Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Мацкевіч: “На сёньня існуе безальтэрнатыўнасьць расейскай палітыкі”


Ганна Соўсь, Менск Як камэнтуюць разгоны апазыцыйных вулічных акцыяў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Расеі беларускія палітыкі й палітолягі?

Пра разгон апазыцыйных масавых акцыяў у Расеі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў фактычна нічога не паведамілі беларускія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

“Кожны вольны рабіць, што хоча ў сваёй краіне. На тое і дэмакратыя”

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігар Катляроў пра затрыманьні і зьбіцьцё расейскіх лідэраў апазыцыі ўпершыню пачуў ад карэспандэнта Радыё Свабода:

“Глядзеў тэлебачаньне, але нічога такога ня бачыў”.

Карэспандэнтка: “Нямцоў і дэпутат Бялых былі затрыманыя...”

“Першы раз чую. Наколькі мне вядома, расейскае тэлебачаньне гэтага не паказвала. Тое, што розныя палітычныя сілы імкнуцца паказаць, што яны змогуць разьвязаць праблемы, якія стаяць перад расейскім грамадзтвам, гэта правільна. І ўсе дэманстрацыі, дазволеныя законам, павінны праходзіць у рамках закону”, — лічыць Ігар Катляроў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян гэтаксама нічога ня чуў пра гвалтоўныя разгоны акцый пратэсту ў Расеі. Што да самой кампаніі парлямэнцкіх выбараў...

“Як яны прынялі, так і робяць. Кожны вольны рабіць, што хоча ў сваёй краіне. На тое яна і дэмакратыя”, — лічыць Сяргей Касьцян.

“Далей будзе горш”

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка дае наступныя ацэнкі:

“Зламаная рука Леаніда Гозмана — гэта сымбаль зьвярынага аблічча расейскага пуцінізму. Вонкавая палітыка — адраджэньне імпэрыялізму новымі інструмэнтамі. Унутраная палітыка — паступовае, але няўхільнае ўсталяваньне дыктатуры.

Такіх разгонаў напярэдадні папярэдніх расейскіх выбараў яшчэ не было. Яшчэ ня сьмелі арыштоўваць лідэраў апазыцыйных партыяў ці ламаць ім рукі. Цяпер ужо сьмеюць. Далей будзе горш”, — мяркуе Вінцук Вячорка.

“Гэта аналёгія зь любой аўтакратыяй”

А вось якія аналёгіі праводзіць адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч, якога асудзілі на два гады абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў 2004 году.

“Гэта аналёгія зь любой аўтакратыяй, дзе ўлада ад народу пачынае пераходзіць да аднаго чалавека ці да абмежаванага кола людзей. Лёгіка заўсёды адна і тая ж.

Спачатку людзей пазбаўляюць магчымасьці бачыць — гэта значыць, ідзе ціск на сродкі масавай інфармацыі. Потым іх пазбаўляць рэальнай магчымасьці абіраць уладу, а потым і магчымасьці нават публічна пратэставаць”, — гаворыць Мікола Статкевіч.

“На жаль, палітычная апазыцыя ў Расеі згубіла свой электарат”

Паводле палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, Расея праходзіць той самы шлях, што ня так даўно прайшла Беларусь.

“Таму нічога дзіўнага ў тым, як адбываецца перадвыбарчая кампанія ў Расеі, няма. На жаль, трэба канстатаваць, што празаходняя, прадэмакратычная палітычная апазыцыя ў Расеі згубіла і свой электарат, і якія-небудзь рацыянальныя, разумныя прапановы для расейскага электарату.

На сёньняшні дзень існуе амаль безальтэрнатыўнасьць расейскай палітыкі. Можа быць, акрамя такога выключэньня, якога ў Беларусі няма, — уплывовай камуністычнай партыі”, — мяркуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч.



25 лістапада ў Пецярбургу пры спробе правесьці “Марш нязгодных” былі затрыманыя каля трохсот апазыцыянэраў. Лідэр пецябурскага моладзевага “Яблока” Аляксандар Шуршаў быў шпіталізаваны са страсеньнем мазгоў. Кіраўніку мясцовага аддзяленьня Саюзу правых сілаў Леаніду Гозману зламалі руку.

У часе суботняй масавай акцыі апазыцыі ў Маскве былі затрыманыя лідэры кааліцыі “Другая Россия” Гары Каспараў і Эдуард Лімонаў, праваабаронца Леў Панамароў і яшчэ дзясяткі апазыцыянэраў. Каспараву далі пяць сутак арышту. Таксама затрымлівалі аднаго зь лідэраў СПС Барыса Нямцова і дэпутата расейскай Дзярждумы Мікіту Бялых.



• В.Вячорка: “Зламаная рука Гозмана — сымбаль зьвярынага аблічча пуцінізму”, 26.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG