаволіла. Я быў змушаны браць на сябе адказнасьць за пэўныя кірункі. Я з самага пачатку адказваў, напрыклад, за чарнобыльскі кірунак. Намі была выдадзеная кніга "Спыніць чарнобыльскі радыяцыйны генацыд беларускага народу".

Але найперш я займаўся працай з рэгіёнамі. Я наведваў мясцовыя арганізацыі, сустракаўся з імі, дапамагаў ім мэтадычна, у выданьні газэт, вырабе сайтаў. Каб нашыя мясцовыя лідэры, нашая партыя станавіліся вядомымі, папулярнымі. Каб нашыя мясцовыя актывісты атрымлівалі дадатковыя рычагі ўплыву на беларускае грамадзтва".

Карэспандэнт: "Алесь, і пытаньне да вас пэрсанальнае. Зьявілася інфармацыя, што вы выступаеце за выхад партыі БНФ з кааліцыі аб''яднаных дэмакратычных сіл, за стварэньне новай шырокай кааліцыі. Цытую: "Трэба ў першую чаргу клапаціцца пра еднасьць нацыянальных сіл, а, па-другое, дэмакратычных". Наколькі для вас істотная пазыцыя выйсьці з АДС?"

Міхалевіч: "Не, ні ў якім разе. Я лічу, што аб''яднаныя дэмакратычныя сілы – вельмі важная кааліцыя.
А.Міхалевіч: "Пасьля таго, як аб''яднаныя дэмсілы пагадзіліся, што ў іх... павінен быць шматгаловы "цмок", яны прызналіся ў тым, што кааліцыя непрацаздольная".
Іншае пытаньне, давайце таксама скажам шчыра, што пасьля таго, як аб''яднаныя дэмакратычныя сілы пагадзіліся, што ў іх не павінна быць старшыні Палітычнай рады, а павінен быць шматгаловы "цмок", яны прызналіся ў тым, што фактычна кааліцыя непрацаздольная, яна ня здольная выконваць пастаўленыя мэты. Таму я не выступаю за выхад з кааліцыі, яна патрэбная для некаторых важных палітычных працэсах, як, напрыклад, вылучэньне кандыдатаў у камісіі, бо разам з рознымі палітычнымі партыямі можна вылучыць больш людзей.

Але ў працы зь беларускім грамадзтвам трэба думаць ня толькі пра тое, якім чынам працаваць ад імя кааліцыі, але думаць, як працаваць ад імя Беларускага Народнага Фронту. Трэба думаць, якім чынам стварыць групу арганізацый, а ня толькі партый, заўважце, я кажу ня толькі партый, я кажу пра розныя арганізацыі, якія спавядаюць нацыянальную, нацыянальна-дэмакратычную ідэалёгію.

Трэба стварыць такое аб''яднаньне арганізацый, і ў працы з грамадзтвам перш за ўсё выступаць ад імя партыі БНФ".

Пры чыім старшынстве Фронт "сыдзе ў нябыт", а пры чыім "прыйдзе да ўлады"?

Карэспандэнт: "Алесь, паколькі вы выступалі апошнім, у вас ёсьць магчымасьць задаць пытаньне Вінцуку Вячорку пытаньне".

Міхалевіч: "Маё пытаньне будзе падобным на тое, якое ўжо гучала У сваёй праграме Вінцук Вячорка кажа: "Не дазволю, каб Народным фронтам маніпулявалі звонку. Хто канкрэтна, на вашае меркаваньне, будзе маніпуляваць Фронтам, калі зьезд абярэ старшынём Віктара Івашкевіча ці мяне?"
В.Вячорка: "Не павінна быць штабоў на суседніх вуліцах, дзе будуць прымацца рашэньні, якія будуць навязвацца БНФ".
Вячорка: "Я толькі за тое, каб у Беларускім Народным Фронце ўсе рашэньні прымаліся самім Фронтам, нашымі легітымнымі органамі. Не павінна быць ніякіх штабоў на суседніх вуліцах, дзе будуць прымацца рашэньні, якія будуць навязвацца Беларускаму Народнаму Фронту".

Карэспандэнт: "Алесь, вы задаволены адказам?"

Міхалевіч: "Ну, хацелася б, зразумела, пачуць канкрэтны адказ. Але я пачуў тое, што пачуў".

Карэспандэнт: "Спадар Вінцук – вашае пытаньне Алесю Міхалевічу".

Вячорка: "У беларускай грамадзка-палітычнай гісторыі фігуравалі розныя арганізацыі ды ініцыятывы – Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Моладзевы інфармацыйны цэнтар, Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў, удзельнічаць у кіраўніцтве якой я даручаў у свой час спадару Міхалевічу. Усе яны ціха сышлі ў нябыт. І з усімі імі нейкім чынам зьвязана імя Алеся Міхалевіча. Таксама як і з ініцыятывай "Хопіць!", шалікі якой добра былі бачныя пад час апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, лёс якой такі ж самы.

