Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірон узьняў сьцяг над Віцебскам да 77-х угодкаў Уладзімера Караткевіча


Радыё Свабода Бела-чырвон-белы сьцяг зьявіўся напярэдадні дня народзінаў пісьменьніка -- каля 9-й вечара 25-га лістапада. Ён быў прымацаваны да будаўнічых рыштаваньняў недалёка ад помніка Караткевічу, які стаіць у сквэры каля плошчы Леніна.

Нацыянальны сымбаль лунаў менш за паўгадзіны. Журналісты нават не пасьпелі сфатаграфаваць гэтую падзею, бо да будынка Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта па вуліцы Чэхава, побач зь якім зьявіўся сьцяг, амаль адразу ж пад''ехалі дзьве міліцэйскія машыны. Двое супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУСу з паўгадзіны здымалі сьцяг, прымацаваны на ўзроўні трэцяга паверху. Яшчэ некалькі міліцыянтаў зладзілі аблаву на Мірона, спрабуючы адшукаць яго ў цямрэчы старога парку, аднак нікога не злавілі.

Падрабязнасьці пра здарэньне распавёў старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён паведаміў, што яму вядомы зьмест цыдулкі, прымацаванай да сьцяга:

"Мне стала вядома, што ў 20-ці мэтрах ад помніка Караткевічу зьявіўся бела-чырвона-белы сьцяг. І там ёсьць цыдулка з наступным тэкстам: "Да народзінаў Чараўніка беларускага слова Уладзімера Сымонавіча Караткевіча. Хрыстос прызямліўся ў Віцебску!" І подпіс: "Мірон"

Афіцыйныя імпрэзы да 77-х угодкаў Уладзімера Караткевіча прайшлі ўчора на ягонай радзіме – у аршанскім музэі пісьменьніка.

Сёньня а 6-й вечара грамадзкія актывісты мяркуюць сабрацца каля помніка Караткевічу ў Віцебску, ускласьці кветкі ды зладзіць паэтычную вечарыну.
XS
SM
MD
LG