Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канец цытаты: 17.11.2007 – 23.11.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Кіраўнікі фронтаўскіх структураў не павінны залежаць ад няфронтаўскіх цэнтраў прыняцьця рашэньняў. Бяз фронту немагчыма рэалізаваць аніводзін тактычны сцэнар. Фэномэн Мілінкевіча бяз фронтаўскай падтрымкі быў бы немагчымы. Фронт моцны ідэяй і пасьлядоўнай дзейнасьцю”.

Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ – з выступу на сходзе па выбары дэлегатаў на зьезд партыі.

“Мы – шчырыя прыхільнікі нашага прэзыдэнта, яго палітыкі. І натуральна, жаданьне падтрымаць прэзыдэнта, дапамагчы ў рэалізацыі яго плянаў і задач – гэта наш абавязак”.

Аляксандар Радзькоў, міністар адукацыі, абраны старшынём грамадзкага аб''яднаньня «Белая Русь» – з выступу на ўстаноўчым зьезьдзе аб''яднаньня.

“Белая Русь” – гэта пакуль што праект “пра запас”, “на ўсялякі выпадак”, і сама ўлада пакуль ня ведае, што з гэтага атрымаецца. Бо калі гэта будзе такі “БРСМ для дарослых”, яшчэ адзін нахлебнік, – то наўрад ці гэты праект чакае нейкая лёсавызначальная місія, яго папросту празь нейкі час адсунуць на трэці плян і забудуцца”.

Аляксандар Старыкевіч, рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць»а – у перадачы «Экспэртыза Свабоды».

“Днямі кароль Гішпаніі Хуан Карлас годна адказаў Уга Чавэсу на міжнароднай канфэрэнцыі, параіўшы вэнэсуэльскаму прэзыдэнту памаўчаць. Кароль паказаў, як трэба размаўляць з дыктатарамі”.

Віталь Портнікаў, палітычны аналітык – у перадачы «Праскі акцэнт»

“Каракас, не паўтары памылак Горадні!”

Загаловак у гарадзенскай газэце “Ведамасьці” да публікацыі пра тое, што беларускія рэстаўратары будуць удзельнічаць у аднаўленьні гістарычнага цэнтру сталіцы Вэнэсуэлы.

"Курс Пуціна і партыі "Единая Россия" аб''яднаў усіх расейцаў сёньня. Рэйтынг Уладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна і партыі "Единая Россия" на плянеце самы вышэйшы, усенародны. Ісус Хрыстос і Божая Маці з Расеяй Уладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна – назаўжды".

Удзельнік форуму “За Пуціна” – у інтэрвію “Свабодзе”

“Падвучыліся ў заходніх экспэртаў, патрэніраваліся на суседніх краінах – зараз у Расеі хочуць зрабіць тое самае”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – пра сваіх апанэнтаў.

“На інфармацыі на беларускай мове, лічу, зарабляць ня тое што нельга, але пакуль – грэх”.

Алесь Ліпай, кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН – падчас он-лайн канфэрэнцыі на сайце “Свабоды”.

“Папрасілі нас падысьці, мы падумалі і вырашылі схадзіць. Усё-ткі лепш схадзіць, чым не схадзіць. Таму што была праблема з канцэртамі, сапраўды, і ёсьць. Я ня выключаю, што, можа, нічога і ня зьмяніцца.... Насамрэч, ніхто ніякіх абяцанак не даваў, краіну ніхто не прадаваў”.

Лявон Вольскі, лідэр рок-гурту “NRM” – пра сустрэчу кіраўнікоў рок-гуртоў з загадчыкам кіраўніком ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім.

“Дыялёг коткі з мышкай”.

Кася Камоцкая, салістка гурту “Новае неба” – пра сустрэчу кіраўнікоў рок-гуртоў з кіраўніком ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім.
XS
SM
MD
LG