Алесь, ты прэтэндуеш на кіраваньне БНФ, маючы такі багаж. Ці не паўторыцца з Фронтам тая ж гісторыя? Ці ты знайшоў за чатыры гады намесьніцтва нейкі чароўны ключык, каб гэтая гісторыя не паўтарылася?"

Міхалевіч: "Дзякуй, спадар Вінцук. Хачу сказаць, што нягледзячы на скасаваньне дзейнасьці Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Міністэрствам юстыцыі, нягледзячы на афіцыйнае закрыцьцё арганізацыі, яна жыве, мае рэгіянальныя структуры, мае офіс у Менску, ёсьць актывісты, старшыня Рады. Ёсьць папярэджаньне, якое ня так даўна было дадзенае некалькім дзясяткам студэнтаў і былым студэнтам за тое, што яны дзейнічаюць ад імя Задзіночаньня. Арганізацыя ва ўмовах падпольнага часу існуе вельмі добра.

Што да Моладзевага інфармацыйнага цэнтру, раю зайсьці на сайт www.adukacyja.info. Гэта сайт, які інфармуе маладых людзей зь Беларусі пра адукацыйныя праграмы замежжа, магчымасьці атрымаць стыпэндыі, магчымасьці атрымаць адукацыю ў тым ліку і ў Беларусі. Моладзевы інфармацыйны цэнтар дзейнічае, у арганізацыі ёсьць сваё кіраўніцтва, таму я ўпэўнены, што тыя арганізацыі, якія я ачольваў, яны дзейнічаюць.

Што да Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў, усе мы цудоўна ведаем, што на апошніх выбарах у мясцовыя саветы было абрана ў 10 разоў меней дэпутатаў ад дэмакратычных партыій арганізацый, на сёньняшні момант склад Асамблеі дэпутатаў мсяцовых саветаў каля 10-ці чалавек. Гэтая арганізацыя проста перастала мець тое вялікае значэньне, хаця таксама, заўважу, яна дзейнічае, мае сайт www.deputaty.org, мае кіраўніцтва.
А.Міхалевіч: "Пагодзімся, што і дзейнасьць БНФ, калі параўнаць з 1999 ці 1994 годам, стала бачнай нашмат і нашмат менш".
Што датычыць таго, што дзейнасьць арганізацый стала менш бачнай, як было раней, то пагодзімся, што і дзейнасьць БНФ, калі параўнаць з 1999 годам ці, што яшчэ лепш, з 1994 годам, дык стала бачнай нашмат і нашмат менш.

Якраз тое, што арганізацыі, якія я ачольваў, яны не памерлі. А за гэты час памерлі шмат моладзевых арганізацый. Гэта яскрава сьведчыць пра тое, што пад маім кіраўніцтвам БНФ таксама не памрэ, будзе яшчэ больш разьвівацца. І ўпэўнены, прыйдзе да ўлады”.

Карэспандэнт: "Спадар Вінцук, вы задаволеныя адказам?"

Вячорка: "Я пачуў адказ".

Карэспандэнт: "Шаноўнае спадарства, у вас ёсьць па адной хвіліне, каб падвесьці вынік дыскусіі і зьвярнуцца да нашых слухачоў, сярод якіх, магчыма, і вашыя патэнцыйныя выбарцы".
В.Вячорка: "Гуртуймася вакол БНФ у абароне нашых ідэалаў".
Вячорка: "Ня ўсе слухачы мае выбарцы на зьезьдзе, а слухачам я скажу, што наступны год будзе вельмі важным для беларускай незалежнасьці. Гэта будзе год выратаваньня беларускай незалежнасьці. Год 90-годзьдзя БНР, але ня толькі. Гуртуймася вакол БНФ у абароне нашых ідэалаў".
А.Міхалевіч: "Наступныя 2 гады даюць нам вельмі сур''ёзныя шанцы, каб прыйсьці да ўлады".
Міхалевіч: "Наступныя 2 гады даюць нам вельмі сур''ёзныя шанцы, каб прыйсьці да ўлады. Нацыянальныя сілы, аб''яднаўшыся, могуць зрабіць так, каб мы маглі вельмі сур''ёзна зьмяніць палітычную сытуацыю ў Беларусі. Упэўнены, што ад БНФ будзе залежыць, ці гэта адбудзецца. Дзякуй вялікі за запрашэньне, за магчымасьць выступіць. Беларускі Народны Фронт пераможа".

З панядзелка ў ранішнім эфіры – дэбаты паміж прэтэндэнтамі на пасаду старшыні Партыі БНФ, 26.11.2007 Вячорка, Івашкевіч і Міхалевіч прэзэнтавалі свае праграмы ў Магілёве, 17.11.2007
XS
SM
MD
LG