Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая палітычная будучыня Аляксандра Казуліна?


Радыё Свабода, Менск 25-га лістапада ў былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна быў дзень народзінаў, яму споўнілася 52 гады. Гэта ўжо другі дзень народзінаў, які Аляксандр Казулін сустрэў за кратамі. Летась ён быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Якая палітычная будучыня можа чакаць былога кандыдата ў прэзыдэнты? Пра гэта Віталь Цыганкоў гутарыць з публіцыстам Аляксандрам Класкоўскім.

Цыганкоў: "Днямі Генэральная пракуратура чарговы рад адмовілася апратэстоўваць прысуд А.Казуліну. Калі мы хочам абмеркаваць палітычную будучыню Аляксандра Казуліна, то першае ж, галоўнае пытаньне – на вашу думку, ці здолее ён узяць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах?”

Класкоўскі: “Па-першае, варта падкрэсьліць, што тэрмін ягонага зьняволеньня 5 з паловай гадоў – болей за тэрмін прэзыдэнцкай кадэнцыі. І калі Казулін праседзець “ад званка да званка”, то ён у гэтай электаральны вагон, мэтафарычна кажучы, не пасьпявае.

Вядома, аднак, які зараз існуе вонкавы ціск і ўнутры Беларусі грамадзкасьць патрабуе вызваленьня палітвязьняў. Калі дэклярацыі Брусэлю беларускае кіраўніцтва можа і ня вельмі хвалююць, але санкцыі ЗША супраць “Белнафтахіму” (пад маркай вызваленьня палітвязьняў) – гэта ўжо больш адчувальна, што можна меркаваць па нэрвовай рэакцыі кіраўніцтва.

Так што пэўныя шанцы да датэрміновае вызваленьне Казуліна ёсьць. І варта сказаць, што праблема Казуліна на сёньня – магчыма, галоўны галаўны боль для кіроўных вярхоў, бо ў выпадку датэрміновага вызваленьня ён можа стаць самых небясьпечным супернікам на наступных выбарах”

Цыганкоў: “Калі Аляксандар Казулін усё ж выйдзе раней тэрміну, якую палітычную нішу ён зойме пасьля свайго вызваленьня? Улічваючы ягоныя бескампрамісныя паводзіны, ягоную галадоўку,– які імідж замацуецца за ім падчас ягонага знаходжаньня за кратамі, і ці будзе гэтыя імідж запатравабаваны грамадзтвам?”

Класкоўскі: “Варта паставіць пытаньне так – якую нішу яму дазволяць заняць? Я маю на ўвазе ня толькі процідзеяньне ўладаў – яго лёгка спрагназаваць, але і рэакцыю тытульнай апазыцыі. Тое, што зараз усе дружна патрабуюць вызваленьня Казуліна – гэта сьвятая справа. Але гэта не азначае, што потым усе скажуць – вось, Казулін першы сярод нас, і мы добраахвотна аддаем яму права лідэрства.

Наадварот, думаю, будуць вялікія пытаньні на гэты конт. Калі прааналізаваць, то сацыял-дэмакратыі расьцярушаная, увогуле на левым фланзе вялікія амбіцыі ў камуністаў Калікіна. Калі браць права-кансэрватыўнае крыло, то Казулін для яго недастаткова “беларусізаваны”.

Сапраўды, цяпер Казулін мае імідж бескампраміснага змагара, і частка электарату, калі ён выйдзе на волю, можа чакаць ад яго нейкіх цудаў. Разам з тым, калі няма “рэвалюцыйнай сытуацыі”, калі няма ўмоваў для выяўленьня сваіх лепшых якасьцяў, то тады гэты імідж можа вельмі хутка паблякнуць. Нейкіх такіх эпахальных дзеяньняў ва ўмоваў адсутнасьці адпаведных варункаў зрабіць цяжка. Таму для Казуліна будзе сур’ёзнай праблемай – як знайсьці сваю нішу, які імідж намацаць у канкрэтных палітычных умовах”

• Аляксандру Казуліну спаўняецца 52 гады, 24.11.07
XS
SM
MD
LG