Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Роўда: “Нельга паўтараць памылку 1999 году”


Уладзімер Глод, Менск 8-9 сьнежня ў Менску плянуецца правесьці зьезд Партыі БНФ. Прэтэндэнты на пасаду старшыні партыі дзейны кіраўнік Вінцук Вячорка, ягоныя намесьнікі – Віктар Івашкевіч ды Алесь Міхалевіч. Усе прэтэндэнты наведваюць сходы, на якіх партыйныя актывісты абіраюць дэлегатаў на зьезд. Яны выкладаюць сваё стаўленьне да сытуацыі ў партыі. Як бачыцца сытуацыя ў Партыі БНФ чальцам гэтай арганізацыі і палітолягам?

Сябра Сойму Партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая тлумачыць, чаму яе вельмі хвалюе тое, што робіцца ў партыі:

“Мне вельмі не падабаецца, што хтосьці выносіць сьмецьце з хаты. Гэта – унутрыпартыйная справа, і мы павінны спачатку самі навесьці парадак, усё удакладніць. І толькі пасьля, як кажуць, выходзіць на шырокія вуліцы і праспэкты. Таму, мне падаецца, што некаторыя прэтэндэнты крыху загуляліся ў так званую галоснасьць, як яны кажуць.

Я лічу, што партыя БНФ – сёньня адна з уплывовых партыяў у апазыцыі. Але ж тое, што некаторыя прэтэндэнты на пасаду старшыні партыі зь ёй зараз вытвараюць, не ідзе на карысьць партыі”.

Спадарыня Сьвяцкая лічыць, што цяперашняя сытуацыя ў Партыі БНФ сплянаваная спэцслужбамі:

“Я думаю, што гэта ідзе толькі на карысьць уладзе ды пануючаму рэжыму. Таму што ужо ёсьць палітычныя партыі, якія зачынілі, дзейнасьць якіх часова прыпыненая. І тое, што зараз спрабуюць зрабіць з Партыяй БНФ, гэта (прабачце мяне, але рэчы трэба называць сваімі словамі) – цалкам сплянаваная акцыя спэцслужбаў”.

Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту Уладзімер Роўда згадвае, што БНФ – гэта не звычайная партыя. Менавіта яна стаяла ў першых шэрагах пры стварэньні беларускай дэмакратычнай апазыцыі. БНФ ужо аднойчы перажыў раскол і магчымы паўтор тых падзеяў вельмі спадабаецца уладам, адзначае палітоляг:

“Яны будуць пляскаць у далоні, калі гэты раскол пойдзе далей. Таму што першы раскол адбыўся ў 1999-м годзе. І гэта мы добра памятаем.

Таму я хацеў бы нейкім чынам паўплываць (калі гэта зразумела магчыма) на тых людзей, якія будуць галасаваць на зьезьдзе. Пры любым раскладзе той бок, які прайграе, павінны падтрымаць рашэньні таго боку, які перамог. Нельга ісьці на паўторны раскол. Нельга паўтараць памылку 1999 году”.

• З панядзелка ў ранішнім эфіры – дэбаты паміж прэтэндэнтамі на пасаду старшыні Партыі БНФ, 26.11.2007 • Вячорка, Івашкевіч і Міхалевіч прэзэнтавалі свае праграмы ў Магілёве, 17.11.2007
XS
SM
MD
LG