Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бабруйскі кур’ер” папярэджаны за слова “мітынг”


Радыё Свабода Начальнік аддзелу ідэалягічнай работы Бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў пісьмова папярэдзіў рэдактара недзяржаўнай газэты “Бабруйскі кур’ер” Анатоля Санаценку. Ідэоляг вінаваціць недзяржаўную газэту ў “аднабаковым і скажоным” асьвятленьні гарадзкога жыцьця. Рэдактар газэты абвінавачаньняў не прызнае.

Нагодай для папярэджаньня стаў артыкул “Сьвята, якое сышло ў мінулае”. Ён быў прысьвечаны сьвяткаваньню ў Бабруйску гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі. Аўтарка артыкулу Ірына Ўласава назвала сьвяткаваньне “мітынгам”.

У ідэалягічным аддзеле ўгледзелі ў выкарыстаньні гэтага слова парушэньне, бо афіцыйна мерапрыемства называлася “ўскладаньнем кветак адказнымі асобамі да помніка Леніна”.

Анатоль Санаценка ня згодны з прэтэнзіямі ідэалягічнага аддзелу. Ён перакананы, што пакараць “Бабруйскі кур’ер” вырашылі высокапастаўленыя чыноўнікі, а спадар Маркачоў толькі выконвае іхную волю.

“Проста аказалася так, што мы наступілі на сьвятыя сымбалі цяперашняй беларускай дзяржавы. Гэтыя сымбалі зьяўляюцца таксама сымбалямі юнацтва шмат каго зь беларускіх чыноўнікаў. Таксама яны зьяўляюцца асновай сучаснай беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі. Улады мясцовыя палічылі, што мы занадта ідэалягічна непісьменныя і трэба нас пакараць”, — мяркуе рэдактар “Бабруйскага кур’еру” Анатоль Санаценка.

У ідэалягічным аддзеле запэўніваюць, што не зьбіраюцца закрываць недзяржаўную газэту, яе толькі папярэдзілі пра тое, што нельга скажаць інфармацыю:

“Ну, гэта поўнае глупства, мы іх толькі папярэдзілі. Яны скарысталіся довадамі й дадумваньнямі свайго пазаштатнага карэспандэнта, які няправільна патлумачыў правядзеньне грамадзка-масавага гарадзкога мерапрыемства.

Калі пастановай гарвыканкаму праводзіцца толькі ўскладаньне, і калі ён трактуе правядзеньне масавага мерапрыемства словам “мітынг” — гэта ж розныя рэчы”, — зазначае начальнік ідэалягічнага аддзелу Аляксандар Маркачоў.

Пра выяўленае “Бабруйскім кур’ерам” парушэньне ідэалягічны аддзел паінфармаваў Міністэрства інфармацыі.

Каб засьцерагчыся ад магчымых наступстваў, Анатоль Санаценка афіцыйна зьвярнуўся да старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітрыя Бонахава — каб той разабраўся ў канфліктнай сытуацыі.

• “Магілёўсаюздрук” адмовіўся прадаваць недзяржаўны “Бабруйскі кур’ер”, 1.01.2007
XS
SM
MD
LG