Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня Радыё Свабода – Таісія Кабанчук


Аляксандар Уліцёнак, Менск З 25 да 30 лістапада грамадзкім рэдактарам “Свабоды” будзе Таісія Кабанчук з Бабруйску. Яе абавязкі: штодня вызначаць пяцёрку найлепшых матэрыялаў, рабіць крытычны агляд творчасьці журналістаў, даваць ім парады, а напрыканцы сплянаваць і прааналізаваць пятнічную вечаровую праграму, падсумаваць у наўпроставым эфіры вынікі свайго рэдагаваньня.

Па адукацыі Таісія Кабанчук бібліятэчны работнік. Адзінаццаць гадоў працавала ў бібліятэцы Бабруйскага каледжу. Па сямейных абставінах вымушаная была на кароткі час пакінуць працу. Аднак пасьля ёй ужо не ўдалося ўладкавацца ні ў родны каледж, ні ў любую іншую бібліятэку вялікага гораду.

Негалосная прычына адмоваў – яе актыўны ўдзел у дэмакратычным жыцьці Бабруйску. Зь вялікімі цяжкасьцямі ўладкавацца здолела толькі на склад птушкафабрыкі.

Таісія Кабанчук узначальвае бабруйскую суполку БСДП (Грамада). Некалькі апошніх гадоў арганізацыя пастаянна павялічваецца на некалькі чалавек, хоць партыйцы і адчуваюць павышаную ўвагу да сябе з боку сілавых структураў, ідэалягічнай вэртыкалі, кажа спадарыня Кабанчук.

– …Асабліва тое выявілася гэтым летам і восеньню. Заўважылі, што мы выяжджаем у Менск на апазыцыйныя акцыі, дык увесь час пільныя “таварышы ў цывільным” дзяжураць ля пад’ездаў. Робяць усё, каб сарваць тыя паездкі.

– Што яшчэ вас абурае?

– Сэрца баліць за лёс вёсак, што не ўвайшлі ў зону аграгарадкоў. Цяперашняя дзяржаўная палітыка прывядзе да таго, што аддаленыя населеныя пункты наагул зьнікнуць.

– Вы, мабыць, маеце сваякоў у глыбінцы?

– Так. Застаўся бацькоўскі дом у Сяргеевічах – гэта мяжа Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў. Пад 300 хатаў там – нямала! Але што робіцца: здараецца, па 15 чалавек адразу трапляюць у шпіталь хворымі на сухоты. Скрозь алькаголікі. Ніякай табе міліцыі, дык ці то б’юцца ледзьве не да сьмерці, ці крадуць усё ад алюмініевай лыжкі… Навіны адтуль адны і тыя самыя: колькі ў каго ўкралі, хто памёр, хто чарговы скасаваў шлюб…

Вось чаму я хачу, каб журналісты “Свабоды” падрыхтавалі тэматычную перадачу пра лёс вёсак, аддаленых ад цэнтраў калгасаў і сельсаветаў. Цяпер, з пачаткам зімовага сэзону, жыцьцё там становіцца яшчэ больш праблемным. Буду ўдзячная тым наведнікам сайту “Свабоды”, радыёслухачам, якія падкажуць нам тэмы і адрасы для гэтага дасьледаваньня.
XS
SM
MD
LG