Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Акадэміі Навук “скрыжавалі” Купалу і Коласа


Радыё Свабода Прэзыдыюм Нацыянальнай Акадэміі навук (НАН) выдаў пастанову аб “рэарганізацыі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН”. У дакумэнце за подпісам старшыні прэзыдыюму НАН Міхаіла Мясьніковіча паведамляецца: па ўзгадненьні зь міністэрствам фінансаў, міністэрствам эканомікі і Дзяржаўным камітэтам маёмасьці рэарганізаваны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН праз далучэньня да яго дзяржаўнай навуковай установы Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі.

Колішнія акадэмічныя інстытуты цяпер будуць мець агульную назву – “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы”. Базавым пры гэтым будзе Інстытут мовазнаўства, а ў бюро Прэзыдыюму бліжэйшым часам мусяць быць пададзеныя зьмены і дадаткі ў новы Статут навуковай установы.

У Прэзыдыюме Нацыянальнай Акадэміі навук увечары ў пятніцу не ўдалося атрымаць камэнтар адносна мэтазгоднасьці захадаў на аб’яднаньне Інстытуту мовазнаўства з Інстытутам літаратуры НАН.

Супрацоўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы, доктар філялягічных навук Іван Саверчанка паведаміў, што ўжо адправіў ліст да віцэ-прэм’ера Касінца і перакананы, што Інстытуту літаратуры – жыць:

“Праходзіць час, і думаю – а можа, і не шкодзіць нам часам сказаць: “Таварышы, а ведаеце? Вы не патрэбныя”. І тады мы пачынаем думаць: сапраўды, а якую сацыяльную функцыю мы выконваем? Чаму вось, скажам, людзі на заводзе павінны гарбаціцца, а мы вось нібыта дармаеды? Тады я пачынаю сабе адказваць: а няўжо мы не выконваем важнейшыя сацыяльныя функцыі ў грамадзтве? Няўжо не пашыраем духоўнасьць у краіне? Мы ж працуем на сыстэму адукацыі, на асьвету, на культуру. Не сябе хвалю, няхай гэта на адрас маіх калег. Мы вельмі самааддана працуем на пашырэньне гуманізму ў нашай краіне і духоўнасьці.

А калі няма духоўнасьці – тады пануе бездухоўнасьць, пануе крымінал, беззаконьне. Гэта незаўважна, як паветра: калі паветра ёсьць, людзі яго не заўважаюць. А вось уявіце, што яго, паветра, няма. Людзі пачнуць задыхацца.

Вось такая ж самая сытуацыя і зь літаратуразнаўствам, гуманітарнай навукай. Калі яна ёсьць, людзі жывуць, гуманітарныя веды выконваюць сваю ролю, і людзі не заўважаюць гэтага. А ўявіце сабе, што гэта зьнікне? Думаю, гэта будзе істотны ўдар па самаадчуваньні грамадзтва. Натуральна, можна жыць бяз пальцаў. Але ж гэта будзе непаўнавартаснае жыцьцё. Можна жыць і бяз рукі. Можна жыць і без гістарычнай навукі, безь літаратуразнаўства... Але гэта таксама будзе непаўнавартаснае жыцьцё грамадзтва”.

Старшыня Прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч загадаў забясьпечыць працаўладкаваньне супрацоўнікаў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы “у адпаведнасьці з заканадаўствам”. Выканаўцу абавязкаў дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Валерыю Максімовічу даручана стварыць інвэнтарную камісію дзеля “сыстэматызацыі матэрыяльных і фінансавых актываў”.

У АН Беларусі ліквідаваны Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, 23.11.2007
XS
SM
MD
LG