Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Школа МВА: робім разумных багатымі


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Як разьвіваецца новае пакаленьне бізнэсоўцаў у нашай краіне? Што ёсьць больш плённым у беларускіх умовах – практыка, досьвед, ці – тэорыя, выпрабаваная на практыцы? Тэорыя, прадуманая і вывучаная на Захадзе? Ці разьвіваецца ў Беларусі рынак бізнэс-адукацыі?

“Робім разумных – багатымі”

“Робім разумных багатымі”, – абяцала колькі год таму Міжнародная школа бізнэсу MBA БДУ у сваіх рэклямных улётках. Адпавядае гэты абяцанак рэчаіснасьці альбо гэта толькі мэтафара? Выпускніца школы МВА Ірына Тарасік – сёньня дырэктарка менскага прадпрыемства “Макрапрінт”. Паводле Ірыны, два гады заняткаў у бізнэс-школе далі ёй вельмі дакладнае разуменьне бізнэсу як зьявы практычнай і зьменлівай.

Тарасік: “Прыходзяць кліенты зь іншых бізнэсаў – але я дакладна разумею іх патрэбы, таму што разумею бізнэс наагул, ня толькі сваю сфэру... І гэта цікава, страшна цікава...”

Важнай акалічнасьцю Ірына называе таксама чалавечы фактар стасункаў у школе.

Тарасік: “Напачатку ў нас была самапрэзэнтацыя – хто зь якіх прычынаў вырашыў прыйсьці ў МВА. А напрыканцы – адпаведнае падвядзеньне вынікаў. Дык вось мы спрабавалі адказаць на пытаньне: што галоўнае там атрымалі? Натуральна, на 80 адсоткаў – гэта стасункі. Стасункі зь вельмі цікавымі людзьмі, пасьпяховымі, якіх я лічу папросту лідэрамі бізнэсу ў Беларусі. І гэта досьвед наш, айчынны, – вось што важна”.

Галоўнае – арыентавацца ў рэаліях

Школа МВА узьнікла ў 1996 годзе як праграма па эканоміцы і мэнэджмэнце тэхналёгіяў сумесна з амэрыканскім Інстытутам эканомікі Калярада. У 1999 годзе праграма мадэрнізавалася і стала адпавядаць міжнародным стандартам бізнэс-адукацыі. Спачатку вучнямі школы былі найперш тыя, хто імкнуўся працаваць за мяжой. Каля 80% першых чатырох выпускаў школы сёньня працуюць у 12 замежных краінах сьвету. Аднак цяперашнія навучэнцы школы МВА БДУ арыентаваныя на працу менавіта ў Беларусі. Распавядае экс-дырэктарка і выкладчык праграмы МВА БДУ Ірына Мамонава:

Мамонава: “Адпаведна мы зьмянілі праграму, каб даваць больш ведаў, якія прызначаныя для працы ў нашым бізнэсе. У нас зьмяніўся склад выкладчыкаў. Калі раней гэта былі людзі, якія атрымалі заходнюю адукацыю і несьлі веды менавіта аб заходніх прынцыпах, то цяпер гэта людзі, якія дакладна ведаюць, што такое бізнэс у Беларусі – ці яны самі маюць уласны бізнэс і валодаюць досьведам у гэтай галіне, ці гэта досьвед бізнэс-кансультаваньня...”

Інвэстыцыі ў сябе

Прыкладны партрэт студэнта МВА БДУ гэткі: у сярэднім каля 30 гадоў, лідэрскія рысы характару, наяўнасьць здаровых амбіцыяў. Гэта людзі, якія імкнуцца дасягнуць большага і лічаць патрэбным інвэставаць ва ўласнае разьвіцьцё. А інвэстыцыі выглядаюць на сур’ёзныя – кошт двухгадовай праграмы у залежнасьці ад мовы навучаньня складае ад пяці да пяці з паловай тысяч умоўных адзінак.

Мамонава: “Большая частка – прыкладна 90% – плацяць за сябе самі, і гэта інвэстыцыі ў сябе. Пакуль у нас няшмат кампаній, якія гатовы інвэставаць настолькі сур’ёзна ў сваіх супрацоўнікаў”.

“Ва Ўкраіне ды Расеі МВА – адно з патрабаваньняў да топ-мэнэджэраў...”

На думку эканаміста Ірыны Ракавай, разуменьне важнасьці адмысловай бізнэс-адукацыі ў Беларусі – наперадзе. Паводле апошніх досьледаў, МВА-адукацыю маюць каля 8% супрацоўнікаў беларускага бізнэсу.

Ракава: “Ва Ўкраіне, Расеі МВА ужо заняў годнае месца. Гэта адукацыя ёсьць адным з патрабаваньняў для топ-мэнэджэраў. А ў нас бізнэс сярэдні, нават дробны – таму МВА патрабуць толькі ў буйных, замежных кампаніях. Гэта й тлумачыць такія нізкія лічбы”.

Прафэсіяналізм сёньня – адзін з чыньнікаў посьпеху ў бізнэсе

Але, адзначае эканаміст, ёсьць відавочны рост цікавасьці кіраўнікоў да менш дарагіх сродкаў падвышэньня бізнэс-адукацыі сярэдняга зьвяна – трэнінгаў, сэмінараў, стажыровак.

Ракава: “Самі прадпрымальнікі, кіраўнікі надаюць шмат увагі адукацыі сярэдняга зьвяна мэнэджэраў і супрацоўнікаў. Каманда, наяўнасьць прафэсійнага роўню супрацоўнікаў сёньня – адзін з важных фактараў посьпеху. Гэта важней за ўменьне нешта вырабляць добра і нешта добра прадаваць. Траціна беларускіх фірмаў кажа, паводле досьледу, што навучала, навучае і будзе навучаць пэрсанал”.

Пра цікавасьць да бізнэс-адукацыі кажуць і ў МВА БДУ. 10 год таму набор складаў 15-20 чалавек – гэта адна група. А сёлета жадаючых навучыцца бізнэс-тэхналёгіям было каля сотні.
XS
SM
MD
LG