Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: “сувэрэнная дэмакратыя” супраць маршаў нязгодных


Юры Дракахруст, Прага У мінулыя выходныя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу адбыліся акцыі апазыцыі “Маршы нязгодных”, жорстка разагнаныя сіламі правапарадку. Сотні чалавек былі затрыманыя, адзін з кіраўнікоў руху «Другая Россия» Гары Каспараў быў асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Абедзьве акцыі не былі санкцыянаваныя ўладамі. У Маскве ў суботу прыблізна тры тысячы ўдзельнікаў маршу нязгодных сабраліся на праспэкце Сахарава. Яны трымалі плякаты “За Расею, супраць Пуціна”, “Не – выбарам бяз выбараў”. Яны спрабавалі прайсьці да будынку цэнтарвыбаркаму ў цэнтры гораду.

Адбылася сутычка з міліцыяй і АМАПам. Быў затрыманы адзін з кіраўнікоў руху «Другая Россия», былы чэмпіён сьвету па шахматах Гары Каспараў. У той жа дзень ён быў асуджаны да 5 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачваньні ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу і супраціве міліцыі.

Падчас мітынгу ў Маскве Каспараў заявіў:

Каспараў: «Зразумела, што калі гэты рэжым захаваецца на больш менш працяглы тэрмін, то гэта пагражае існаваньню Расеі. Таму з нашага пункту гледжаньня галоўная задача – гэта дэмантаж рэжыму, рэжыму карумпаванага, злачыннага, ілжывага, рэжыму, які ня можа вырашаць і нават ставіць пытаньні, якія сёньня трэба абмяркоўваць усёй краінай».

На наступны дзень у нядзелю ня менш брутальны разгон акцыі апазыцыі адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. Удзельнікі акцыі – каля 500 чалавек – несьлі толькі белыя гвазьдзікі як знак сваіх мірных намераў.

Праз пэўны час да дэманстрантаў далучыліся людзі, якія ўзьнялі чорны сьцяг зь сярпом і молатам. Міліцыя адразу затрымала іх, а потым пачала хапаць і іншых удзельнікаў акцыі. 10 чалавек былі зьбітыя, у тым ліку і адзін з кіраўнікоў партыі СПС Леанід Гозман, паводле розных зьвестак ад 100 да 200 чалавек былі затрыманыя. Сярод затрыманых былі першы і другі нумары фэдэральнага выбарчага сьпісу СПС – старшыня партыі Нікіта Бялых і Барыс Нямцоў. У хуткім часе яны былі вызваленыя без складаньня пратаколаў.

“Washington Post”: адкуль бяруцца жорсткасьць уладаў і аптымізм насельніцтва?

У наступную нядзелю ў Расеі адбудуцца выбары ў Дзяржаўную думу. Паводле дадзеных апошніх сацыялягічных апытаньняў, склад яе будзе ня надта разнастайны. Паводле фонду «Общественное мнение», 63% набярэ «Единая Россия», 10% – камуністы, столькі ж – ЛДПР, пад пытаньнем – пераадоленьне бар’еру у 7% партыяй «Справедливая Россия».

Паводле апытаньняў цэнтру імя Юрыя Лявады, бар’ер пераадолеюць наагул толькі дзьве палітычныя сілы: «Единая Россия» на чале з Пуціным (67%) і камуністы (10%).

“Washington Post” у сёньняшнім рэдакцыйным артыкуле выказвае зьдзіўленьне, чаму расейская ўлада, карыстаючыся такой падтрымкай, так непрапарцыйна ўжывае сілу, як гэта было ў мінулыя выходныя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. “Адкуль такая боязь свайго народу?”, – пытаецца газэта.

У якасьці ілюстрацыі “загадкавай расейскай душы” “Washington Post” прыводзіць дадзеныя апытаньня, праведзенага Лявада-цэнтрам на замову нашага радыё. Паводле апытаньня, дзьве траціны расейцаў ня вераць, што думскія выбары будуць свабоднымі і справядлівымі, аднак больш за палову апытаных з аптымізмам глядзяць у будучыню.

Форум прыхільнікаў Пуціна – не для журналістаў, 21.11.2007 Расея ініцыюе скарачэньне міжнародных назіральнікаў на выбарах у 10 разоў, 26.10.2007
XS
SM
MD
LG