Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Падгол: “На цытатнік Лукашэнкі вялікі попыт у Саўміне”


Валянціна Аксак, Менск Зьявілася чатырнаццатае выданьне самвыдатаўскага праекту “Народны тэлевізар”. Яно ўяўляе сабой зборнік цытатаў з выступаў Аляксандра Лукашэнкі, якія калекцыянуе і выдае беларускі палітоляг Уладзімер Падгол.

На ўсіх ахвотных,– кажа складальнік,– гэтых кніжачак не хапае:

“Я ведаю, што быў вялікі дэфіцыт у Саўміне – усе міністры, намесьнікі, іхны апарат марылі мець гэты цытатнік, і таму была чарга. На сёньня ўжо задаволілі іх попыт – увесь Саўмін мае гэты цытатнік. Абласная вэртыкаль ужо насычаная цытатнікам, цяпер на гарадзкім і раённым узроўнях ідзе праца”,– апавёў Уладзімер Падгол.

На пытаньне, ці ёсьць зьвесткі пра тое, як успрымае гэтае выданьне аўтар цытатаў, спадар Падгол сказаў:

“Я думаю, што ён ня мае гэтага цытатніка – на мяне не выходзілі і не прасілі, каб я яму падарыў, падпісаў. Ну калі папросіць, я падару”.

Адметныя выказваньні кіраўніка краіны спадар Падгол зьбірае ўжо дзесяць гадоў. Папаўняць калекцыю цяпер яму дапамагаюць неабыякавыя чытачы. Яны клапоцяцца, каб складальнік нічога не прапусьціў новага, чым дапаўняецца кожнае наступнае выданьне.

“Адрозьненьне чатырнаццатага выданьня ад папярэдніх у тым, што тут зьявіліся цэлыя самастойныя такія мікра-мастацкія творы. Напрыклад, усе памятаюць выказваньне Лукашэнкі пра бабруйскіх габрэяў. У выніку атрымаўся цэлы разьдзел, які я назваў “Уладар габрэяў”,– паведаміў Уладзімер Падгол.

У новым выданьні зьявіўся таксама аналягічны мікраразьдзел “Уладар палякаў”.

Складальнік абяцае, што ў праекту “Народны тэлевізар” будзе працяг.

“Калі я буду жывы і Лукашэнка будзе жывы. Нават, калі ён ня будзе прэзыдэнтам, я думаю, што ён не супакоіцца, і на ягоны раток ніхто ня зможа накінуць платок”.
XS
SM
MD
LG