Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: дэмакраты пачалі падрыхтоўку да выбараў у Палату прадстаўнікоў


Радыё Свабода Каардынацыйная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны сёньня зацьвердзіла плян дзеяньняў на пэрыяд падрыхтоўкі да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Абавязкі за выкананьне пляну ўзялі на сябе кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў беларускай, партыі Працы, партыі “Надзея” ды каардынатар абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.

Паводле Аляксандра Каралёва, кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі партыі Працы, плян прадугледжвае тры кірункі дзейнасьці – інфармацыйны, юрыдычны ды навучальны.

Сярод асноўных мерапрыемстваў Аляксандар Каралёў назваў збор подпісаў за правядзеньне сёньняшнімі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў справаздачаў па сваёй дзейнасьці, а таксама фармаваньне перадвыбарчых камандаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

“Прыярытэтнымі задачамі вылучаныя выданьне інфармацыйных бюлетэняў ды навучаньне патэнцыйных кандыдатаў выбарчым піяр-тэхналёгіям”, зазначыў Аляксандар Каралёў.

На каардынацыйнай радзе партыйцы пастанавілі, што на пачатку 2008 году яны правядуць круглы стол, за якім падвядуць вынікі сваёй дзейнасьці ў 2007 годзе.

Прадстаўнік БНФ ня ведаў пра паседжаньне

На каардынацыйнай радзе абралі прадстаўніка ў палітраду аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

У рабоце кааардынацыйнай рады акрамя партыйцаў з Магілёва бралі удзел прадстаўнікі партыйных і грамадзкіх супольнасьцяў з Магілёўскага, Былыніцкага, Бабруйскага, Шклоўскага, Горацкага ды Хоцімскага раёну.

На сёньняшнім паседжаньні каардынацыйнай рады не было старшыні рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Спадар Кастусёў паведаміў “Свабодзе”, што ня ведаў пра сёньняшняе паседжаньне, а калі б ведаў, абавязкова прыйшоў бы.

• Дэмакраты Магілёўшчыны застаюцца ў нязгодзе, 20.09.2007
XS
SM
MD
LG