Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мастак зь вялікай літары павінен быць па-над усімі палітыкамі”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” — 26 лістапада, панядзелак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з аўтографамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Нашы слухачы занепакоеныя лёсам сэктантаў, якія чакаюць канца сьвету ў зямлянцы ў Пензенскай вобласьці. Сярод іх у добраахвотным зьняволеньні і дванаццаць грамадзянаў Беларусі.

Спадар: “Я не разумею, з-за чаго ўсчалася гістэрыя вакол сэктантаў? Хіба ў нас не дэмакратыя? Хочаш — жыві ў доме, хочаш — у падзямельлі. Хіба ў нас не свабода? Дзяцей забралі. А хіба дзяржава не забірае дзяцей? Спачатку на гвалтоўную адукацыю, потым на гвалтоўную службу ў войска, а хто ня хоча — калі ласка, у турму, а дзяцей у інтэрнат.

А можа, мне лепей у падзямельлі, чым у войску, ці ў турме, ці ў школе? Хто-небудзь выслухаў гэтых людзей ці іхнага лідэра? Раптам яны маюць рацыю?”

На пытаньне слухача адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“У дадзеным выпадку размова ідзе не пра свабоду рацыянальную і разумную, а пра тое, што ёсьць сумненьні ў тым, што людзі паводзяць сябе адэкватна і адпаведна свабодзе сумленьня, розуму. Тое, што грамадзтва клапоціцца пра гэтых людзей, найперш пра дзяцей, якія там апынуліся разам з гэтымі людзьмі, сьведчыць толькі пра тое, што людзі ня страцілі пачуцьця адказнасьці адзін за аднаго.

Тое, што гэтай падзеі надаецца такая ўвага, сьведчыць пра пэўнае здароўе нацыі, пэўнае здароўе грамадзтва. Нельга пакідаць людзей у такой сытуацыі самотнымі, сам-насам”.

Неадназначную рэакцыю слухачоў выклікаў паход чацьвярых беларускіх рок-музыкаў у прэзыдэнцкую адміністрацыю на запрашэньне намесьніка кіраўніка адміністрацыі Алега Праляскоўскага. Вось фрагмэнты тэлефанаваньняў слухачоў:

Яцкевіч Аляксандар Анатолевіч, Віцебск: “Я лічу, што калі ёсьць нейкая эпоха і ёсьць Мастак зь вялікай літары, ён павінен быць па-над усімі палітыкамі, па-над усімі плынямі і адлюстроўваць павінен тое, што яму баліць.

Усе гэтыя палітычныя дамовы — добра. Калі ўлада нешта дасьць “на лапу”, гэта нядрэнна. Але ён павінен быць вольны. Калі ён будзе вольны ад усіх, тады ён будзе сапраўдным мастаком, ён будзе адлюстроўваць тое, што трэба будзе раней ці пазьней самой гісторыі”.

Спадарыня: “А я лічу, што яны зрабілі нармальную справу. Яны ўжо некалькі гадоў ня маюць магчымасьці нармальна працаваць у сваёй краіне. І гэта пытаньне трэба было вырашаць. І добра, што яны схадзілі і паспрабавалі”.

Наступнае тэлефанаваньне тычыцца фінансаваньня беларускай апазыцыі:

Спадар: “Вельмі ўважліва праслухаў выступ Пуціна перад прыхільнікамі партыі “Адзіная Расея”. Ён там сказаў залатыя словы — што расейская апазыцыя павінна шукаць падтрымку не ў Амэрыцы, не ў замежных амбасадах, а шукаць падтрымку ў свайго народу.

Гэтыя ягоныя словы на 101% адносяцца і да нашай апазыцыі. Лябедзька, Вячорка, Мілінкевіч дзясяткі разоў былі ў Амэрыцы на інструктажы. Яны не пакідаюць амэрыканскай амбасады. За гэтыя гады, якія яны ў апазыцыі, празь іх рукі прайшлі дзясяткі мільёнаў даляраў.

Радыё Свабода сказала, што толькі сёлета Кангрэс ЗША зацьвердзіў 20 мільёнаў даляраў на наступныя тры гады для падтрымкі беларускай апазыцыі. І ўзьнікае пытаньне: а куды ж пайшлі гэтыя грошы?”

На пытаньне слухача адказвае лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Бачу, што тэлевізійная прапаганда працуе, што да баек пра мільёны. Давайце не забывацца, што прыярытэт гэтага фінансаваньня — гэта інфармацыя: радыёстанцыі, неўзабаве – тэлеканалы. Якраз мэдыйныя выдаткі складаюць ільвіную долю такіх справаў.

Мушу сказаць, што далёка не заўсёды можна казаць пра эфэктыўнасьць такіх выдаткаў. Калі яны прысьвячаюцца выступам разумных экспэртаў з розных краінаў па-за межамі Беларусі, у суседніх сталіцах, куды прывозяць беларускіх дэмакратычных дзеячаў зь Менску і рэгіёнаў, гэта сапраўды вельмі нямала каштуе.

Але я абсалютна згодны з патасам усіх тых, хто кажа, што працаваць трэба ў Беларусі, я гэта вітаю. Апошнія выходныя я правёў у рэгіёнах, я быў у Маладэчне і Наваполацку”.

Слухачы прасілі перадаць і свае віншаваньні Аляксандру Казуліну, у якога днямі быў дзень нараджэньня:

Лідзія Дзьмітрыеўна, пэнсіянэрка: “Паважаны Аляксандар Уладзіслававіч! Сардэчна віншую вас, мужнага, стойкага змагара за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне з народзінамі! Так хочацца пабачыць вас на свабодзе. Трымайцеся, вы нам вельмі патрэбны! Будзьце здаровым і бадзёрым! Зь вялікай павагай”.
XS
SM
MD
LG