Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маладыя дэмакраты” віншавалі Казуліна і апынуліся ў міліцыі


Радыё Свабода, Менск Затрыманьнем моладзевых актывістаў завяршылася сёньня акцыя салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Як пасьпеў паведаміць нашаму радыё намесьнік старшыні моладзевай структуры АГП “Маладыя дэмакраты” Міхаіл Пашкевіч, актывісты арганізацыі мелі намер павіншаваць Аляксандра Казуліна з днём нараджэньня, а таксама нагадаць мянчанам пра тое, што Беларусь – апошняя краіна ў Эўропе, дзе ёсьць палітычныя зьняволеныя.

“Мы наўмысна нідзе не афішавалі часу правядзеньня акцыі, рыхтаваліся да яе выключна сіламі “Маладых дэмакратаў”, але, праўдападобна, на адным з этапаў здарыўся выцек інфармацыі”, – паведаміў Міхаіл Пашкевіч. Паводле яго словаў, на момант пачатку акцыі а 14-й гадзіне на Кастрычніцкім пляцы было некалькі дзясяткаў людзей у цывільным.

Менск, 25.11.2007. Міліцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі Міліцыя затрымлівае ўдзельніка акцыі салідарнасьці Міхаіла Пашкевіча

Міхаіла Пашкевіча затрымалі ў той момант, калі ён пачаў даставаць з заплечніка партрэты палітзьняволеных. Разам з Пашкевічам былі затрыманыя чальцы “Маладых дэмакратаў” Міхаіл Крываў, Сяргей Клюеў і Канстанцін Сіманкоў. Іх даставілі ў Цэнтральны РАУС Менску, адкуль праз пэўны час выпусьцілі, не складаючы пратаколаў.

Астатніх удзельнікаў акцыі, ужыўшы сілу, з Кастрычніцкага пляцу выціснулі байцы спэцназу.
XS
SM
MD
LG